— Калі чалавек адказны і добрасумленна выконвае свае абавязкі, то ён будзе запатрабаваны на любым працоўным месцы, — лічыць юрысконсульт ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Алена Куль. — Зразумела, трэба заўсёды імкнуцца павышаць уласную кваліфікацыю, пашыраць кругагляд.

Менавіта такіх прынцыпаў у жыцці і рабоце спецыяліст прытрымліваецца з моманту працаўладкавання ў сельгасарганізацыю, куды прыйшла на работу ў 2008 годзе пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Правазнаўства».
Як успамінае Алена Анатольеўна, напрыканцы вучобы яна паспела крыху азнаёміцца з асаблівасцямі выбранай прафесіі падчас кароткай працы ў судзе. Але ж потым прыйшла да высновы, што дасведчанаму юрысту трэба вучыцца ўвесь час. Кожны год удасканальваецца заканадаўства, узнікаюць новыя эканамічныя фактары. Каб правільна скарыстацца перавагамі, адшукаць правільны напрамак дзейнасці, юрысту арганізацыі трэба быць на крок наперадзе. Толькі гэта дазволіць прафесійна абараняць інтарэсы свайго прадпрыемства, вырашаць прэтэнзіі, рабіць прававую ацэнку дагавораў да іх заключэння.
— А яшчэ юрысту арганізацыі неабходна быць камунікабельным,— зазначае Алена Куль. — Перыядычна са сваімі паўсядзённымі і бытавымі пытаннямі звяртаюцца работнікі райаграсэрвіса, і трэба дапамагчы чалавеку знайсці выйсце з нейкай сітуацыі, даць карысную параду.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік