Суббота, 14 декабря 2024

Юрий Левчук и его «Блицкриг»: заинтересовать нельзя заставить

1 039

Не памылюся, калі скажу, што імя настаўніка геаграфіі СШ №5 г. Пружаны Юрыя Леўчука вядома многім жыхарам раёна. Пра яго неаднойчы пісала і наша газета. І вось чарговая нагода! Справа ў тым, што каманда “Бліцкрыг” на абласным турніры па “Што? Дзе? Калі?” у катэгорыі ювеналы (7-9 класы) заняла першае месца. Пружанскія школьнікі абышлі 41 каманду з розных куткоў вобласці, прычым перамагалі са значнай перавагай у колькасці балаў. А ўжо 14-15 сакавіка юныя інтэлектуалы будуць змагацца за званне лепшых на рэспубліканскім турніры ў Магілёве.


Паўтаруся: каб трапіць на рэспубліку, спачатку неабходна прайсці праз раённыя і абласныя спаборніцтвы. І з гэтай задачай каманда ювеналаў паспяхова спраўляецца трэці год запар. У яе складзе выступаюць Ягор Гаўрылюк (8 клас) — капітан, Аляксандр Юзэфовіч (8 клас), Стас Барадніцкі (7 клас), а таксама шасцікласнікі Сафія Кашына і Аляксей Протас. Дарэчы, старэйшы брат апошняга гуляе за каманду юніёраў (10-11 класы), якой сёлета для ўдзелу ў заключным, рэспубліканскім, этапе інтэлектуальных спаборніцтваў не хапіла ўсяго чатыры балы. Пра тое, што юніёры — таксама моцныя, гаворыць той факт, што яны выязджалі на рэспубліку двойчы.
Інтэлектуальнымі гульнямі Юрый Уладзіміравіч Ляўчук захапляецца ўжо з дзясятак гадоў. Здолеў ён зацікавіць гэтым і вучняў: у школе створаны і працуе інтэлектуальны клуб “Глобус”. У ім займаюцца не толькі ювеналы і юніёры, але і вучні 5-7 класаў, якія адносяцца да катэгорыі «дзеці». Аднак трапіць у каманду Леўчука не так проста. Абсалютна ўсе школьнікі, што займаюцца пад яго кіраўніцтвам, прайшлі своеасаблівы кастынг педагога. З вышыні 30-гадовага педагагічнага вопыту Юрыю Уладзіміравічу дастаткова простай размовы, каб выявіць патэнцыял школьніка, узровень яго начытанасці і дасведчанасці. Самае галоўнае тут – уменне хутка і правільна рэагаваць на пытанне і знаходзіць ключ да адказу. Таму і каманда па “Што? Дзе? Калі?” называецца “Бліцкрыг”, а яе дэвіз — “Прыйшоў, пабачыў, перамог”. Што, уласна, і робяць вучні СШ №5.
Папярэднічаюць выступленням на рознага кшталту турнірах шматлікія трэніроўкі. Дарэчы, тры рознаўзроставыя каманды займаюцца разам. Робіцца гэта для таго, каб малодшыя пераймалі вопыт старэйшых, а старэйшыя, у сваю чаргу, не гублялі цікаўнасць да гульні, якой так шмат у малодшых. Пытанні, на якія школьнікі адказваюць падчас такіх збораў, Юрый Ляўчук збірае многа гадоў. Дапамагаюць пошуку цікавых фактаў і тэм і асабістыя кантакты з трэнерамі беларускай лігі інтэлектуальных каманд.
Важна, што Юрый Уладзіміравіч заўсёды бярэцца толькі за тое, што абавязкова дасць вынік. Прызнаецца, што вельмі хоча, каб усе яго вучні дасягнулі ў будучым вялікіх поспехаў і прафесійных вяршынь. І, трэба сказаць, прыклады такіх вучняў ёсць. Многія з выпускнікоў Юрыя Леўчука закончылі факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Былы капітан юніёрскай зборнай Георгій Казлоўскі ў хуткім часе атрымае дыплом выпускніка Варшаўскага ўніверсітэта.
У планах настаўніка ёсць ідэя замацаваць на дзвярах свайго кабінета шыльдачку з надпісам: “Зацікавіць нельга прымусіць”. Дзе будзе стаяць коска ў гэтым выразе, кожны вучань павінен вырашыць сам. Скажу толькі, што ў Юрыя Уладзіміравіча выдатна атрымліваецца менавіта першае, а таму ўпэўнены: на шляху “Бліцкрыга” яшчэ не адна перамога!
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
На здымку: Юрый Уладзіміравіч Ляўчук з членамі каманды ювеналаў.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.