Четверг, 16 января 2025

З Днём работнікаў лесу! Напярэдадні прафесійнага свята новы дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка расказаў пра дзейнасць прадпрыемства

478

Крыху больш за два тыдні таму Пружанскі лясгас узначаліў Віктар Карніенка. Пакуль яшчэ невялікі тэрмін на пасадзе дырэктара прадпрыемства нівеліруецца даволі працяглым агульным стажам работы ў гэтай арганізацыі.

У лясгас Віктар Віктаравіч прыйшоў у 2002 годзе. Спачатку працаваў майстрам Міхалінскага лясніцтва, майстрам лесанарыхтоўчай брыгады, інжынерам па ахове працы, а ў апошнія гады кіраваў інжынернай службай арганізацыі. Важкі ў дырэктара і адукацыйны «багаж»: тры дыпломы вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку БНТУ па спецыяльнасці «Лясная гаспадарка» і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Нашу гутарку пра здабыткі прадпрыемства мы пачалі з абмеркавання вынікаў бягучага года.

Дырэктар Пружанскага лясгаса Віктар Карніенка.

— Віктар Віктаравіч, напэўна, 2022-і стаў самым складаным годам у гісторыі лясной гаспадаркі раёна. Посткавідныя абмежаванні дапоўніліся санкцыямі былых партнёраў нашай краіны. Ці ўдаецца знайсці шляхі вырашэння штучна створаных праблем?

— Адзначу, што за папярэднія два дзесяцігоддзі ў вытворчасць арганізацыі было ўкладзена нямала намаганняў: створана трывалая матэрыяльна-тэхнічная база, з’явіліся новыя вытворчыя ўчасткі, дзякуючы чаму пашырыўся і, што таксама важна, паглыбіўся асартымент выпускаемай прадукцыі. Гэта стала своеасаблівым падмуркам, які не даў санкцыям перамагчы Пружанскі лясгас. Пагаджуся, што праблем яны стварылі нямала, але мы маем магчымасці для іх вырашэння. Паступова напрацоўвалі новую лагістыку паставак матэрыялаў дрэваапрацоўкі. І з гонарам адзначу, што наша прадукцыя ўжо мае адпаведны аўтарытэт і карыстаецца попытам. Складаней вырашалася пытанне з пошукам пакупнікоў на пелеты, але на сённяшні дзень ужо маем заказы, і я перакананы, што ў бліжэйшы час будзем актыўна асвойваць новыя рынкі і з гэтай прадукцыяй.

— Адным з накірункаў дзейнасці Пружанскага лясгаса раней было аказанне паслуг паляўнічай гаспадаркі замежным турыстам. Ці не прыйшоў з-за закрытых граніц гэты накірунак дзейнасці прадпрыемства ў заняпад?

— Паляўнічыя — своеасаблівыя экстрэмалы, якіх рознымі, у тым ліку і штучнымі, складанасцямі немагчыма напалохаць. Колькасць жадаючых папаляваць у пружанскіх лясах засталася той жа, а змянілася толькі геаграфія, адкуль прыязджаюць госці. Цяпер сярод іх пераважаюць беларусы, расіяне, хаця ўжо былі і палякі, французы, паступалі запыты і з Германіі. Скажу, што наша паляўнічая база заказана на некалькі выхадных наперад.

— А як з абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы?

— Прызнаюся, што планы былі, а вось рэалізаваць іх у задуманай ступені не атрымалася. Вось толькі мы не адмовіліся ад іх: ажыццяўленне тых задумак прынясе істотную карысць. Напрыклад, мяркуем абсталяваць сушыльны ўчастак, які жыццёва неабходны з улікам іншай лагістыкі. Ён дасць магчымасць высушваць дрўніну, дзякуючы чаму знізяцца выдаткі на грузаперавозкі за кошт павелічэння аб’ёмаў паставак. У дадатак будзем папаўняць машынна-трактарны парк арганізацыі.

— Ці зразумеў калектыў лясгаса аб’ектыўнасць цяжкасцей?

— І гэта самае прыемнае, што зараз магу канстатаваць. За што і дзякую ўсім работнікам ад шчырага сэрца. Самы трывалы касцяк калектыву не здаўся перад складанасцямі, работнікі згуртаваліся і працягвалі аддана працаваць.

Не падвёў калектыў падчас небяспечнага засушлівага перыяду, калі без скаргаў і жальбы людзі кругласутачна дзяжурылі на ахове лесу. Увогуле, усе ведаюць, што напаткаўшыя нас праблемы — часовая з’ява, а наша праца застанецца патрэбнай дзяржаве і варта чакаць лепшыя перспектывы.

Нядаўна на працу да нас прыйшлі тры маладыя спецыялісты. За імі замацаваны вопытныя настаўнікі, падабраць якіх вельмі лёгка: толькі ў бягучым годзе граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі РБ, Брэсцкага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб’яднання, Пружанскага лясгаса адзначана больш за 40 работнікаў.

Карыстаючыся момантам, віншую сваіх калег і нашых ветэранаў з двайным святам. Сёння адзначаецца Дзень народнага адзінства, а заўтра мы будзем святкаваць Дзень работнікаў лесу. Лічу, што гэтыя святочныя даты непарыўна звязаны паміж сабой, бо наш народ і наша прырода — ключавыя багацці Беларусі, якія мы павінны перадаць нашчадкам. Жадаю ўсім нам не губляць энергіі, захоўваць здароўе і бадзёрасць. А таксама адчуваць падтрымку родных і сяброў у такой карыснай справе.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота аўтара