
У папярэдніх нумарах мы неаднаразова вярталіся да набалелага, а менавіта, гаварылі аб вакцынацыі, ускладненнях, прыводзілі канкрэтныя прыклады. Расказвалі, як можна пазбегнуць падобных праблем і выйсці пераможцам у барацьбе з агрэсіўным вірусам. Сёння закранём тэму вакцынацыі ў сельскай мясцовасці і даведаемся, чаму ў аддаленых кутках людзі больш адказныя і да свайго здароўя ставяцца вельмі ўважліва.
Калі браць у працэнтных суадносінах, то ў Вялікім Сяле кожны год прышчапляецца не менш за палову насельніцтва, — распавядае загадчыца ФАПа Тамара Пацапня. — Гэта вельмі добры паказчык, і ў нашай мясцовасці праблем з прафілактыкай ніколі не было. Тут раслі мае дзеці і ў школе я сваіх заўсёды першых прышчэплівала, так сказаць, паказвала прыклад. тады і іншыя бацькі ахвотна згаджаліся на прышчэпку. Раней вакцына не была настолькі даступная, як зараз. Давалі толькі дыспансерным, групе рызыкі, якая працуе, і старэйшым за 65 гадоў. Цяпер выкарыстоўваецца расійская вакцына «Грыпол плюс» і прывіваем усіх жадаючых. З года ў год пры праходжанні дыспансерызацыі мы праводзім тлумачальныя гутаркі з пацыентамі аб неабходнасці прышчапіцца, хаця нашы жыхары і так усё ведаюць і ахвотна запісваюцца. Многія, пачынаючы ўжо з верасня, самі тэлефануюць і пытаюцца аб пачатку прышчэпачнай кампаніі. Людзі прыходзяць цэлымі сем’ямі і ў дзень мы прышчэпліваем да 30 жыхароў. Можа быць, гэта звязана з тым, што ў вёсцы аўтарытэт фельчара значна вышэйшы, чым у горадзе, і людзі менш давяраюць інтэрнэту, а больш доктару. Адсюль і давер, і разуменне слова — трэба!
— У аг. Лінова сітуацыя прама супрацьлеглая. У 2024 годзе прышчэплена 19 працэнтаў насельніцтва, у папярэднім усяго 14 працэнтаў. Лічба крыху большая, але ўсё роўна гэтага мала. Па медычнай амбулаторыі ў нас лічыцца больш за дзве з паловай тысячы пацыентаў, разам з Бакунамі і Гарадзечна. Вядома, Лінова ў разы большы, ды і блізкасць да райцэнтра, мабыць, уздзейнічае на светапогляд, — падкрэслівае ўрач агульнай практыкі, загадчык Ліноўскай амбулаторыі Сяргей Халаловіч. Падрыхтоўку да прышчэпачнай кампаніі пачынаем яшчэ ўлетку. Абнаўляем інфармацыю на наглядных стэндах, рыхтуем спецыяльныя буклеты. Таксама праводзім санпрасвет работу: наведваем прадпрыемствы, дзіцячы садок, школу, гутарым з пацыентамі непасрэдна на прыёме. Далей складаем спісы жадаючых і ў кастрычніку пачынаем вакцынацыю. Нізкі працэнт прышчэпленых, я лічу, звязаны ў першую чаргу з празмерным уплывам неадэкватнай інфармацыі, крыніцай якой з’яўляецца інтэрнэт. Людзі не ўмеюць адсейваць непатрэбнае і заглынаюць усё запар. Дзеці прышчэпліваюцца толькі з дазволу бацькоў, якія ўпэўнены, што самі ведаюць, як лепш. І што бы медыкі не рабілі, атрымліваецца замкнёнае кола. У каго ўзнікае страх захварэць пасля прышчэпкі, хтосьці аднойчы дрэнна яе перанёс, і народная гаворка пра яе неэфектыўнасць разлятаецца маментальна.
Безумоўна, даступнасць вакцын медыцынскія работнікі забяспечваюць на высокім узроўні як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Застаецца адно — кожнаму з нас усвядоміць неабходнасць і важнасць вакцынацыі, тым самым засцерагчы сябе і сваю сям’ю ад цяжкіх наступстваў.
Ірына Велясевіч