Суббота, 23 сентября 2023

З днём ведаў! Фотарэпартаж з Хараўской СШ

1 302

Урачыстыя лінейкі з нагоды Дня ведаў учора прайшлі па ўсёй Пружаншчыне. Шматлюдна было і ў Хараўской СШ. Тут на лінейцы пабывалі старшыня Пружанскага райвыканкама Юрый Бісун і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз.

Віншаванняў з новым навучальным годам, без перабольшвання, было шмат, і адрасаваліся яны ўсім прысутным: і настаўнікам, і дзецям, і іх бацькам. Асноўная ўвага, вядома, была школьнікам, якім жадалі добрых адзнак, трывалых ведаў, быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Юрый Юр’евіч, выступаючы перад прысутнымі, таксама далучыўся да віншаванняў і звярнуўся да кожнага, заклікаючы прытрымлівацца задач, якія перад імі стаяць.

«Спрадвеку так павялося, што педагогі павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае, бацькі — старацца выхаваць годнае пакаленне, — зазначыў Юрый Бісун. — А школа павінна заставацца скарбніцай ведаў, і ні ў якім разе не месцам для высвятлення палітычных амбіцый».

Як водзіцца, госці прыехалі не з пустымі рукамі: школа атрымала каштоўныя падарункі — тэлевізар і камп’ютар, якія вельмі дарэчы папоўнілі матэрыяльна-тэхнічную базу сельскай школы. Павіншавалі вучняў і настаўнікаў таксама старшыня Хараўскога сельвыканкама Алёна Пстыга і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Айчына» Валянціна Жук.

Першакласнікі, якіх, дарэчы, сёлета ў Хараўской СШ 11 чалавек, атрымалі традыцыйны падарунак ад Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі — кніжку «Беларусь — наша Радзіма». Ганаровае права іх уручыць атрымалі Ю.Ю.Бісун і А.Р.Пстыга.

У тым, што адміністрацыя школы працуе ў правільным накірунку, не даводзіцца сумнявацца. Невыпадкова дырэктар Хараўской СШ Н.М.Сідарук была адзначана падчас лінейкі Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама.

Вершы, песні — лінейка праходзіла па традыцыйным сцэнарыі, у цёплай абстаноўцы. Яе лагічным завяршэннем стаў першы ў гэтым навучальным годзе званок, права даць які атрымалі адзінаццацікласніца Алёна Якута і першакласнік Мацвей Карпыза.

Неўзабаве школьнікі разышліся па класах, каб прыступіць да асваення новых ведаў.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).