Среда, 17 декабря 2025

Ёсць чаму павучыцца і пераняць вопыт

589

На мінулым тыдні ў Пружанскім раёне прайшоў выязны семінар-практыкум для асоб, якія стаяць у рэзерве кадраў на замяшчэнне кіраўнічых пасад і ўключаны ў кадравы рэестр Главы дзяржавы, а таксама назначаных старшынь райвыканкамаў. Да нас завіталі кіраўнікі райвыканкамаў, розных структурных арганізацый, якія звязаны з адміністрацыйнай дзейнасцю з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці.

Мэта семінара: абмен вопытам па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, удасканаленне кіраўніцкіх ведаў і навыкаў на прыкладзе прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці.
Адзначу, што ў Пружанах гэта быў ужо другі дзень работы выязнога семінара. Першы праходзіў у Баранавіцкім раёне.

Пружанская частка мерапрыемства прадугледжвала пленарнае пасяджэнне і візіты ў шэраг арганізацый раёна. Так, у вёсцы Мокрае — цэнтры Мокраўскага сельсавета, у канферэнц-зале гасцінічнага комплексу «Мікалаеўскі» прайшла канферэнцыя па вывучэнні вопыту работы ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і павышэнні якасці жыцця на вёсцы.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які коратка расказаў пра раён, яго гістарычнае мінулае, дасягненні ў аграрным і вытворчым сектарах.

Дырэктар ААТ «Жураўлінае», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Пішч зрабіў акцэнт на вытворчай базе гаспадаркі, а яшчэ на тым, якімі льготамі, сацыяльнымі пакетамі замацоўваюць кадры ў таварыстве, аб узроўні зарплаты. Ведаеце, скажу адно: з такімі выплатамі, жыллёвымі бонусамі, сацыяльна-культурнай базай, якая ёсць у ААТ «Жураўлінае», не трэба ніякіх гарадоў. Як адзначыў Міхаіл Грышкевіч: «Чым там апошнюю скарынку без солі даядаць, затое з усведамленнем, што ты — гарадскі чалавек, дык лепей быць вяскоўцам, але з добрай зарплатай, выдатным жыллём, чыстым паветрам».Старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч зрабіла невялікі слайд-экскурс па населеных пунктах сельсавета, расказала, як наводзяць парадак, вырашаюць праблемы збору смецця і інш.

Прыемным і ўрачыстым было наведванне Кляпацкай школы. Тут пастараліся вучні і іх кіраўнікі са школьнай агітбрыгады. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік некалькі слоў сказаў аб сетцы адукацыі раёна і асабіста гэтай школы. Затым слова ўзяла дырэктар Кляпацкай школы Ірына Рыбакова. Яна расказала аб навучальнай установе, правяла па класах, працоўнай майстэрні, спартзале. Асабіста гасцей парадавалі вучні, іх настаўнік па працы ў майстэрні. Хлопчыкі з захапленнем расказвалі, як ім цікава займацца, рабіць нейкія прылады, якія спатрэбяцца ў паўсядзённым жыцці (на здымку ўнізе).

Пабывалі мы таксама ў мехпарку ААТ «Жураўлінае». Тут ва ўсім бачна гаспадарская рука: усюды чыста, прыбрана, як на салдацкім пляцы, нават каплі масла альбо паліва на асфальце нябачна. Вось так трэба ўтрымліваць аб’екты вытворчасці.

У цэнтральнай сядзібе ААТ «Велікасельскае Агра» мы наведалі зернесушыльны і малочна-таварны комплексы ў аграгарадку Вялікае Сяло (на здымку ўверсе). Адзначу, раслінаводства і жывёлагадоўля ў гэтым акцыянерным таварыстве пастаўлена на высокі ўзровень. Таму тут і добрыя ўраджаі атрымліваюць, важкую прывагу ў мясной і малочнай галіне. Сакрэт гэтага — добрыя спецыялісты, якія не дарма грошы зарабляюць. Тут распрацаваны цэлыя тэхналогіі вытворчасці кармоў, захавальнасці жывёлы. Шчаслівых і задаволеных кароў мы мелі магчымасць назіраць на МТК. Так што такія не толькі пасуцца на альпійскіх лугах і даюць якаснае малако, але і ўтрымліваюцца на жывёлагадоўчых комплексах у ААТ «Велікасельскае Агра».

Апошнім пунктам прыпынку ўдзельнікаў выязнога семінара-практыкума стала ААТ «Пружанскі льнозавод». З вытворчым працэсам азнаёміў дырэктар прадпрыемства Мікалай Жогал.
Перад ад’ездам дэлегацыя з Магілёўскай вобласці ўсклала кветкі да помніка «Спаленым вёскам».


Віктар Ільюшчанка
Фота Кацярыны Масік