Понедельник, 4 ноября 2024

З любоўю і адданасцю працуюць на жніве ў «Жураўліным» сямейныя экіпажы

505

Не скажу, што часта, але можна яшчэ пачуць у нашым грамадстве выказванні аб раздзяленні работы на мужчынскую і жаночую, нават калі размова ідзе пра сям’ю. Але ж разам усё робіцца весялей і хутчэй, ды і слушныя парады можна даць адзін аднаму. А яшчэ дзеці… З каго ж яны бяруць прыклад, як не з бацькоў?! Хто, як не мама з татам, акрэсляць жыццёвую ісціну: у жыцці нічога так проста не даецца, для дасягнення мэты давядзецца папрацаваць, і пры гэтым шчыра і аддана. Прыкладам суладдзя ў рабоце могуць паслужыць сямейныя экіпажы камбайнераў, якія падчас сёлетняга жніва шчыруюць на палетках ААТ «Жураўлінае».

Сям’я Віктара і Анастасіі Чопкаў з аг. Клепачы — у іх ліку (на здымку).

Віктар Анатольевіч і Анастасія Юр’еўна Чопкі першы раз удзельнічаюць на ўборцы сямейным дуэтам, для жанчыны — гэта наогул першае жніво, так сказаць, баявое хрышчэнне. Але хвалявацца Анастасіі не давялося: яе муж ужо мае вопыт — шосты год напаўняе скарбніцу сельгаставарыства залацістым зернем і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу жонцы, якая, дарэчы, выконвае абавязкі камбайнера. Вынік — праца зладжаная, без спрэчак. Такая работа патрабуе засяроджанасці і ўзаемаразумення, а апошняга за гады сумеснага жыцця ў сям’і Чопкаў больш чым дастаткова. І кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай сямейнага экіпажа.

Па-за межамі ўборкі Віктар працуе ў ААТ «Жураўлінае» трактарыстам-машыністам, а Анастасія — побач з мужам загадчыцай нафтасклада. У сям’і падрастае дачушка Аляксандра. Значыць, ёсць каму паказваць прыклад у працы. І хто ведае, можа, праз некаторы час яна зменіць сваю матулю на жніве і разам з бацькам будзе плысці на камбайне па жніўным палетку?

Побач з сям’ёй Чопкаў задзейнічаны на жніве і сямейны экіпаж у складзе старшага камбайнера Юрыя Неміровіча і камбайнера Кацярыны Бусько. Для Юрыя Віктаравіча гэта ўжо сёмае жніво, непасрэдна кіруе камбайнам падчас уборкі ён ужо чацвёрты год.

Упершыню набрацца вопыту ў айчыма вырашыла і Кацярына. Прыемна бачыць, што маладыя людзі не цураюцца працы, якая спрадвеку была цяжкай, але заўсёды запатрабаванай. Тым больш што дзяўчына навучаецца ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы па спецыяльнасці «Аграномія». А гэта ж цудоўная магчымасць ужо цяпер убачыць, чым будзеш займацца пасля заканчэння навучальнай установы, якія складанасці, магчыма, чакаюць наперадзе і на што звяртаць першачарговую ўвагу. Іншымі словамі, працуючы на жніве, Кацярына Бусько атрымлівае двайную карысць. Дарэчы, на мінулым тыдні гэты экіпаж віншавалі з 1000 тон намалоту ў сельгаставарыстве.

Вось і выходзіць, што падтрымліваць адзін аднаго можна не толькі ў межах сваёй сям’і, але і падчас выканання сумеснай работы, напрыклад жніва. Галоўнае, каб панавалі згода, цярпенне і жаданне заўсёды быць патрэбнымі сваім блізкім і родным.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі