У Дзень ведаў, які традыцыйна адзначаўся 1 верасня, ва ўсіх школах Пружанскага раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі.
Прасторны школьны двор СШ №1 імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі ў гэты дзень быў поўны людзей. Тут сабраліся вучні і іх бацькі на ўрачыстую лінейку.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0474_0167.jpg)
У госці да калектыву школы і вучняў, якіх сёлета ў СШ № 1 налічваецца 748, з іх 76 — першакласнікі, прыехалі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз, настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма айцец Ігар, начальнік РАУС Ігар Амельянчук і іншыя.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0437_0129.jpg)
Дырэктар школы Святлана Станкевіч, звярнуўшыся з прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей свята, уручыла дыпломы і граматы пераможцам розных алімпіяд і конкурсаў, а Міхаіл Грышкевіч падарыў школе тэлевізар.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0610_0302.jpg)
Гучалі вершы ад першаклашак і наказы ім ад будучых выпускнікоў, а таксама песні. Фінішную кропку ўрачыстай лінейкі паставіў залівісты школьны званок.
Па інфармацыі аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама, у Дзень ведаў за школьныя парты Пружанскага раёна сеў 4801 школьнік.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0366_0058.jpg)
Упершыню школьны парог пераступілі 444 першаклашкі. Будучых выпускнікоў, адзінаццацікласнікаў, на пачатак новага навучальнага года — 246, дзевяцікласнікаў — 477 вучняў.
Дзіцячыя садкі Пружанскага раёна па стане на 1 верасня наведвае 1417 дашкольнікаў.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0371_0063.jpg)
Акрамя ўжо вядомых педагагічных і аграрных класаў, якія трывала зарэкамендавалі сябе, у першай і трэцяй гарадскіх школах адкрыліся інжынерныя. У СШ № 5 г. Пружаны з’явіўся ваенна-патрыятычны клас.
З яшчэ большым задавальненнем будуць наведваць урокі інфарматыкі вучні СШ № 4: для гэтай школы закуплены новы камп’ютарны клас з 10 камп’ютарамі. Да таго ж камп’ютарная тэхніка перададзена Ружанскаму шматпрофільнаму цэнтру па рабоце з дзецьмі і моладдзю і сацыяльна-педагагічнаму цэнтру Пружанскага раёна, што ў пас. Сонечным.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2023/09/20230901_IMG_0564_0256.jpg)
У сенсорны пакой цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Пружанскага раёна закуплены спецыяльны праектар.
Віктар Ільюшчанка, Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Многа фота з лінейкі: https://vk.com/album-23306785_296039293 і https://ok.ru/budni/album/967035557768