З чаго пачынаецца каханне? У кагосьці з позірку, усмешкі, выпадковай дапамогі, а ў сям‘і Ляцэвічаў – з… вяселля. Аднойчы падчас такой урачыстасці сустрэліся стрыечная сястра жаніха Алена і яго сябар Аляксандр. Хлопец і дзяўчына спадабаліся адзін аднаму, пачалі сустракацца. А праз тры гады стварылі сям’ю. Жыць вырашылі ў Магілёўцах, – па месцы размеркавання жонкі, і пераязджаць не плануюць.

Прычына гэтаму – перш за ўсё, любімая работа. Сем гадоў таму Алена Анатольеўна закончыла гістарычны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна. Па размеркаванні трапіла ў Магілявецкі ВПК д/с-СШ. Расказвае, што маладога спецыяліста вельмі цёпла сустрэлі калегі, заўсёды аказвае дапамогу адміністрацыя.
Зараз Алена Ляцэвіч – класны кіраўнік сёмага класа. У ім толькі дзевяць чалавек, і ён самы вялікі ў школе! Настаўніца гісторыі займаецца таксама і сацыяльнай работай. Напрыканцы мінулага года яна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. Актыўна ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці Зеляневіцкага сельсавета, напрыклад, з‘яўляецца членам назіральнай камісіі сельвыканкама.
Аляксандр Мікалаевіч зараз – майстар лесу Лыскаўскага лясніцтва. Да гэтага працаваў электрамантажнікам-лінейшчыкам, паездзіў па Расіі. Але лес заўсёды быў для яго месцам, дзе адпачывае душа. “З самага дзяцінства люблю хадзіць у грыбы, дыхаць чыстым паветрам, а раніцай адправіцца на рыбалку. Прырода дае сілы, зараджае нейкай чароўнай энергіяй”, — дзеліцца Аляксандр Мікалаевіч. Таксама мужчыну захапляе спорт, у прыватнасці, лыжы. Сёлета мы пісалі пра А.М.Ляцэвіча як пра аднаго з пераможцаў абласных спаборніцтваў па лыжных гонках сярод работнікаў лясной гаспадаркі.
У вольны час муж і жонка не любяць сядзець дома. Ды і з’ездзіць ёсць да каго: і Аляксандр, і Алена – са шматдзетных сем’яў, браты і сёстры жывуць у розных кутках Беларусі і заўсёды рады гасцям. А ў хуткім часе прымаць іх зможа і маладая сям’я. Неўзабаве Ляцэвічы пераедуць у арэндную кватэру, чаму вельмі рады: месца для гасцей стане значна больш. Несумненна, упрыгожаць сцены карціны, якія размалёўвае па нумарах Алена Анатольеўна, а таксама палатно, зробленае ёю ў тэхніцы алмазнай вышыўкі доўгімі зімовымі вечарамі.
— У любой самай цяжкай сітуацыі, нягледзячы ні на што, мы стараемся ўсміхацца. Так прасцей жыць. А ў адносінах вельмі важна паважаць партнёра, часам саступаць яму, ну, і канечне, падтрымліваць любімага чалавека словам і справай, — рэзюмуюць Аляксандр і Алена.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.