Среда, 15 января 2025

З дапамогай дзяржсубсідыі ўвасобіў мару і адкрыў уласную майстэрню бытавой тэхнікі і электраінструмента пружанец Андрэй Ахцель

545

Некалькі дзесяцігоддзяў у нашай краіне дзейнічае механізм аказання падтрымкі ініцыятыўных грамадзян, якія пажадалі адкрыць уласную справу. Як паведамляе намеснік начальніка аддзела занятасці раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Раіса Ільіна, у Пружанскім раёне першая субсідыя на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці была выдадзена напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Можна смела сцвярджаць, што за гэты час такой падтрымкай скарысталіся некалькі сотняў чалавек. Падобную субсідыю можна назваць выдатным стартам. Яна з’яўляецца бязвыплатнай, да таго ж падчас афармлення неабходных дакументаў аказваецца істотная метадычная дапамога ў выглядзе сумеснага складання бізнес-плана будучай прадпрымальніцкай дзейнасці, праводзіцца навучанне «азам» прадпрымальніцтва.

У свой час такой магчымасцю скарыстаўся і пружанец Андрэй Ахцель, рамонтная майстэрня бытавой тэхнікі і электраінструмента якога даўно вядома жыхарам райцэнтра і ваколіц. Як расказвае прадпрымальнік, пра дзяржаўную падтрымку ён даведаўся амаль за дзесяць гадоў да прыняцця адпаведнага рашэння. Спачатку вырашыў добра падрыхтавацца да такога лёсавызначальнага кроку, займець неабходныя ўменні і навыкі. Працяглы час працаваў у якасці наёмнага работніка ў розных майстэрнях, набываючы адпаведны вопыт. У 2018 годзе зразумеў, што атрымаў неблагую практычную базу для таго, каб перайсці на «вольныя хлябы».

— Асабліва запомнілася навучанне на спецыялізаваных курсах па вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці, што для атрымальнікаў субсідыі арганізуе служба занятасці, — зазначае Андрэй Ігаравіч. — Практычна ўсё, як пераканаўся на ўласным вопыце, спатрэбіцца ў далейшым жыцці. Як правільна весці дакументаабарот, складаць суправаджальную справаздачу для падатковых органаў, афармляць бухгалтэрыю. Апроч гэтага было і нямала практычных парад, многімі з якіх я пастаянна карыстаюся і сёння. Пазбегнуць якіх-небудзь праблем гэта не дапамагло, але падрыхтавала да сутыкнення з імі.

На атрыманую фінансавую дапамогу (11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, што на сённяшні дзень складае больш за 3,2 тысячы рублёў) Андрэй Ахцель набыў тэхніку для канцылярскіх спраў, папоўніў запас інструментаў і рамонтнага абсталявання. Дзякуючы гэтаму літаральна з першых дзён здолеў максімальна пашырыць спектр аказваемых паслуг. У выніку практычна ўсё, што зроблена чалавечымі рукамі, прадпрымальнік бярэцца аднавіць, нягледзячы на тэрмін выпуску ўстройстваў і складанасць рамонту.

— Безумоўна, сустракаўся і з невырашальнымі заказамі, калі патрэбна было замяніць запчастку, якой ўжо ў прыродзе не існуе. Здаралася, падбіраў аналагі, вырабляў самастойна, але ў рэдкіх выпадках даводзілася адмаўляць.

Больш за тое, майстар прагназуе, што, магчыма ў будучым яго паслугі ўвогуле будуць незапатрабаванымі, бо вытворцы ўсё часцей вырабляюць «аднаразовую» прадукцыю. Некаторая тэхніка сапраўды не прадугледжвае аднаўленне, іншая можа быць адрамантавана, але танней набыць новую, чым купляць запчасткі. Гэта відавочна і па ўласнай статыстыцы, што вядзе Андрэй Ігаравіч. Згодна з ёй у яго рукі часцей за ўсё трапляюць інструменты і бытавыя прыборы, набытыя 5,10 і нават 20 гадоў таму, хаця сучасныя электраўстройствы маюць значна ніжэйшую якасць. Аднак у любым выпадку кожны, хто звяртаецца ў майстэрню, атрымлівае грунтоўную кансультацыю. Да таго ж індывідуальны прадпрымальнік заключыў адпаведныя дамовы амаль з усімі айчыннымі вытворцамі (акрамя «Атланта») і з шэрагам замежных брэндаў на гарантыйны рамонт іх прадукцыі.

Каб аказаць максімальна пасільную дапамогу тым, хто зусім нядаўна набыў электрабрытвы, танометры і іншыя прыборы, што хутка выйшлі са строю, прадпрымальнік прапануе некалькі варыянтаў. Мы сталі сведкам такога сервісу, калі ён першым прапанаваў кліентцы аднавіць электраінструмент з устаноўкай новых запчастак. Тут жа майстар прывёў параўнанне кошту такога аднаўлення і варыянтаў пакупкі іншага аналага. Другі варыянт — пачакаць, калі з’явяцца запчасткі з так званай «разборкі», якой падвяргаецца тэхніка, якую немагчыма аднавіць. У ёй жа заключаецца трэцяя прапанова для заказчыка. Напрыклад, буйнагабарытную ён набывае па вазе — да 30 капеек за кілаграм. А вось дробныя прыборы і сапсаваны інструмент прадпрымальнік «купляе» ў гаспадара не за грошы, сума якіх, зразумела, смешная, а за скідку. Для чаго ў рабочым камп’ютары вядзе статыстыку кліентаў, якім за здадзены хлам налічвае скідку, якой можна скарыстацца пры неабходнасці падчас наступнага звароту па дапамогу.

Дзякуючы такому падыходу попыт на паслугі рамонтніка ёсць, на працягу нашай размовы даводзілася некалькі разоў перапыняцца на прыём наведвальнікаў. Гэта дае прадпрымальніку штуршок для далейшага росту. Нядаўна ён асвоіў дадатковую паслугу — аўтаэлектрыка. У прыватнасці, дыягностыка, рамонт і аднаўленне аўтамабільных генератараў і акумулятараў. Прапрацоўвае майстар і іншыя планы.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік