Часам кажуць: «Бойцеся сваіх жаданняў — яны могуць ажыццявіцца». З гэтым выказваннем катэгарычна не згодны — і правільна робіць! — вучань спартыўнага класа СШ №3 Яўген Бойка. Хлопчык адкрыта заяўляе: «Я хачу стаць алімпійскім чэмпіёнам!» І робіць усё, каб дасягнуць мэты.

Ужо зараз яго імя гучыць у зводках спартыўных навін, калі гаворка ідзе пра дзіцячыя спаборніцтвы па плаванні абласнога і нават рэспубліканскага значэння. Паказальна, што сезон 2021-2022 хлопчык праводзіць у статусе неаднаразовага пераможцы турніраў, рэкардсмена мнагабор’я і «калекцыянера» залацістых кубкаў розных спаборніцтваў.
Гэты юны «Іхтыяндр» (калі памятаеце, у рамане «Чалавек-амфібія» так звалі галоўнага героя) плавае не толькі днём, але і ўначы.
— Так-так, нават у сне, бывае, ён робіць рухі рукамі, нібы плыве да перамог! — усміхаецца, раскрываючы некаторыя сямейныя сакрэты, мама юнага чэмпіёна Алёна Віктараўна Бойка.
У раннім дзяцінстве Жэня быў вельмі хваравітым, урачы ўсё часцей прамаўлялі словы “бранхіяльная астма”. Таму на сямейным савеце было вырашана лячыць дзіця… вадой. Садзейнічала гэтаму наяўнасць басейна ў дзіцячым садку №3, дзе хлопчык хутка навучыўся плаваць. І калі аднойчы яго завезлі на мора, усе зразумелі, што Жэня і вада — паняцці непадзельныя. Неўзабаве бацькі вырашылі аддаць сына ў секцыю па плаванні, і праз некаторы час Яўген забыўся пра хваробу: ад астмы не засталося ні следу.

Першапачаткова хлопчык займаўся пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Генадзьевіча Махнача. Але вось ужо трэці год на вяршыню славы ўпэўненымі тэмпамі яго вядзе вядомы пружанскі трэнер Сяргей Аляксандравіч Каляда, якога раз пораз называюць «кавалём чэмпіёнаў».
— Трэнер у нас сапраўды цудоўны! Ён робіць усё магчымае, каб нас завезці на спаборніцтвы і радуецца нашым перамогам, як сваім! Без яго падтрымкі нічога б у мяне не атрымалася! — лічыць юны рэкардсмен.
Але трэнер не згаджаецца з дыфірамбамі з свой адрас.
— Гэты хлопчык — знаходка для любога настаўніка! Ён створаны для перамог! Вы толькі паглядзіце на яго размах рук! Традыцыйна на дыстанцыі ён апярэджвае сваіх равеснікаў і нават старэйшых хлопцаў на метраў пяць-сем! Жэня таленавіты, рашучы, старанны і паслухмяны вучань. На любую заўвагу рэагуе адэкватна. Невыпадкова лічыцца самым перспектыўным плыўцом рэспубліканскай лігі плавання сярод дзяцей 2011 г.н. У свае 10 гадоў ставіць рэкорды! Гледзячы на яго, і іншыя нашы пружанскія плыўцы імкнуцца цалкам выкладвацца на трэніроўках! — хваліць выхаванца Сяргей Каляда.
А сам Яўген бярэ прыклад з лепшых беларускіх плыўцоў, такіх, як Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай, якія паспяхова выступаюць за гонар беларускай каманды на самых прэстыжных міжнародных турнірах. Адметна, што Анастасія нядаўна даслала юнаму пружанскаму плыўцу, пра поспехі якога чула, сувенір з аўтографам з алімпійскага Токіа. Хто ведае, можа, праз гадкоў так восем Яўген Бойка ўжо выйдзе на сваю алімпійскую дарожку?
Наперад, Яўген!

Літаральна ў нядзелю Яўген і яго сяброўкі па камандзе Аліна Жорах і Арыадна Варыцкая сталі пераможцамі другога этапу адкрытага кубка «Бітва спрынтараў» на дыстанцыі 50 м вольным стылем. Акрамя таго, другое месца заняў Назар Камінскі.
Віншуем юных плыўцоў і іх трэнера з поспехам і жадаем новых перамог!
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіву трэнера Сяргея Каляды