Воскресенье, 20 апреля 2025

Юныя знаўцы з Хараўской СШ расказалі пра сваю падрыхтоўку да інтэлектуальных турніраў

401

У верасні ў школах распачаўся новы сезон інтэлектуальных гульняў. Уважліва сочыць за падзеямі і актыўна рыхтуецца да чарговых спаборніцтваў і каманда інтэлектуалаў з Хараўской сярэдняй школы. У мінулым годзе юныя знаўцы занялі 1 месца ў раённым этапе абласнога сінхроннага турніру па гульнях “Што? Дзе? Калі” сярод 5-7 класаў, 1 месца ў раённым і 2 месца ў абласным піянерскім квізе.


— Дададзім, што яшчэ мы занялі чацвёртае месца ў раённым Калядным турніры, літаральна паўбала нас аддзяляла ад прызавога месца. Сёлета ў нашых планах палепшыць мінулагодні вынік, а калі шчыра, то марым выступіць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Чым мы горшыя? — дзеляцца планамі выхаванцы А.А. Фядотавай, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, якая і вядзе ў школе інтэлектуальны гурток.
У свой час, яшчэ будучы студэнткай, Аляксандра Аляксандраўна прымала актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта “Школа лідара”, адным з накірункаў якога было развіццё інтэлектуальных навыкаў ва ўмовах каманднага ўзаемадзеяння. Потым працавала ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе штогод ад-крываецца змена “Хрустальны зубр”, падчас якой збіраюцца юныя знаўцы з усёй рэспублікі, каб прадэманстраваць свае інтэлектуальныя магчымасці, эрудыцыю і кемлівасць.
— Аднойчы на адну з такіх змен была запрошана беларуская каманда на чале з Алесем Мухіным. Я была ўражана гэтай гульнёй, пагутарыла са знаўцамі і вырашыла паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальным руху. І калі прыйшла працаваць у Хараўскую школу, то арганізавала такі гурток, які наведвае 15 вучняў рознага ўзросту.
— Мы не сумняваемся ў сваіх сілах. Падумаеш, крыху саступілі камандзе з Брэста, гэта, згадзіцеся, ужо поспех! Галоўныя перамогі — наперадзе. Дарэчы, абласное журы ўсё аб’ектыўна ацэньвала, у нас не было крыўдаў, спрэчныя моманты былі толькі ў самой камандзе, калі правільны адказ давала меншасць гульцоў, а іх не слухалі. Але гэта нармальная з’ява на такіх гульнях. Будзем яшчэ больш займацца і працаваць над камандным духам! Трэба думаць аб’ектыўна, канструктыўна, рэфлексіўна! — даюць цікавую параду дзеці. А іх настаўніца дадае:
— Сапраўды, лічу, штовельмі добра сябе зарэкамендавала наша методыка падбору зборнай каманды: на квізах разам з васьмікласнікамі на роўных выступаюць вучні пачатковай школы. І, бывала, калі першыя ў пытанні бачылі нейкі насамрэч не існуючы падвох, то маленькія эрудыты пытанне бралі адразу. Праўда, сёлета плануецца правесці два квізы, таму будзем выстаўляць дзве каманды. Зараз ідзе ўзмоцненая падрыхтоўка.
— Пытанні на гульнях рэдка выходзяць за рамкі школьнай праграмы, — удакладняюць самі знаўцы, — таму мы імкнёмся паглыблена вывучаць прадметы, чытаем шмат навукова-папулярнай літаратуры. Акрамя таго, мы падпісаны на пазнавальныя тэлеграм-каналы, у якіх ёсць магчымасць прайсці тэсты рознай складанасці. Часта збіраемся з сябрамі, абмяркоўваем розныя пытанні. Сочым за “Гульнямі розуму”, якія наладжваюцца ў Пружанах, і трансляцыямі гульняў клуба эрудытаў “Што? Дзе? Калі?”. Адным словам, працуем на высокі вынік, і, упэўнены, ён не прымусіць сябе доўга чакаць.

P.S. На момант выхаду нумара стала вядома, што каманда інтэлектуалаў з Харавы ў абноўленым складзе прыняла ўдзел у раённым этапе абласнога сінхроннага турніру па гульнях “Што? Дзе? Калі?” і аказалася ў сярэдзіне турнірнай табліцы. Але юныя знаўцы не адчайваюцца і плануюць узмоцнена працаваць над іміджам адной з мацнейшых каманд раёна.
Алеся Смайлік. Фота Сяргея Талашкевіча.