Абставіны прымусілі Наталлю Труш рэзка змяніць, здавалася б, наладжаны быт. Месца працы па душы з годнымі заробкамі, жыццё ў сталіцы — ад усяго давялося адмовіцца дзеля сям’і і вярнуцца ў родныя Пружаны.
— Выбар будучай прафесіі мне падказалі ў гуртку кройкі і шыцця цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, куды запісала мяне мама,— успамінае дзяўчына.— Пасля заканчэння 11-га класа паступіла ў Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, дзе атрымала кваліфікацыю «мадэльер-канструктар».

Наталлі пасля атрымання дыплома пашанцавала працаўладкавацца закройшчыцай у прыватнае атэлье моднага адзення, дзе асвоіла ўсе сучасныя стыльныя тэндэнцыі. Там яна атрымала значны вопыт работы з усімі матэрыяламі: ад тканіны да скуры і футра, займела станоўчую рэпутацыю і свайго кліента. А з улікам таго, што дзяўчына яшчэ паралельна завочна вучылася ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце на інжынера-канструктара адзення, перспектывы бачыліся даволі прыцягальныя. Вось толькі чалавек мяркуе, а лёс распараджаецца.
— Інтарэсы маёй сям’і я паставіла вышэй,— тлумачыць Наталля сваё вяртанне на радзіму.
Пасля заканчэння адпачынку па доглядзе дзіцяці маладая маці стала шукаць месца работы. На жаль, у такім невялікім горадзе знайсці варыянт, падобны на сталічны, не атрымалася. Таму, паслухаўшы парады родных, Наталля Аляксандраўна вырашыла пайсці на рызыку і заснаваць уласнае атэлье. Зразумела, што гэта вельмі гучная назва, але ж яна паказвае, да чаго можна ў выніку «вырасці». Асабліва, калі зноў узяць паспяховы старт. У чым індывідуальнай прадпрымальніцы дапамаглі ў раённай службе занятасці.
— Спачатку меркавала зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнай, каб можна было разлічваць на матэрыяльную падтрымку. Але спецыялісты службы з улікам маёй прафесіі і наяўнасці вопыту работы параілі скарыстацца дзяржаўнай субсідыяй на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці.
Уласны бізнес — справа рызыкоўная. Хаця гучыць гэта і банальна, але, тым не менш, выказванне застаецца актуальным. Як прызнаецца Наталля Труш, давялося ёй перажыць нямала хваляванняў. Аднак ад большасці сумненняў пазбавілася ў працэсе навучання асновам прадпрымальніцкай дзейнасці. На такія спецыяльныя курсы, арганізаваныя за кошт сродкаў фонду садзейнічання занятасці, накіроўваюцца ўсе будучыя ўладальнікі сваёй справы.
— Падчас навучання настаўнікі дапамагаюць не толькі ў тэорыі. Разам мы складаем бізнес-план будучай прадпрымальніцкай дзейнасці, на падставе якога робяцца першыя крокі.
У працэсе планавання вызначаюцца асноўныя накірункі, разлічваюцца выдаткі, у тым ліку і на набыццё абсталявання, расходных матэрыялаў. Частку затрат кампенсуе дзяржава: атрыманых грошай Наталлі хапіла на набыццё машыны-аверлока, іншага абсталявання, працоўных прылад, фурнітуры. Зразумела, што старт патрабуе і ўласных капіталаўкладанняў, але і без іх можна пачынаць сваю справу. Наталля, якая дагэтуль паспела крыху вывучыць адпаведныя запыты спажыўцоў, пастаралася распарадзіцца грашыма такім чынам, каб мець магчымасць задаволіць інтарэсы як мага большай колькасці кліентаў.
Тых, хто яшчэ сумняваецца, маладая прадпрымальніца папярэджвае, што ў многім яны маюць рацыю і рызыка даволі вялікая.
— Менш за ўсё шанцаў дасягнуць поспеху ў тых, хто спадзяецца адразу на вялікія прыбыткі,— зазначае Наталля.— Пачынаць трэба з малога, паступова нарошчваючы абароты і пакараючы новыя вяршыні.
За паўгода, што прайшлі з моманту адкрыцця атэлье ў сіці-цэнтры «Наш дом», пачынаючая прадпрымальніца авалодала многімі нечаканымі для сябе навыкамі: давялося шыць тэнты для аўтамабіляў, і рабочыя халаты, і абмундзіраванне. Прыбыткі адразу накіроўвала на набыццё новага інвентару і матэрыялаў. Цяпер майстрыха мае магчымасць паспаборнічаць з любым салонам: выканаць складаныя заказы па рамонце і пашыве моднага адзення, у тым ліку верхняга, са скуры ці футра. Напрацавала яна цікавыя прапановы для сёлетніх выпускнікоў, тых, хто збіраецца ўзяць шлюб ці жадае абнавіць свой гардэроб да юбілейнай даты.
— За час сваёй працы зрабіла для сябе вельмі каштоўную выснову: у прадпрымальніцтве нельга ленавацца, нават нягледзячы на тое, што табой ніхто не кіруе. На рэпутацыі можна ставіць «крыж», калі дазволіў сабе праявіць безадказнасць у выкананні любога заказу.
У прынятай на Усебеларускім народным сходзе Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады запланавана:
актыўная работа ў сферы стымулявання прад-прымальніцкай ініцыятывы і прыцягнення інвестыцый на карысць рэгіянальнага развіцця.
Зменяцца падыходы да вызначэння суб’ектнага складу малых і сярэдніх прадпрыемстваў, з’явяцца дадатковыя інструменты фінансавай і нефінансавай падтрымкі.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.