Четверг, 19 июня 2025

З любоўю да родных Пружан: прафсаюзная акцыя прайшла ў Дзень горада (+фота)

578

«Родны мой горад, любоў мая» — на мінулым тыдні ў Пружанах прайшла прафсаюзная акцыя пад такой назвай. Удзел у ёй прынялі прафсаюзныя актывісты з розных арганізацый і прадпрыемстваў нашага горада.

Пачалося мерапрыемства з экскурсіі па горадзе, якую правяла малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Наталля Дзмітрыева. Удзельнікі акцыі наведалі і помнік «Спаленым вёскам», да якога ўсклалі кветкі, тым самым ушанаваўшы памяць людзей, якія аддалі сваё жыццё за наша мірнае неба.

Мерапрыемства працягнулася ў сценах музея-сядзібы «Пружанскі палацык». Экскурсію па гэтым гістарычным месцы правёў малодшы навуковы супрацоўнік Дзмітрый Шульга.

Потым прафсаюзныя актывісты прадэманстравалі веданне гісторыі роднага краю ў квіз-гульні. Удзел у ёй прынялі каманды гарадскога Палаца культуры, КУВП «Камунальнік», малочнага камбіната, цэнтральнай раённай бальніцы і райвыканкама. Тут усім давялося паварушыць мазгамі, але кожная з каманд выдатна справілася з заданнямі. Вынікі гульні падвяла старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якая адзначыла, што на гэты раз у турніры няма пераможцаў і тых, хто прайграў. Кожная каманда атрымала ў падарунак невялікую драўляную карту нашай любімай краіны.

— Вялікую часцінку сябе вы аддаяце рабоце, дзе з’яўляецеся сапраўднымі прафесіяналамі, у гэтым я пераканана. Але ўсе, хто сабраўся тут, таксама з’яўляюцца людзьмі з актыўнай жыццёвай і грама-дзянскай пазіцыяй. Вы заўсёды прымаеце ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіць раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Таму я хачу сказаць вам вялікі дзякуй. Кожны з вас асабліва каштоўны асабіста для мяне і нашага аб’яднання ў цэлым, — адзначыла Таццяна Юр’еўна.

У канцы мерапрыемства дыпломам Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў была адзначана кіраўнік узорнай кантакт-студыі «Teens-фармат» Анастасія Ціхановіч, якая пастаянна аказвае садзейнічанне ў правядзенні розных мерапрыемстваў. За работу па забеспячэнні працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, а таксама ў сувязі з асабістым юбілеем граматай адзначылі старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КУВП «Камунальнік» Людмілу Мазюк.

Руслан Басак.

Фота аўтара

Больш фотаздымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_303427129 і https://ok.ru/budni/album/981163807112