Інстаграм, сэлфі, хэштэг, квэст — гэтыя ды і многія іншыя не вельмі зразумелыя нам, дарослым, словы, даўно ўвайшлі ў лексікон сучасных падлеткаў. Менавіта на іх мове цяпер размаўляюць у маладзёжным клубе пры гарадскім Палацы культуры. Пра новы час і новыя метады работы наша гутарка з кіраўніком узорнага падлеткавага клуба “Юніёр-Эрудыт-клуб” Ганнай Солад.
— Ганна, вы нядаўна ўзначалілі клуб, а ваша работа ўжо добра бачна ў сацыяльных сетках…
— Акаўнт у Instagram i група на сайце vk.com створаны для таго, каб пазнаёміцца з пружанскімі падлеткамі і расказаць ім пра наш клуб. Гэта самыя папулярныя сацыяльныя сеткі сярод моладзі, таму мы разлічваем на водгук. Мы ўжо правялі тыдзень квэстаў, падчас якіх нашы падпісчыкі выконвалі нескладаныя заданні. Цікава, што пакуль адгукнуліся толькі дзяўчынкі, прычым пераважна з СШ №1, СШ №5 і гімназіі. Дарэчы, можам назваць імя першага пераможцы — гэта васьмікласніца Алена Кісель з СШ №1. Другі вынік у Машы Дзевянцейчык з СШ №5, а трэці — у гімназісткі Любы Мяшэчка.
— Атрымліваецца, што інтэрнэт абраны пляцоўкай для знаёмства, а асноўная работа ўсё ж разгорнецца ў рэальным жыцці. Што ў вашых бліжэйшых планах?
— Планаў шмат! Пружанскіх падлеткаў чакаюць інтэлектуальныя гульні, “Мафія”, майстар-класы, гутаркі з псіхолагам, заняткі па прафарыентацыі. Паспрабуем зрабіць нешта накшталт тэлеперадачы “100 пытанняў да дарослага”. Дарэчы, першай на пытанні пружанскіх падлеткаў адкажа дызайнер Дар’я Луцкевіч. Думаю, юнакам і дзяўчатам будзе вельмі цікава пагутарыць з ёю, бо Дар’я шмат чаму можа навучыць. Таксама на бліжэйшы час запланавана сустрэча з фатографам Аляксандрам Двараніновічам. Саша навучыць рабіць прыгожыя сэлфі. Каб не прапусціць важныя і цікавыя мерапрыемствы, раю падпісацца на старонкі клуба ў сацыяльных сетках.
— Складваецца ўражанне, што клуб жыве не ад мерапрыемства да мерапрыемства, а знаходзіцца ў “тэме” пастаянна. Нешта цікавае, у чым можа прыняць удзел любы жадаючы, адбываецца ў вас кожны дзень?
— Так, клуб заўсёды “анлайн”. У любы час можна задаць пытанне, папрасіць парады або ўнесці сваю прапанову. Можна проста па нашых рэкамендацыях знайсці кнігу або фільм, а пасля параіць іх іншым і разам абмеркаваць.
На самай справе, быць падлеткам складана. Гэта час сумненняў і пошукаў сябе. Наша мэта — не проста разнастаіць вольны час хлопчыкаў і дзяўчынак 12-17 гадоў, але і падставіць сваё плячо, калі ў гэтым будзе патрэба.
https://vk.com/pruzhany_teenzzz
https://www.instagram.com/pruzhany_teenzzz
Кацярына Пашкевіч.