5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, ці Дзень эколага. Гэта свята ўсіх, хто па прафесійным абавязку ці патрэбе душы імкнецца захаваць багацці нашай зямлі, чысціню паветра, моц акіянаў. Тых, хто разумее: прыроду трэба не проста любіць на словах, але і берагчы, толькі ў гэтым выпадку яна дасць чалавеку шанец на выжыванне.
З нагоды гэтага свята мы гутарым з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольгай Дрозд.
— Вольга Міхайлаўна, якія асноўныя задачы па ахове навакольнага асяроддзя існуюць у цяперашні час на Пружаншчыне?
— Адным з важных напрамкаў у рабоце нашай інспекцыі цяпер з’яўляецца кантроль за рэалізацыяй мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Не менш адказны накірунак — абыходжанне з адходамі. Праводзіцца работа па арганізацыі збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, недапушчэнні захавання на палігонах цвёрдых камунальных адходаў, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. Адначасова намі праводзіцца мэтанакіраваная работа па павышэнні эфектыўнасці ўліку выкарыстання вады, недапушчэнні забруджвання водных аб’ектаў і падземных вод у выніку парушэнняў гаспадарчай дзейнасці на жывёлагадоўчых аб’ектах. Ажыццяўляем і кантроль у галіне аховы атмасфернага паветра, сочым за выкананнем рэжыму на сабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях, за недапушчэннем незаконнага выдалення аб’ектаў расліннага свету.
Сёлета асаблівая ўвага райінспекцыяй удзяляецца пытанням рэгулявання плошчаў росту інвазіўных раслін, у прыватнасці, сумніка канадскага, праводзяцца кантрольныя мерапрыемствы па выкананні заканадаўства ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб’ектаў. У зоне ўвагі інспекцыі і навядзенне парадку, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, зон адпачынку на водных аб’ектах. Прыцягваем увагу грамадскасці да экалагічных праблем.
— Наша грамадства — гэта экалагічна выхаваныя людзі? Ці ёсць куды імкнуцца?
— Мы імкнёмся прыцягваць увагу грамадскасці да экалагічных праблем. Але не заўсёды знаходзім паразуменне менавіта з-за недасканалага экалагічнага выхавання. А яно павінна пачынацца з самага ранняга ўзросту. Напэўна, усе сутыкаліся з сітуацыяй: мама ідзе з дзіцём, а тое кідае абгортку ад цукеркі, пакет ад чыпсаў прама на тратуар. І мама маўчыць. Гэта для яе норма? Дарослыя павінны разумець, як выхаваем сваіх дзяцей, у тым ліку і ў экалагічным плане, такое грамадства ў нас і будзе. З ранніх гадоў дзеці павінны ўсвядоміць элементарныя правілы: трэба падзяляць адходы, выкідваць смецце толькі ва ўсталяваных месцах, не забруджваць вадаёмы і лясы, не разбураць птушыныя гнёзды і мурашнікі і г. д. Мы павінны жыць у гармоніі з прыродай.
— Што Вы хацелі б пажадаць усім калегам і тым, хто неабыякавы да аховы навакольнага асяроддзя, у гэты святочны дзень?
— Мы з вамі жывём у чыстай, прыгожай, зялёнай краіне. Прырода нам падарыла выдатныя месцы, лясы, рэкі, азёры і іншыя найпрыгажэйшыя прыродныя тэрыторыі. Давайце беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя і разам рабіць нашу пружанскую зямлю яшчэ прыгажэйшай!
Гутарыў Руслан Басак