Воскресенье, 8 декабря 2024

Юбілею горада быў прысвечаны раённы мастацкі конкурс імя Алены Лось. Знаёмцеся з пераможцамі!

344

Вось ужо пяты год раённая дзіцячая бібліятэка праводзіць раённы мастацкі конкурс імя Алены Лось. Сёлета творчае выпрабаванне на тэму «Зямля бацькоў — мая зямля» прысвяцілі юбілею горада.

Усяго ў нашым конкурсе паўдзельнічаў 41 чалавек. Самымі актыўнымі былі рабяты, якія займаюцца ў дзіцячай школе мастацтваў імя Р. Шырмы г. Пружаны. Шэраг работ прадставілі вучні дзіцячай школы мастацтваў г.п. Шарашэва, выхаванцы студыі «Шклінка-маляванка», якая дзейнічае пры Палацы культуры. Таксама сярод удзельнікаў — юныя мастакі з цэнтра творчасці і развіцця «Вяршыня», пружанскай гімназіі, СШ №1 імя ЧБВА, Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю. Трэба адзначыць, многія работы прысвечаны архітэктурным помнікам нашага горада і раёна, нашай цудоўнай прыродзе, дарагім мясцінам і куткам Пружаншчыны.

Вось такую выставу дзіцячых малюнкаў арганізавалі падчас раённага свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху».

На працягу мая з творамі юных мастакоў маглі пазнаёміцца наведвальнікі чытальнай залы. А падчас раённага свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху» супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі выставу работ удзельнікаў конкурсу ў гарадскім парку. Выстава выклікала цікавасць у гасцей мерапрыемства.

Аляксандра Волчык — пераможца конкурсу сярод мастакоў 7-10 гадоў.

Пераможцы конкурсу вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях. Такім чынам, сярод мастакоў 7-10 гадоў лепшай прызнана работа Аляксандры Волчык з цэнтра «Вяршыня» (работа «Роднае гняздо»), на другім месцы — Мікіта Харын («Палацык»), на трэцім — Яўгенія Пропер («Нечаканая сустрэча») са студыі «Шклінка-маляванка».

Першае месца ў катэгорыі 11-12 гадоў заняла ўжо вядомая чытачам Ніна Калашнікава («Каля старога кінатэатра»). На другім — Аліса Сяргейчык («Муха і Вец»). Абедзве мастачкі — з ДШМ імя Р.Р. Шырмы. Трэцяе месца тут — у Арыядны Фірсікавай («Зямля пад белымі крыламі») з Шарашэўскай ДШМ.

Работа «Каля старога кінатэатра» Ніны Калашнікавай прызнана лепшай у катэгорыі ўдзельнікаў 11-12 гадоў.

І, нарэшце, сярод юных мастакоў 14-16 гадоў перамогу святкавалі Паліна Глушко («Пасля школы»), Трыфан Лук’яновіч («Водны палац») і Злата Курачынская («Зімовы палацык»). Усе яны з’яўляюцца вучнямі ДШМ імя Р.Р. Шырмы.

Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі, удзельнікі атрымалі дыпломы ў намінацыях, сертыфікаты і памятныя падарункі. Фінансавую падтрымку ў правядзенні конкурсу аказалі аддзел культуры Пружанскага райвыканкама, раённае аддзяленне РГА «Белая Русь» і раённае аддзяленне ГА «Беларускі саюз жанчын».

Вольга Дзімітруковіч, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось

Фота Кацярыны Масік