Воскресенье, 8 декабря 2024

З чым падышлі да прафесійнага свята ў ААТ «Мурава»: інтэрв’ю з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Пятром Білецкім

526

Кожны год у лістападзе, па завяршэнні ўборачнай кампаніі і азімай сяўбы, у нашай краіне адзначаецца свята шчырых працаўнікоў вёскі, людзей, адданых сваёй зямлі, сапраўдных барацьбітаў за харчовую бяспеку роднай Беларусі. Вось вам і нагода, каб у чарговы раз, не шкадуючы цёплых слоў, падзякаваць хлебаробам за іх сумленную і цяжкую працу, якая прыносіць у кожны дом беларусаў непаўторны водар хлеба і спакой за дзень заўтрашні: голад нам ніяк не пагражае.

Каб асабіста павіншаваць работнікаў сельскай гаспадаркі з надыходзячым святам, карэспандэнты «раёнкі» завіталі ў ААТ «Мурава», пагутарылі пра стан спраў у сельгаставарыстве з дырэктарам Пятром Білецкім.

— Якое Ваша, Пётр Мікалаевіч, бачанне сельскай гаспадаркі ў разрэзе сённяшняга дня ў нашай краіне?

— Чалавек кожны дзень хоча есці. І гэта неаспрэчны факт. Таму праца на зямлі, як і заўсёды, застаецца вельмі важнай і запатрабаванай. Колькі будзе існаваць гэты свет, столькі будзе шчыраваць сельскі працаўнік. Галоўнае, што ў Беларусі на самым высокім узроўні разумеюць і падтрымліваюць вёску, не пакідаюць сам-насам з праблемамі, а іх, непрадбачаных, заўсёды хапае ў любым сельгаставарыстве. А не адчуваеш сябе адзінокім — значыць з’яўляецца жаданне аддзячыць стараннай працай і годным вынікам.

І поле ўзараць, і сена прывезці для кароўкі — калі ласка, для гэтага ёсць у гаспадарцы вопытны механізатар Аляксандр Цясноўскі.

— Як, на Вашу думку, выглядае ААТ «Мурава» сярод гаспадарак краіны?

— Наша сельгаставарыства невялікае ў маштабе рэспублікі. Напрыклад, плошча сельскагаспадарчых угоддзяў у 2023 годзе складае 4408 га, у тым ліку раллі 3052 га. Колькасць работнікаў — 213 чалавек. Але гэтая акалічнасць не ўплывае на вынікі нашай працы. Як усім вядома: галоўнае не колькасць, а якасць выкананых работ і сумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў працаўнікоў. І тут ААТ «Мурава» пашанцавала, бо калектыў падабраўся працавіты і мэтанакіраваны: з гэтымі людзьмі лёгка ставіць задачы і выконваць іх. Дарэчы кажучы, калі параўноўваць нашы вынікі ў маштабах рэспублікі, то сярод 168 гаспадарак краіны наша таварыства па вытворчасці малака, напрыклад, займае 39-ю прыступку.

— Чым жа, Пётр Мікалаевіч, увогуле адметны для гаспадаркі год 2023-ці?

— Узяць хаця б сёлетняе жніво. Нягледзячы на сюрпрызы прыроды, нашы аграрыі змаглі паказаць годны вынік: ураджайнасць збожжавых і зернебабовых склала 55,5 ц/га супраць 46,6 ц/га ў мінулым годзе. Не спасавалі і па рапсе — 42,3 ц/га, +9 да 2022 года. І не забываем пра заклад будучага ўраджаю. У аптымальныя тэрміны правялі сяўбу азімых сельгаскультур, на 100% справіліся з хімпраполкай, у поўнай меры і своечасова будзе праведзена падкормка мікраэлементамі. На працягу бягучага года набылі зернеўборачны камбайн, пасяўны агрэгат, два аўтамабілі МАЗ, аўтамабіль-рэфрыжэратар, граблі, касілку, кормараздатчык, а самае галоўнае —зрабілі поўную рэканструкцыю зернесушыльнага комплексу КЗС-40 у аг. Мурава.

Кожны з іх заслугоўвае многа добрых слоў, бо любяць па-сапраўднаму і працу, і сваіх пястух-кароў — работнікі МТК «Мурава»: слесар Аляксандр Матвееў, аператары машыннага даення Святлана Матвеева і Галіна Рудчык, начальнік комплексу Павел Жданюк, аператар машыннага даення Наталля Федзік, заатэхнік-селекцыянер Таццяна Карунас і лабарант Наталля Шука.

— І як жа не закрануць нам жывёлагадоўлю…

— На сённяшні дзень маем 1620 кароў, што на 20 больш, чым у 2022 годзе. Пры гадавым плане ў 11557 тон здалі дзяржаве за 9 месяцаў гэтага года 9471 тону — 113,6 % да перыяду мінулага года. Пад пільнай увагай знаходзіцца і пытанне ўзнаўлення статка: атрымана 1356 галоў прыплоду, сплюсавалі да года мінулага на 30 галоў. Амаль усё малако рэалізуем гатункам «экстра». Жывёлагадоўчую службу сельгаставарыства не патрэбна падштурхоўваць уперад, людзі самі скіраваны на прадукцыйнасць сваёй працы, бо ведаюць: як спрацуюць сёння, тое і атрымаюць у будучым.

Брыгадзір жывёлагадоўчага ўчастка Людміла Канявега і ветэрынарны ўрач Анастасія Таразевіч з МТФ «Мурава»: хоць праца сялянская і цяжкая, але аддача ад яе для ўсіх нас вельмі важкая.

— Якімі бачацца перспектывы для ААТ «Мурава»?

— Дрэнны той гаспадар, які не будуе планаў, не бачыць перспектыў для далейшага развіцця. Таму мы і надалей будзем працаваць на станоўчы рэзультат. А для гэтага ў нас ёсць усё: тэхніка, якая пастаянна абнаўляецца, урадлівыя землі і, канечне, самыя лепшыя для нас людзі, з якімі прыемна працаваць, якія разумеюць цябе з паўслова, падтрымліваюць і гатовы ісці з табой адной дарогай у напрамку да росквіту роднай гаспадаркі.

— Жадаем ААТ «Мурава» ўдачы ва ўсіх пачынаннях, новых працоўных перамог, веры ў свае сілы. Цёплых дзён вам і спорных дожджыкаў, дарагія работнікі сельскай гаспадаркі!

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі і Сяргея Талашкевіча


Паважаныя працаўнікі і ветэраны сельскай гаспадаркі!

Віншую вас са святам!

Прыміце самыя шчырыя словы ўдзячнасці, бо сваёй працай вы рашаеце важныя задачы па ўмацаванні харчовай бяспекі нашай краіны, павышэнні канкурэнтаздольнасці айчыннай сельгаспрадукцыі. На асабістым прыкладзе паказваеце: нават цяжка працуючы, можна атрымліваць асалоду і радасць ад жыцця.

Тут не прападзе і капейка, бо ўсё падлічана надзейна, і кожны працадзень налічаны будзе, бо працуюць у канторы сумленныя людзі: сакратар Любоў Ясковіч, бухгалтар-касір Святлана Купракова, дыспетчар Наталля Маркечка, галоўны бухгалтар Антаніна Таразевіч, галоўны эканаміст Валянціна Шэшко, юрыст Васіль Ясковіч, бухгалтары Ірына Жукоўская, Антаніна Казлоўская і Наталля Таразевіч, намеснік галоўнага бухгалтара Вера Зубік, бухгалтары Святлана Пятручык і Алена Данілюк.

Ваша праца была, ёсць і будзе заўсёды запатрабаванай, і самае галоўнае — яна вам не страшная, вы можаце асіліць многае, і ў гэтым ваш гонар. Няхай жа здароўе вас не падводзіць, шчасця вам, дабрабыту, добрага настрою і працвітання! Жадаю, каб кожны дзень і кожная гадзіна былі напоўнены поспехам і пазітывам!

З Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу!

З павагай, дырэктар ААТ «Мурава» Пётр Білецкі