Роўна 100 гадоў таму, 19 мая 1922 года на II Усерасійскай канферэнцыі камсамола было прынята рашэнне стварыць піянерскія атрады па ўсёй краіне. Гэты дзень лічыцца днём заснавання рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і ў Беларусі.
У суботу ў Пружанах прайшоў фестываль «100 піянерскіх гадоў», на якім прыгадвалася слаўнае мінулае піянерыі і традыцыі, якія перайшлі да сучасных школьнікаў.
— Гэта вельмі слаўная і вялікая дата. Сёння мы, піянеры ХХ стагоддзя, успамінаем наша святочнае піянерскае вогнішча, нашы піянерскія песні. І мне хочацца сказаць юнаму пакаленню: любіце нашу Беларусь і ганарыцеся ёю, гадуйцеся дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. Нам з вамі пашанцавала жыць у гэты час, жыць у мірнай Беларусі. Наша дзяржава робіць усё, каб ваша дзяцінства было шчаслівым, каб вы выраслі годнымі людзьмі і ганарыліся тым, што ваша радзіма — Рэспубліка Беларусь, — павіншаваў усіх са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Падчас мерапрыемства ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ўступіла 100 хлопчыкаў і дзяўчынак Пружаншчыны, для якіх гэты дзень стаў асаблівым. Яны ўрачыста абяцалі, што будуць гатовы служыць на карысць Радзімы, дабру і справядлівасці і з гонарам несці ганаровае званне «піянер».
Урачыстую частку працягнула ўзнагароджанне найлепшых піянерважатых граматамі Брэсцкага абласнога савета ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» за актыўны ўдзел у праграмнай дзейнасці аб’яднання. Піянерскія дружыны бяруць удзел у розных дабрачынных акцыях, інтэлектуальных і творчых конкурсах. І ў гэты дзень былі названы лепшыя з іх.
Вельмі займальнай стала «тэрыторыя дзяцінства», у якую ператварыўся ў гэты дзень Палац культуры: фотазоны, выставы, інтэрактыўныя пляцоўкі. Дзеці з задавальненнем фатаграфаваліся і размаўлялі.
Фестываль, прысвечаны юбілею піянерскай арганізацыі, яшчэ раз даказаў, што за юнымі, смелымі і разумнымі, шчырымі і працавітымі піянерамі будучыня нашай краіны.
Вольга Вадзяновіч. Фота Андрэя Мартынюка