Традыцыйна ў першую нядзелю снежня адзначаецца Дзень юрыста. Гэта прафесія запатрабавана ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Яе прадстаўнікі адказваюць за прававы бок дзейнасці розных арганізацый, рыхтуюць дакументы з улікам нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнай сферы дзейнасці. Але больш універсальнай падрыхтоўкай вызначаюцца служачыя судовай сістэмы, асноўная задача якіх заключаецца ў кантролі законнасці і справядлівасці па ўсіх накірунках нашага жыцця.
Гісторыя суда Пружанскага раёна, непарыўна звязаная з працэсамі фарміравання і ўдасканалення ўсёй судовай сістэмы, пачынаецца з 1939 года са стварэння ўпраўлення Народнага камісарыята юстыцыі пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў. Яна ў поўнай меры насычана тымі суровымі і драматычнымі падзеямі, што перажывала наша краіна.
Згодна з зацверджанай дыслакацыяй, на Пружаншчыне функцыянавалі два Пружанскія ўчасткі народных судоў, а таксама па адным — у Ружанах і Шарашове. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны суды спынілі сваю работу, якая была адноўлена пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сёння нацыянальныя суды працуюць ва ўмовах суверэннай краіны, сочаць за захаваннем як дзяржаўных інтарэсаў, так і правоў і свабод яе грамадзян. З нагоды прафесійнага свята мы пагаварылі пра асаблівасці гэтай дзейнасці са старшынёй раённага суда Вадзімам Мазалём.
— Вадзім Іванавіч, як развіваецца беларуская судовая сістэма ў цяперашні час менавіта з улікам тых выклікаў, што паўстаюць перад нашым грамадствам?
— У адпаведнасці з прынятым Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.01.1995 №3514-ХП «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», народны суд Пружанскага раёна быў пераўтвораны ў раённы суд.
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.11.2013 № 6 «Аб удасканаленні судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь» аб’яднаны Вярхоўны Суд і Вышэйшы Гаспадарчы Суд і ўтвораны адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах — Вярхоўны Суд, які ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі Рэспублікі Беларусь.
Гэта дазволіла выйсці на больш высокі прафесійны ўзровень у разглядзе спраў. Дазваляе ўдасканаліць працу судоў агульнай юрысдыкцыі і сфарміраваць адзіную практыку пры разглядзе спраў.
Рэфармаванне судовай сістэмы, у выніку якога прыняцце рашэнняў судом становіцца ўсё больш празрыстым, адбываецца і сёння, вядуцца гуказапісы працэсаў, іх удзельнікі дапытваюцца пры дапамозе відэаканферэнцсувязі. Вядзецца распрацоўка адзінага працэсуальнага кодэкса.
Сёння апарат суда забяспечвае работу ўстановы па ажыццяўленні правасуддзя, абагульненні судовай практыкі, аналізе статыстыкі, выкананні іншых функцый.
Як правіла, на службу прымаюцца толькі асобы з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй. Што дазваляе ў наступным прафесійна расці па кар’ернай лесвіцы. Сёння ў раённым судзе служаць трое суддзяў — А.У.Бальшакова, І.А.Жытко на чале са старшынёй у маёй асобе. Усяго ж у нас працуе 15 чалавек, якія займаюцца падрыхтоўкай да працэсаў, вядуць дакументацыйную работу і іншыя справы.
— Вы адзначылі вядзенне статыстыкі. У чым яе характэрныя асаблівасці ў цяперашні час?
— У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці разглядаемых спраў. Але гэта не сведчыць, што пружанцы сталі дапускаць больш парушэнняў або ўчыняць злачынстваў. Суд усё больш прымае на сябе рэгулятарскую функцыю, вырашаючы розныя спрэчныя пытанні ў паўсядзённым жыцці або эканамічных зносінах паміж людзьмі. Усяго ж з пачатку бягучага года ў вытворчасці знаходзілася 564 грамадзянскія справы, 181 крымінальная і 416 адміністрацыйных спраў.
Яшчэ адна характэрная асаблівасць — прафілактыка, якой таксама павінны зараз займацца суддзі. Зразумела, што прадстаўнікі нашай службы выступаюць у калектывах з тлумачэннем заканадаўчых нормаў, аднак ёсць і іншыя меры ўздзеяння. Напрыклад, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, а таксама прававая асвета грамадзян могуць весціся на негатыўных прыкладах іншых — калег, суседзяў, знаёмых. У прыватнасці, праз удзел у выязных судовых пасяджэннях. У бягучым годзе на такіх выездах было разгледжана чатыры крымінальныя справы, 24 грамадзянскія і 18 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Таксама па выніках разгляду вынесена чатыры прыватныя пастановы і накіравана адно пісьмо па крымінальных справах за парушэнне правоў і свабод грамадзян, а таксама за парушэнне закона, дапушчанае пры правядзенні дазнання і папярэдняга следства ў адрас юрыдычных асоб і дзяржаўных органаў.
Па грамадзянскіх справах вынесена сем прыватных вызначэнняў і адно пісьмо накіравана ў адрас службовых і юрыдычных асоб за парушэнне заканадаўства і істотныя недахопы ў дзейнасці юрыдычных асоб.
— З нагоды прафесійнага свята што Вы пажадаеце супрацоўнікам раённага суда?
— Сёння ў судзе раёна працуюць сапраўдныя прафесіяналы — людзі, адданыя сваёй справе, якія прысвяцілі сябе служэнню дзяржаве, праву, грамадству. Таму выказваю шчырую падзяку ўсім калегам за іх высакародную працу. Разам з тым, хачу выказаць асаблівую павагу ў дачыненні да ветэранаў нашай службы, якія заклалі трывалы падмурак і стварылі сваёй дзейнасцю яскравы прыклад правільнага служэння законнасці.
Таксама віншую народных засядацеляў суда і ўсіх юрыстаў Пружанскага раёна.
Жадаю ўсім поспехаў у жыцці і на працы, дабрабыту, творчага натхнення, мэтанакіраванасці і адданасці справе служэнню Закону.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча