Среда, 15 января 2025

Юрый Наркевіч правёў прыём у Ружанах і наведаў мясцовы ўнівермаг

378

У чацвер, 10 лістапада, правёў прыём у Ружанскім сельвыканкаме і адначасова адказваў на тэлефанаванні член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. У прыёме таксама прынялі ўдзел старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і памочнік сенатара, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Іницыятыўная група з трох жанчын прыйшла да Юрыя Іосіфавіча з цэлым спісам пытанняў, праблем. Калі абагульніць іх, то можна сказаць так: жанчыны лічаць, што абдзяляюць іх прыгожыя Ружаны ва ўсім, пачынаючы ад добраўпарадкавання, завяршаючы асартыментам тавараў, асабліва адзення і абутку, у мясцовым універмагу, абсталяваннем бальніцы. Варта адзначыць, што наконт «абдзялення ўвагай» гарадскога пасёлка Ружаны жанчыны крыху крывяць душой. Некалькі гадоў таму тут праводзілася свята хлебаробаў «Дажынкі». Перад гэтай падзеяй Ружаны змяніліся, пахарашэлі, ператварыліся ў прыгожы і вельмі ўтульны невялічкі горад.

Так, засталіся некаторыя праблемы з праезнай часткай шэрагу вуліц, але пра іх ведаюць у раёне. Як сказаў на апаратнай нарадзе, якая праходзіла 14 лістапада ў райвыканкаме, яго старшыня Міхаіл Грышкевіч, няма другарадных вуліц, ёсць толькі галоўныя, і яны павінны быць толькі ў добрым стане. Наконт асартыменту мясцовага ўнівермага, забягаючы наперад, скажу, што пасля прыёму мы яго наведалі. Якія ўражанні? У райцэнтры таксама з мужчынскім аддзеннем даволі складана, можна сказаць, што і ў Пружанскім універсальным магазіне многае немагчыма набыць, а абутковага магазіна ў нашым каапгандлі наогул няма. А вось група гаспадарчых, канцылярскіх тавараў і іншага ў Ружанах даволі шырокая. Больш за тое, у прадаўца можна зрабіць заказ, які аператыўна даставяць пакупніку.

Але вернемся да прыёму сенатара. Былы работнік праваахоўных органаў, ураджэнец Ружан, які доўгі час жыў і працаваў у Расійскай Федэрацыі, а зараз прыехаў на пастаяннае жыццё на малую радзіму, прыйшоў да Юрыя Іосіфавіча з набалелым пытаннем няхваткі ў пасёлку супрацоўнікаў міліцыі. На яго думку, два міліцыянеры ніяк не змогуць справіцца з кантролем за правапарадкам на тэрыторыі гарпасёлка. Адна з нацыянальных дыяспар кожны год дапаўняецца новымі нідзе не працуючымі прадстаўнікамі. Як лічыць заяўнік, трэба пашырыць апорны пункт.

І тут зраблю сваю рэмарку: знаёмячыся кожны тыдзень са зводкай РАУС, можна прыйсці да высновы, што справа не ў нацыянальнасці: і сярод «карэнных» жыхароў раёна хапае тых, хто не ладзіць з законам. Але ўзмацніць штат ружанскіх праваахоўнікаў, думаю, неабходна. Два міліцыянеры — гэта вельмі мала для Ружан і навакольных вёсак.

Слушнай была прапанова трэнера па ўсходніх адзінаборствах наконт памяншэння падатку на дзейнасць для тых, хто працуе ў сельскай мясцовасці. Акрамя платных заняткаў, мужчына трэніруе дзетак і бясплатна, робіць добрую справу па выхаванні нашага пакалення, клапоціцца пра яго занятасць, здароўе. Юрый Наркевіч паабяцаў дапамагчы трэнеру.

Адна з жыхарак Ружан вельмі хвалявалася, ці хопіць дроў на ацяпляльны сезон мясцовай кацельні. На яе думку, вельмі мала іх назапашана. А яшчэ лепш, каб кацельню перавялі на газ. Бо колькі ж можна выкарыстоўваць расліннае паліва? Юрый Іосіфавіч паабяцаў і ў гэтым дэталёва разабрацца.

Таксама паступалі пытанні да сенатара і па «прамой тэлефоннай лініі».

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара