Понедельник, 2 октября 2023

З чаго пачынаецца лес? Расказалі ў «Пружанскім лясгасе» 

158

Не ўсе людзі задумваюцца над тым, як з’яўляецца лес. А адбываецца гэта як штучным, так і натуральным шляхам. У першым выпадку ўсё залежыць ад няпростай, але вельмі важнай працы людзей, якія абралі сферу лясной гаспадаркі. Пра тое, якія работы праводзяцца для таго, каб у нашай краіне, і на Пружаншчыне ў прыватнасці, не знікалі лясы, расказалі ў ДЛГУ «Пружанскі лясгас».

Як вядома, лес не ўсюды і не заўсёды можа аднавіцца сам, і калі становіцца відавочна, што дапамога чалавека ў гэтым проста неабходная, запускаецца працэс штучнага лесааднаўлення.

Леснікі Мокраўскага лясніцтва ажыццяўляюць праполку цяпліцы.

Гэта, да слова, вельмі цяжкая справа, якая патрабуе вялікіх намаганняў і часавых затрат. Яна пачынаецца з нарыхтоўкі лесанасеннай сыравіны. Дадзеная праца праводзіцца ў розныя поры года, усё залежыць ад пароды, насенне трэба нарыхтаваць. Зараз самы час для нарыхтоўкі насення бярозы, у кастрычніку-лістападзе — клёна, дуба, алешыны, з другой паловы восені па пачатак вясны — хвоі… Каб атрымліваць насенне з палепшанымі спадчыннымі ўласцівасцямі, закладваюцца лесанасенныя плантацыі, а потым з гэтых аб’ектаў ідзе нарыхтоўка лесанасеннай сыравіны. Далей, як і ў жыцці людзей, — дзіцячы сад, толькі лясны — у выглядзе цяпліцы ці гадавальніка.

— Цяпліцы пад вырошчванне лясных сеянцаў заўсёды закладваюцца вясной, паралельна з пасадкай лясных культур, — расказвае ляснік Пружанскага лясніцтва Іван Жорах. — Сёлета мы праводзілі замену грунту ў цяпліцы. Гэта трэба рабіць адзін раз у 3-4 гады: пры частых палівах грунт ушчыльняецца, і карані сеянцаў развіваюцца дрэнна.

Як зазначае Іван Мікалаевіч, ужо па выніках восеньскай інвентарызацыі, калі сеянцы дасягнулі стандартных памераў, можна выкарыстоўваць іх пры пасадцы лясных культур. Выходзіць, працэс вырошчвання сеянцаў ад насення да стандартнага пасадачнага матэрыялу займае каля паўгода, і гэта пры выкананні тэхналогіі вырошчвання і спрыяльным збегу абставін.

— На жаль, сеянцы, як і людзі, могуць хварэць і гінуць, а тыя, якія выжылі, гартуюць сябе для наступнага этапу жыцця — пасадкі на лесакультурнай плошчы. Гэта месца, дзе быў высечаны стары лес і глеба падрыхтавана да пасадкі маладых культур, — тлумачыць Іван Мікалаевіч. — Аднак жа любая перасадка з’яўляецца для дрэў стрэсам, па гэтай прычыне многія сеянцы не даюць патрэбнай прыжывальнасці.

Штучнае лесааднаўленне можа адбывацца і іншым спосабам, пры якім сеянцы папярэдне не вырошчваюцца ў гадавальных або цяплічных гаспадарках. У такім выпадку насенне высяваецца адразу на лесакультурнай плошчы. Аднак гэты напрамак лесааднаўлення займае меншую частку ад агульнага працэсу стварэння лясных культур.

Пасаджаныя дрэвы не застаюцца без увагі і кантролю чалавека. Ужо ўвосень першага года вырошчвання работнікі лясной гаспадаркі правяраюць, ці прыжыліся лясныя культуры. Загінулыя замяняюць на новыя жыццяздольныя сеянцы, вырашчаныя ў «дзіцячым садзе».

Абавязковая ўмова эфектыўнага вырошчвання лясных культур — агратэхнічны догляд.

— Гэты працэс прадугледжвае выдаленне драўняных, хмызняковых, травяністых раслін, якія канкурыруюць з дрэвамі галоўных парод, — тлумачыць ляснічая Ліноўскага лясніцтва Ганна Траццяк. — Агратэхнічны догляд мы праводзім  у перыяд вегетацыі раслін, і зараз якраз сезон: у нас у асноўным ён пачынаецца ў канцы красавіка і заканчваецца ў канцы верасня. 

У Пружанскім лясгасе догляд лясных культур праводзяць як ручным (з дапамогай кустарэза), так і механізаваным (з дапамогай дыскавых барон) спосабам. Ці часта трэба праводзіць такую работу? Усё залежыць ад глебы.

— Калі гэта бедная глеба, то звычайна аднаго догляду ў сезон дастаткова, а для багатай можа спатрэбіцца і тры. А такіх плошчаў, дзе неабходны агратэхнічны догляд за ляснымі культурамі, нямала… — кажа Ганна Траццяк.

А як часта бываеце ў лесе і бачыце мурашнікі вы?

Восенню на трэцім годзе вырошчвання новых лясных культур праводзяць іх чарговую інвентарызацыю, каб выявіць ступень прыжывальнасці раслін. І зноў жа пры неабходнасці назначаюцца мерапрыемствы па выпраўленні розных недахопаў у гэтым працэсе.

Наступная праверка праводзіцца тады, калі расліны дасягаюць сямігадовага ўзросту. На гэты раз участак маладых лясных культур, калі дасягнуў пэўнага нарматыву, ужо можа быць пераведзены ў пакрытую лесам плошчу — лічыцца паўнацэнным лесам. Калі ж лясныя культуры не дасягнулі ўстаноўленага нарматыву, то ўчастак пакідаецца на дарошчванне да 10-ці, а ў асобных выпадках і да 15-гадовага ўзросту. На працягу гэтага часу лясныя культуры таксама даглядаюцца чалавекам.

Бывае так, што на пэўных участках лясныя культуры не ўдаецца «выгадаваць», і такія ўчасткі спісваюцца. На іх прызначаюцца новыя лесааднаўленчыя мерапрыемствы.

Руслан Басак