Суббота, 15 марта 2025

Юрый Наркевіч правёў чарговую сустрэчу з актывам Ліноўскага сельсавета

545

Недахоп кадраў, добраўпарадкаванне і іншыя праблемы агучваліся ў сераду падчас сустрэчы актыву Ліноўскага сельсавета з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Юрыем Іосіфавічам Наркевічам.
Сустрэча адбылася ў адміністрацыйным будынку Ліноўскага сельвыканкама. Таксама быў наладжаны прыём грамадзян.
З апошняга і пачнём.

Адразу адзначым, што на прыём завітала прадстаўніца суседняга Шаняўскога сельсавета. Жыхарка аг.Шані Валянціна Аляксандраўна Смецюх паскардзілася на недастаткова актыўную, на яе погляд, работу мясцовых органаў улады, пачынаючы ад старасты аграгарадка і заканчваючы старшынёй Шаняўскога сельвыканкама. Маўляў, гэта выклікае нямала нараканняў у жыхароў сельсавета.

У прыватнасці, жанчына абуралася тым фактам, што ў аграгарадку не спяшаюцца з абкошваннем тэрыторыі, асабліва каля прыдарожнага крыжа, і вывазам прыроднага смецця (яго, дарэчы, жанчына сабрала, самастойна пачысціўшы прыдарожную канаву). Хвалюе актывістку і амаль круглагадовая неўладкаванасць сельскіх дарог: па яе словах, у зімовы перыяд яны кепска чысцяцца, а цяпер рэдка грэйдзіруюцца і падсыпаюцца. Востра стаіць праблема і з бадзяжнымі сабакамі, якія часам лякаюць і нават накідваюцца на прахожых.

Выйсце з сітуацыі Валянціна Аляксандраўна бачыць адно: перавыбранне старасты на больш актыўнага і неабыякавага да патрэб аднавяскоўцаў чалавека.

Актыўная жыццёвая пазіцыя жанчыны і яе руплівасць імпанавалі Юрыю Іосіфавічу, у выніку ён прапанаваў хадайнічаць перад мясцовым кіраўніцтвам аб абранні старастай менавіта яе.

Што тычыцца першай часткі праграмы, то яна прайшла ў форме адкрытага дыялога. Амаль у кожнага прысутнага на сустрэчы кіраўніка ліноўскага прадпрыемства і арганізацыі, а таксама ў дэпутата сельскага Савета і старастаў Ю.І.Наркевіч спытаў аб ходзе спраў і існуючых праблемах.

Дырэктар ААТ “Ліноўскае” Васіль Казмярчук засяродзіў увагу на аспектах “гарачай” уборачнай кампаніі і зазначыў, што яе вынікі абяцаюць быць не горшымі, чым летась. Таксама кіраўнік сельгаставарыства агучыў праблему недахопу кадраў па рабочых спецыяльнасцях, у прыватнасці, механізатараў. Часткова яе вырашыць, на яго погляд, дапамагло б аднаўленне сістэмы вучэбна-вытворчых камбінатаў. У адказ Наркевіч паабяцаў разгледзець гэтае пытанне на самым высокім узроўні.

Яшчэ адну праблему аграгарадка – адсутнасць тратуара па вул.Вакзальнай — агучыў дэпутат Віталь Парэмскі. Падтрымалі яго кіраўнікі сярэдняй школы і дзіцячага садка. Сапраўды, мясцовым дзецям даводзіцца дабірацца да школы і садка па вуліцы з ажыўленым рухам. Вузкая праезная частка спрыяе стварэнню тут зоны павышанай небяспекі, прытым што шырокая абочына насамрэч дазваляе ўладкаваць тратуар. Юрый Наркевіч адразу звязаўся па тэлефоне са старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном і папрасіў узяць пытанне на кантроль. На яго думку, на вырашэнне “дарожнай” праблемы можна будзе выдаткаваць сродкі з мясцовага бюджэту, якія паступяць ад чарговага суботніка.

У поле зроку высокага госця таксама трапілі праблемы ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка”, дзе зараз адбываецца замена і памяншэнне пагалоўя птушкі. Але, як заўважыла дырэктар прадпрыемства Тэрэса Дыбуль, сітуацыя паціху нармалізуецца.
Актыўна выступалі на сустрэчы настаяцель аранчыцкай Крыжаўзвіжанскай царквы іерэй Аляксандр Мялешка, работнікі мясцовай бібліятэкі, старасты вёсак і іншыя. У прыватнасці, дырэктар Аранчыцкага хлебапрыёмнага прадпрыемства Ірына Замковіч папрасіла члена Савета Рэспублікі на сваім узроўні хадайнічаць перад кіраўніцтвам Беларускай чыгункі аб аптымізацыі графіка руху матавоза (манеўровага лакаматыва), з якім сёння звязана шмат праблем.

Адным словам, кожнаму, хто жадаў выказацца, была дадзена такая магчымасць.

Безумоўна, трымаў слова і сам Ю.І.Наркевіч. У сваім выступленні ён закрануў набалелую тэму санкцый, уведзеных Еўрапейскім саюзам супраць Беларусі, але выказаў упэўненасць, што краіна, у тым ліку Пружаншчына, з гонарам перажыве гэты неспакойны час. Ім былі агучаны дадзеныя пра прырост аб’ёмаў валавога прадукту і рост сярэдняй заработной платы ў рэгіёне, актыўнае будаўніцтва і падтрымку шматдзетных сем’яў і іншае.

— У нас стабільна працуе прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера, — адзначыў Юрый Іосіфавіч. — Лічу, што абраная намі мадэль развіцця прыносіць свой рэальны плён. Я ўпэўнены, што мы спакойна вытрымаем эканамічныя санкцыі. І будзем рухацца наперад…

У гэты ж дзень старшыня абласнога Савета дэпутатаў сустрэўся яшчэ з працоўным калектывам ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка”. Гутарка тут таксама ішла пра чарговы пакет санкцый і рэакцыю на яго простых людзей па ўсёй Беларусі. Таксама даведаўся пра тое, якія меры прымаюцца на прадпрыемстве, каб прыцягнуць і затрымаць маладых спецыялістаў.
Алена Зялевіч, Кацярына Масік (фота).