Четверг, 17 апреля 2025

З Днём страхавых работнікаў! Інтэрв’ю з начальнікам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пружанскім раёне Ірынай Рапейка

481

Так супала, што сёння Белдзяржстрах адначасова адзначае і свой 101-ы дзень нараджэння. Здаецца, салідны ўзрост, які прымушае задумацца пра спакой. Аднак Белдзяржстрах упэўнена ўтрымлівае лідарства на айчынным рынку страхавых паслуг, з’яўляючыся ўніверсальнай страхавой арганізацыяй і прапануючы самы шырокі спектр відаў страхавання для фізічных і юрыдычных асоб. Гэта, а таксама важкі эканамічны патэнцыял, што дазваляе Белдзяржстраху страхаваць на вялікія сумы ў спалучэнні з сістэмай назапашвання скідак, робіць арганізацыю запатрабаванай.

Хаця, на думку дырэктара прадстаўніцтва па Пружанскім раёне Ірыны Рапейка, ёсць яшчэ адзін сакрэт падобнай папулярнасці:

— Справа ў тым, што наша страхавая арганізацыя сапраўды ідзе ў нагу з часам, задавальняючы патрэбнасці грамадства ў бяспецы,— сцвярджае Ірына Уладзіміраўна. — У любых жыццёвых сітуацыях Белдзяржстрах гатовы прапанаваць усялякую падтрымку. І вельмі важна, што кожны грамадзянін нашай краіны ўпэўнены ў прапануемай «падстрахоўцы» ад усялякіх магчымых непрыемнасцей.

Мае словы — не проста рэклама, пацвярджэннем такой высновы з’яўляецца тое, што Белдзяржстрах сёння прапануе 69 відаў добраахвотнага страхавання і 11 відаў абавязковага. Ключавое слова тут «прапануем», дзякуючы чаму доля добраахвотнага страхавання ў агульным аб’ёме ўзносаў штогод узрастае, сёння яна складае 53%. З пачатку года ў Пружанскім раёне застрахавана каля 9600 будынкаў, 6420 аб’ектаў хатняй маёмасці, 3040 кватэр, больш за 15206 адзінак транспарту. Таксама 9463 чалавекі аформілі страхоўку ад няшчасных выпадкаў і захворванняў, 2680 — па страхаванні медыцынскіх выдаткаў. Тым, хто своечасова паклапаціўся пра страхавую падтрымку, выплачана больш за 2 мільёны рублёў.

Яшчэ дадам, што наш сельскагаспадарчы раён патрабуе асаблівага акцэнту на страхаванне маёмасных інтарэсаў аграпрамысловых юрыдычных асоб. На сёння страхаваннем ахоплены 98% сельгасарганізацый усіх форм уласнасці. Не застаюцца па-за нашай увагай і іншыя суб’екты гаспадарання — перапрацоўчыя прадпрыемствы, транспарт, гандаль, будаўніцтва і іншыя.

Каманда прафесіяналаў аддзела страхавання ў складзе вядучага спецыяліста Рамана Цябука, ацэншчыка транспартных сродкаў Канстанціна Краўчука, вядучага спецыяліста Вольгі Вакульскай, начальніка аддзела Іны Пекач, спецыяліста ІІІ катэгорыі Ігара Лебедзя і вядучага спецыяліста Дзмітрыя Юзяфовіча.

— Багаты асартымент паслуг патрабуе і стварэння лёгкага доступу да іх. Гэта вельмі актуальна для Пружаншчыны, дзе адлегласць ад райцэнтра да некаторых населеных пунктаў больш за паўсотню кіламетраў. Ці не застаюцца іх жыхары «забытымі»?

— Калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Пружанскім раёне налічвае сёння 34 чалавекі, у тым ліку 17 страхавых агентаў. За рэдкім выключэннем усе яны «палявыя работнікі», якія непасрэдна сустракаюцца з грамадзянамі. Для зручнасці людзей маем і сетку каналаў продажаў і страхавых пасрэднікаў па ўсёй рэспубліцы, супрацоўнічаючы з банкамі, поштай і іншымі арганізацыямі. А яшчэ актыўна асвойваем віртуальную прастору: на сайце Белдзяржстраха створаны «Асабісты кабінет страхавальніка», дзе можна скарыстацца паслугамі кансультацыйнага характару, заключыць дамову ў электронным выглядзе, пакінуць электронную заяўку на паслугу, аформіць анлайн-заяву ад аўтамабілістаў і тых, хто жадае атрымаць кампенсацыю медыцынскіх выдаткаў.

Пра выгаду паслуг страхавання падрабязна раскажуць страхавыя агенты Марына Клімянкова, Марына Шыркавец і Галіна Чатырбок.

— Ірына Уладзіміраўна, падзяліцеся, якія віды страхавання зараз самыя папулярныя ў пружанцаў.

— Адна з найбольш запатрабаваных прапаноў ад Белдзяржстраху — комплекснае страхаванне кватэр, якое ўключае адразу тры віды страхоўкі: самой кватэры (элементаў яе аддзелкі), хатняй маёмасці і грамадзянскай адказнасці ўладальніка за магчымы ўрон суседзям.

Набывае папулярнасць добраахвотнае страхаванне медыцынскіх выдаткаў, накіраванае на павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, дзе страхавая кампанія выступае пасрэднікам паміж застрахаванай асобай і ўстановай аховы здароўя.

Захоўвае актуальнасць добраахвотнае страхаванне партатыўных прылад, якімі на сённяшні дзень карыстаюцца практычна ўсе. А яшчэ ёсць і новыя прапановы 2022 года — добраахвотнае страхаванне сучасных рызык для карыстальнікаў плацёжнымі карткамі.

Як бачыце, на сённяшні дзень застрахавацца можна практычна ад любой непрыемнасці.

Карыстаючыся момантам, віншую сваіх калег з прафесійным святам, шчыра жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту. І дзякую пружанцам за давер і прызнанне. Толькі разам мы зможам дабавіць спакою ў наша паўсядзённае жыццё.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота аўтара