Понедельник, 11 ноября 2024

Ён у нас адзіны сведка тых падзей. Удзельніку Курскай бітвы Івану Алякумаву сёння — 99 гадоў

521

Час няўмольна бяжыць наперад, паступова сціраючы добрыя і кепскія ўспаміны. Прайшло ўжо 80 год з моманту Курскай бітвы. З кожным годам змяншаецца колькасць сведкаў тых падзей. На Пружанскай зямлі застаўся адзіны чалавек, які прымаў непасрэдны ўдзел у гэтым каласальным змаганні, — Іван Міхайлавіч Алякумаў, якому сёння, 6 жніўня, споўнілася 99 гадоў.

Іван Міхайлавіч нарадзіўся ў Петрапаўлаўцы — невялікім раённым цэнтры Варонежскай вобласці ў шматдзетнай сям’і сялян. Бацька Міхаіл Паўлавіч у трыццатыя гады быў актыўным удзельнікам будаўніцтва калгасаў, у ліку першых аддаў быкоў і каня. Мама — Марфа Пятроўна — займалася гаспадаркай, а калі ў 1936 годзе памёр муж, ва ўзросце 36 гадоў засталася ўдавой з чатырма непаўналетнімі дзецьмі.

Іван Міхайлавіч у кнізе «95 старонак біяграфіі Івана Алякумава», якая стала часткай праекта «Гісторыя, расказаная народам», узгадваў, як упершыню пачуў самае страшэннае слова. Слова, якое змяніла яго жыццё:

— 22 чэрвеня 1941 года з хаты выйшла мама і вымавіла: «Вайна!» Рукою яна паказала ў бок расчыненых дзвярэй дома, дзе з рэпрадуктара гучала паведамленне Савінфармбюро аб нападзенні Германіі на Савецкі Саюз.

Праз год, 10 чэрвеня 1942 года, дырэктар Петрапаўлаўскай школы, дзе вучыўся Іван Алякумаў, звярнуўся ды выпускнікоў: «Дзеці, сёння вы атрымалі атэстат сталасці, але выпускнога вечара не будзе. Усіх вас прызываюць у армію».

— Маім домам стаў франтавы акоп, а адзеннем і ложкам — шэры шурпаты салдацкі шынель. Мая ваенная служба доўжылася 13 гадоў і шэсць месяцаў, у тым ліку тры гады падчас вайны, — пісаў ветэран.

Яшчэ ўчарашні школьнік 18-гадовы Іван Алякумаў у складзе 108-га асобнага армейскага батальёна супрацьтанкавых ружжаў стаў на абарону Варонежа. Потым было вызваленне Курска, Льгова…

— Вясна 1943 года. Наш батальён аказаўся на самым пярэднім краі Курскага выступу. Першая падрыхтоўка да наступлення выклікала нечалавечы страх. Уявіце сабе карціну: танк ідзе ўздоўж кулямётных пазіцый, а тым часам разлік абавязаны прыбраць зброю ў акоп і там жа схавацца на кукішках. Машына літаральна засыпала нас зямлёй, здавалася, нас хаваюць жывымі. Тым не менш мы павінны былі ўставаць амаль з таго свету і быць гатовымі да адсячэння пяхоты ад танкаў, — успамінае старонкі сваёй франтавой біяграфіі Іван Міхайлавіч.

Літаральна з першых дзён баявога шляху хлопец зразумеў, што вайна — гэта бесперапынная цяжкая праца, якую ўвесь час суправаджае подых смерці. У штодзённай агнявой купелі юнакі гартаваліся, мужнелі і сталелі. Памяталі загад: «Ні кроку назад, толькі наперад!»

Увосень 1943 года Іван Алякумаў вызваляў ужо Жытомірскую зямлю. Складана падлічыць, колькі разоў чырвонаармейцу даводзілася праяўляць мужнасць і адвагу, рызыкаваць жыццём. Самай небяспечнай сітуацыяй стала абарона каля вёскі Белакаровічы. Тады салдат атрымаў скразное кулявое раненне левай паловы грудной клеткі. Лячэнне зацягнулася на чатыры месяцы.

Пасля вучобы ў авіяцыйнай школе паветраных стралкоў-радыстаў Івана Алякумава залічылі ў 54-ы авіяцыйны полк пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў. У пачатку 1945-га Іван Міхайлавіч зноў быў на фронце і ваяваў да таго дня, калі над рэйхстагам узвіўся савецкі сцяг.

Сёння пра гераізм гэтага чалавека сведчаць шматлікія ўзнагароды на парадным кіцелі: ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За свабоду і незалежнасць Польшчы»…

Здаецца, што кожную старонку сваёй біяграфіі Іван Міхайлавіч пісаў так, каб потым не было сорамна ні перад сабой, ні перад спадчыннікамі.

З вышыні пражытых гадоў Іван Алякумаў падкрэслівае, што ёсць на свеце скарб, даражэйшы за любую ўзнагароду, — гэта родныя людзі. Так здарылася, што ўраджэнец Варонежскай зямлі застаўся на Пружаншчыне, дзе сустрэў сваю другую палавіну — Лію Мікалаеўну, выхаваў дзвюх дачок, дзе сёння цешыцца поспехамі сваіх унучак і шматлікіх праўнукаў.

Без малога сорак гадоў мужчына адпрацаваў у сістэме ваеннага гандлю. За гэты час, паводле запісаў у працоўнай кніжцы, атрымаў амаль 80 падзяк. Працяглы час быў адказным сакратаром раённага савета ветэранаў, у 2013 годзе ўдастоены звання «Ганаровы ветэран».

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Іван Міхайлавіч вядзе актыўную патрыятычную работу, дзеліцца ўспамінамі аб вайне.

Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў


Даведка «Раённых будняў»

Курская бітва, 5 ліпеня — 23 жніўня 1943 года (нароўні са Сталінградскай), стала пераломным момантам не толькі ў ходзе Вялікай Айчыннай, але і Другой сусветнай вайны. Пасля перамогі савецкіх войскаў на гэтым этапе змагання ўсяму свету стала зразумела, што ў склад фашысцкай арміі ўваходзяць звычайныя людзі, міф аб непераможнасці вермахта быў развеяны. Чырвоная Армія перайшла ад фазы абарончых баёў да наступлення, гітлераўцы пачалі рух на захад.