Нездарма энергетыкі адзначаюць сваё прафесійнае свята ў самы кароткі дзень каляндарнага года – 22 снежня. Калі доўга світае і хутка цямнее, усе выдатна ўсведамляюць каштоўнасць электраэнергіі. Вось толькі для забеспячэння нас электрычнасцю энергетыкі працуюць не адзін, а 365 дзён, прафесійна выконваючы свае абавязкі.

Аб выніках і перспектывах работы энергетычнай службы – наша размова з дырэктарам філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандрам Усікам.
– Аляксандр Аляксандравіч, з якімі набыткамі калектыў Пружанскіх электрычных сетак сустракае сваё прафесійнае свята і заканчвае бягучы год?
– Галоўнае, што ўсё запланаванае выканалі, нягледзячы на тое, што задуманага было нямала. У прыватнасці, неабходна было капітальна адрамантаваць 33 км высакавольтных ліній 35-110 кВ і больш за 134 км 10-0,4 кВ. Акрамя таго, у планах была расчыстка амаль 135 гектараў прасек, а ў дадатак – высечка небяспечных дрэваў амаль на 20 га. Пахвалюся, што пастаўленыя задачы выкананы ў поўным аб’ёме.

Паралельна праведзены рамонт электрападстанцыі ў вёсцы Аранчыцы, рэканструяваны сеткі ў вёсках Куплін, Ткачы, Слабудка агульнай працягласцю каля 6 км. Бездакорна працуюць і нашы аб’екты, якія выпрацоўваюць электраэнергію: Пружанская ЦЭЦ выдала каля 15 тысяч кВт.г, а міні-ГЭС «Паперня» – 307 тысяч кВт.г. Адначасова выконвалася падача цеплавой энергіі – 52320 Гкал.
– Ці былі якія-небудзь адметнасці ў сёлетняй рабоце?

– За 2022 год мы планавалі завяршыць праграму мадэрнізацыі прыбораў уліку электраэнергіі ў бытавых абанентаў у рамках рэалізацыі задач па стварэнні АСКУЭ-быт. Цяпер ёю ахоплена 8300 нашых спажыўцоў, якім не трэба візуальна кантраляваць паказанні лічыльнікаў, бо прыборы кантралююцца дыстанцыйна і дадзеныя з АСКУЭ-быт 1 раз на месяц да 5 чысла выгружаюцца ў АРІП.
– Неаднаразова сцвярджалася, што спажыванне электраэнергіі з года ў год павялічваецца. Ці гатовы энергетыкі да павялічаных патрэб абанентаў?
– З пачатку года адпушчана спажыўцам больш за 130 мільёнаў кВт.г электраэнергіі. Трэба адзначыць, што карысны баланс толькі для насельніцтва павялічыўся на 1,2 мільёна кВт.г у параўнанні з папярэднім годам. У прыватнасці, калі ў 2021-м электраацяпленне разам з гарачым водазабеспячэннем наладзілі 173 бытавыя абаненты, то сёлета іх колькасць павялічылася ўдвая – 353 абаненты.

Улічваючы тое, што попыт на зручнасці электраабагрэву ўзрастае так кардынальна, на 2023 год запланавана рэканструкцыя сетак 0,4 кВ у вёсках Ялова, Роўбіцк, Семянча, Стаі, Галасяціна, Алішавічы, Сухопаль, Далкі, Кацёлкі, Ліхасельцы, Росахі, Хідры, Краснік.

Таксама ў наступным годзе плануецца ў лясных масівах раёна выканаць замену амаль 23 км неізаляванага кабелю на больш сучасны. Для рашэння пастаўленых задач ёсць неабходны машынны парк, абсталяванне, набываем і дадатковае, напрыклад, сёлета атрымалі спецыяльны аўтамабіль «Скарпіён»
КАМАЗ-43118 павышанай праходнасці.
– Аляксандр Аляксандравіч, у свята прынята гаварыць пра тых людзей, каго можна лічыць сапраўднымі героямі за ўнесены ўклад у рашэнне задач, якія пастаўлены перад калектывам.
– У філіяле вялікая ўвага надаецца навучанню персаналу. Нашы работнікі павышаюць кваліфікацыю ў вучэбным цэнтры падрыхтоўкі персаналу «Энергетык» РУП «Брэстэнерга», ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь: вучэбным цэнтры РУП «Мінскэнерга», Брэсцкім філіяле Дзяржаўнага інстытута перападрыхтоўкі кадраў «Газінстытут», Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы і іншых. Такім чынам, вочнае і завочнае прафесійнае навучанне з павышэннем кваліфікацыі, перападрыхтоўкай і праходжаннем курсаў мэтавага прызначэння закранула 147 чалавек. А яшчэ да нас штогод прыходзяць маладыя спецыялісты.

У выніку можна смела сцвярджаць, што калектыў філіяла – зладжаны, мае дастатковы прафесійны ўзровень, што пацвярджаюць вынікі работы. За гэта Ганаровай граматай ДВА «Белэнерга» сёлета адзначаны намеснік галоўнага інжынера Аляксандр Макарэвіч, пісьмом падзякі ад рэспубліканскага канцэрна – інжынер 1 катэгорыі Віктар Манцэвіч. Таксама граматамі і пісьмамі падзякі абласнога ўзроўню ўзнагароджаны старшы майстар Ружанскага ўчастка Сяргей Сакута, намеснік начальніка ЦЭЦ Максім Шпарла, майстар Васілій Францэвіч. Мы таксама адзначылі шэраг работнікаў: бухгалтара Ірыну Пулікоўскую, электраслесара Арцёма Топнікава, інжынера-праграміста Андрэя Зайко, трактарыста Аляксандра Дэца, інжынера аддзела збыту Наталію Карунас, электраманцёра Шарашоўскага ўчастка Сяргея Васкаўшчука.

Усім калегам з нагоды прафесійнага свята хачу пажадаць больш цёплых і яркіх будняў, а ў асабістым жыцці няхай не будзе ніякіх непаразуменняў і напружання. Зычу неадольнай жыццёвай энергіі, з дапамогай якой можна вырашыць любыя цяжкасці і перамагчы перашкоды на шляху.
Некалькі шчырых слоў выкажу і ў адрас нашых ветэранаў. Заўтра ў вас, нашы старэйшыя таварышы, сапраўды заслужанае шматгадовай працай прафесійнае свята, з нагоды якога жадаю, каб побач з вамі заўсёды былі блізкія людзі, каб здароўе было моцным, а душа заставалася вечна маладой. Дзякуй за вашу працу! З Днём энергетыка!
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік