Суббота, 12 октября 2024

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Юрый Наркевіч на гэтым тыдні працаваў на тэрыторыі выбарчай акругі

283

На бягучым тыдні з чарговым працоўным візітам Пружанскую выбарчую акругу наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч. Як і раней, праграма інтарэсаў народнага абранніка была вельмі разнастайнай.

Працу Юрый Іосіфавіч пачаў з Сухопальскага сельсавета, дзе ў мінулую сераду на базе мясцовага сельвыканкама правёў «прамую тэлефонную лінію» з прыёмам грамадзян. Да дэпутата звярталіся жыхары цэнтральнай сядзібы і навакольных населеных пунктаў з рознымі пытаннямі. Больш за ўсё зваротаў тычылася працы гандлёвых аб’ектаў, добраўпарадкавання вёсак. Шэраг пытанняў Юрый Наркевіч вырашаў адразу, па некалькіх звязваўся з кіраўнікамі адказных службаў, рыхтаваў даручэнні, каб трымаць на кантролі далейшы лёс узнятых вяскоўцамі праблем. Са свайго боку парламентарый пацікавіўся ў старшыні Сухопальскага сельвыканкама Ірыны Кузьміч адносна ўзаемадзеяння паміж мясцовай уладай і кіраўніцтвам сельгаставарыства і іншых арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета. У дадатак ён нагадаў пра існаванне такіх дзяржаўных падтрымак, як агляды-конкурсы населеных пунктаў і Праграма падтрымкі мясцовых ініцыятыў.

Пасля сустрэч з жыхарамі вёсак Юрый Іосіфавіч наведаў Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду. У размове з загадчыцай медыцынскай установы Ірынай Фурса дэпутат пацікавіўся цяперашнім станам сацыяльнага аб’екта, умовамі ўтрымання пацыентаў, а таксама праблемнымі момантамі, дзе патрэбна дапамога дэпутацкага корпуса. Ірына Уладзіміраўна запэўніла пра істотную падтрымку з боку кіраўніцтва медыцынскай галіны раёна і мясцовай вертыкалі. Хаця ёсць і нявырашаныя пытанні, звязаныя, у прыватнасці, з асаблівасцямі адпаведнага заканадаўства, якое рэгулюе аказанне такой дапамогі састарэлым. А яе вельмі хочацца паскорыць, толькі трэба агучыць магчымыя напрамкі перад нацыянальнымі заканатворчымі інстытутамі.

Працоўны дзень Юрый Наркевіч закончыў у аг. Мурава, дзе правёў маніторынг гандлю школьнымі таварамі. Так атрымалася, што ў дзень візіту дэпутата ў аграгарадку працаваў выязны «школьны кірмаш», арганізаваны райспажыўтаварыствам. Падобныя гандлёвыя пляцоўкі будуць з’яўляцца да канца жніўня ва ўсіх аграгарадках раёна, пра што вяскоўцы будуць загадзя даведвацца з аб’яў у стацыянарных магазінах, сацыяльных сетках і групах.

Юрый Іосіфавіч высветліў аддачу ад новай формы гандлю, азнаёміўся з асартыментам і цэнамі на тавары. А таксама даведаўся пра далейшыя планы пружанскіх кааператараў.

На наступны дзень дэпутат Палаты прадстаўнікоў прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама. На гэтым працоўная паездка Юрыя Наркевіча па выбарчай акрузе не завяршылася: народны абраннік наведаў шэраг прамысловых, гандлёвых і сельскагаспадарчых арганізацый Пружанскага раёна.

Алег Сідарэнка.

Фота аўтара