Шыкоўным падарункам для жыхароў і гасцей Пружан стала на святкаванні юбілею горада доўгачаканая шоу-праграма ўдзельнікаў тэлепраектаў «Х-Factor Беларусь» і «Фактор.by». На сцэне ў самым цэнтры горада маладыя артысты парадавалі гледачоў сваімі хітамі.

Адкрыла канцэрт фіналістка беларускага «Х-Фактара» Марына Бараноўская, вядомая таксама пад псеўданімам Баранэса. Затым на пружанскую сцэну быў запрошаны Уладзімір Аруцюнян, выступленні якога падтрымлівалі глядачкі сваімі запальнымі танцамі. Фіналістка праекта «Х-Factor Беларусь» Ніколь Фургал у сваёй экстравагантнай сукенцы пакарыла публіку адным толькі знешнім выглядам, не гаворачы ўжо пра прыгожы вакал. Суперфіналіст шоу «Фактор.by» Аляксандр Шымулевіч выканаў не толькі вядомыя публіцы хіты, але і прадставіў сваю новую песню «Биполярка», якая павінна была выйсці толькі праз месяц. Пружанцы ж на канцэрце ў гонар юбілею горада мелі магчымасць пачуць яе першымі.
Публіка з радасцю сустрэла і пераможцу праекта «Х-Factor Беларусь» Андрэя Панісава. Пакуль ён выконваў песні «Невидимка» і «Белая ночь», гледачы не апускалі рукі махалі і апладзіравалі ў такт музыцы. Яшчэ больш сонечнасці дадала ў добрае надвор’е святочнага дня Карына Ерафеева – яркая, як і яе аранжавая сукенка. Арцём Чыркоў запаліў публіку сваёй песняй «Мы с тобою на диско». Ды яшчэ як запаліў: падтанцоўвалі нават пажылыя, а ўсміхаліся на плошчы ўсе! Моцныя эмоцыі выклікала і выступленне Вікторыі Паплеўчанкавай. Песню «Касіў Ясь канюшыну» разам з брутальным і харызматычным Дзянісам Пацэвічам спявала, здавалася, уся плошча. Спявак адзначыў, што ён патрыёт сваёй радзімы, і выканаў напісаную ім песню «Родина-мать».
Фіналістка шоу «Фактор.by» Таццяна Прахарэнка, якая з’яўляецца салісткай Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, упершыню выканала на «Пружаны Фэст» сваю новую песню «Сан-Тропе», якая пакуль што не выйшла афіцыйна.
Плыў над Пружанамі, заварожваў сваёй глыбінёй і чысцінёй голас маладога спевака Івана Дзятлава, пераможцы шоу «Фактор.by». Танцамі каля сцэны суправаджалі выступленне Фахрыддзіна Хакімава юныя фанаткі. Фіналіст «Х-Factor Беларусь» Мікіта Бялько выйшаў да гледачоў з песнямі «Аста Маньяна», «Выпускной» і «Крестики-нолики». Пружанцы вельмі цёпла сустрэлі прыгожага спевака, асабліва дзяўчаты. А суперфіналістка праекта «Х-Factor Беларусь» Анастасія Краўчанка проста «парвала» публіку. Артыстку сустрэлі гучнымі авацыямі, а яе хіт «Ромашки» спявалі ўсёй плошчай.
У канцы шоу-праграмы ўсе фіналісты праектаў «Х-Factor Беларусь» і «Фактор.by» падняліся на сцэну, каб разам выканаць песню «Что ты сделал для Родины?» і шчыра развітацца са сваёй публікай.
Артысты падарылі гледачам шмат добрага настрою, зарад станоўчай энергіі і пазітыву. Пружанскія фанаты голасна падпявалі любімым выканаўцам і нават пасля завяршэння шоу-праграмы доўга не жадалі іх адпускаць – фатаграфаваліся з артыстамі, бралі ў іх аўтографы. Спевакі таксама адказвалі шчырасцю, цеплынёй і адкрытасцю.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара і Кацярыны Масік
Удзельнікі канцэрта расказалі пра свае ўражанні ад Пружан і ад свята, арганізаванага ў гонар 590-годдзя горада
Марына Бараноўская:

– Чысты, мілы, невялікі гарадок. Людзі вельмі ветлівыя, цёпла нас сустракалі і апладзіравалі. Свята маштабнае, вельмі шмат народу, і ва ўсіх усмешкі на тварах. Увогуле, я думаю, свята ўдалося. У вашым горадзе класна. Яшчэ раз віншую Пружаны з днём нараджэння!
Арцём Чыркоў:

– Мне вельмі спадабалася, я кайфануў на выступленні. Здорава, што мы трапілі на добрае надвор’е, быў выдатны гук, выдатная атмасфера, прыемныя і ветлівыя людзі. Мы з усімі павіталіся, сфатаграфаваліся. Я атрымліваю асалоду, калі выступаю на падобных канцэртах. Сам горад мне падаўся прыгожым, сонечным, дагледжаным. Я хацеў бы прыехаць сюды яшчэ раз і выступіць.
Анастасія Краўчанка:

– Фестываль у Пружанах пакінуў самыя добрыя ўражанні. І са сцэны, і ў сваім Instagram я сказала, што гэты горад – самы гучны. Паверце, так мне яшчэ ніхто не падпяваў! Кампазіцыю «Ромашки» ўжо паспела палюбіць моладзь, і звычайна на канцэртах спяваюць разам са мной прыпеў. Тут жа пелі нават куплеты.
Пружаны, вы вельмі класныя! Тысяча працэнтаў – прыеду яшчэ раз, таму запрашайце, будзем спяваць разам з вамі!
Іван Дзятлаў:

– Класнае ўражанне зрабілі людзі, публіка вельмі цёплая, яркая. Тут мала сказаць ветлівая – яна сапраўды гарачая. На жаль, не паспелі да канцэрта праехацца па горадзе, лепей паглядзець яго. Бачылі толькі крыху, пакуль дабіраліся сюды. Вельмі спадабалася прырода вакол горада. Усё такое мілае, душэўнае, цёплае, нібыта роднае.
Аляксандр Шымулевіч:

– Я ўжо праязджаў праз Пружаны, таму разумеў, у якім горадзе буду выступаць. Радуе тое, што райцэнтр вельмі чысты. Вялікая павага за гэта кіраўніку мясцовай улады. А што датычыцца людзей, то яны проста цудоўныя, так ветліва сустракаюць гасцей. На маю думку, гэта сведчыць пра добрае выхаванне і імкненне паказваць прыклад усім астатнім.
Ніколь Фургал:

– Нас вельмі добра прынялі. Не ва ўсіх гарадах такое адбываецца. Зараз я жыву ў Маскве, і там даводзіцца сутыкацца з тым, што не ўсе ўспрымаць артыстаў як роўных сабе людзей. Пружаны запомніліся як яркі і ветлівы горад. Вялікі дзякуй вам!
Мікіта Бялько:

– Засталіся самыя прыемныя ўражанні. Па-першае, у вас вельмі цёплыя гледачы. Калі мы яшчэ толькі прыехалі ў горад, да нас адразу падыходзілі людзі. Было прыемна паразмаўляць з імі. Усе добрыя, адкрытыя. Пасля выступлення таксама падыходзілі. Сюды хочацца вяртацца.