Суббота, 24 мая 2025

З чэмпіёнам і прызёрам ІІ Гульняў краін СНД Анатолем Хомічам і Андрэем Літвіновічам сустрэўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец

250

На мінулым тыдні адбылася сустрэча старшыні Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалая Кудраўца з чэмпіёнам і прызёрам ІІ Гульняў краін СНД Анатолем Хомічам і Андрэем Літвіновічам.

Не будзем зноў расказваць, як нашы юныя спартсмены прыйшлі да сваіх тытулаў, як удалося дамагчыся такіх вынікаў пакуль у першых сваіх такіх буйных спаборніцтвах. Не сумняваюся, што ў хлопцаў яшчэ ўсё наперадзе: і новыя тытулы, і званні, і ўзнагароды самых вышэйшых ступеняў. Самае галоўнае, што яны застаюцца такімі ж сціплымі, без ганарыстасці. Гэта адзначыў у сваім звароце да спартсменаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.

Зносіны з юнакамі былі ў форме простай гутаркі. Хлопцы распавялі, як праходзілі спаборніцтвы, якія хваляванні перажылі, аб тым, як праходзяць іх будні, трэніроўкі ў школе Алімпійскага рэзерву. Падзяліліся і сваімі марамі. А яны даволі амбіцыёзныя: заваяваць сусветны чэмпіёнскі тытул і першынство на Алімпійскіх гульнях. Не сумняваюся, што ў юнакоў хопіць на гэта сілы волі, упартасці. Талент жа ім Бог ужо даў.

Цікава было паслухаць расказы трэнераў — Яўгенія Данцова і Сяргея Чайкоўскага пра тое, як змаглі разгледзець ў шаняўскіх хлопцах будучых зорачак спорту. Аказалася, што з першых заняткаў хлопцы добра праявілі сябе, адразу «заткнулі за пояс» лідараў спартыўных секцый. Упартасць спартсменаў праяўлялася і ў тым, што дабірацца да Пружан было часам складана: бацькі не заўсёды мелі магчымасць падвезці, так што ездзілі на грамадскім транспарце, а то і на веласіпедзе. Але ніколі не прапускалі заняткаў.

Мікалай Пятровіч ад імя кіраўніцтва раёна ўручыў нашым спартсменам памятныя падарункі.

Удзел у сустрэчы таксама прынялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Момлік і дырэктар установы «Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа Алімпійскага рэзерву» Анастасія Пузанава.

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара