Четверг, 11 декабря 2025

З Днём бібліятэк! Таццяна Гуторкіна расказала, колькі чытачоў і кніг налічвае бібліятэка імя Засіма, у якіх конкурсах перамагае і калі пройдуць чарговыя бібліяпрыцемкі

347

Інтэрв’ю з Таццянай Гуторкінай, дырэктарам Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма.

— У нашай бібліятэцы налічваецца больш за 70 тысяч кніг. У асноўным гэта беларуская і руская класіка, перакладзеная замежная класіка, складзена добрае ядро праваслаўнай літаратуры, цудоўны фонд перыядычных выданняў.

— А колькі чытачоў?

— Каля трох тысяч. Ёсць пастаянныя чытачы, пры бібліятэцы працуе клуб «Сяброўка». Мы супрацоўнічаем з усімі сацыяльнымі ўстановамі нашага горада, асабліва шчыльная сувязь наладжана з аграрна-тэхнічным каледжам. Добрыя партнёрскія стасункі склаліся з Расійскім цэнтрам навукі і культуры г. Брэста.

Дарэчы, 23 верасня запрашаем усіх жадаючых на бібліяпрыцемкі. У гэтым годзе назва сустрэчы — «Родны кут».

— Ведаю, што бібліятэкі раёна прымаюць удзел у праектнай дзейнасці.

— Так. І вельмі паспяхова. У рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» Шарашэўская бібліятэка атрымала дыплом другой ступені ў намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы». А Ліноўская бібліятэка заняла першае месца ў абласным конкурсе «Бiблiятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».

— Таццяна Рыгораўна, якія Вашы пажаданні калектыву?

— Здароўя, цярпення, пабольш добрай літаратуры, пазітыўных зносін з чытачамі, падтрымкі кіраўніцтва. Хочацца падзякаваць усім, хто застаўся ў прафесіі, за патрыятызм, адданасць нашай бібліятэчнай справе.

Гутарыла Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік