
На мінулым тыдні прайшоў восьмы з’езд Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя, у рабоце якога прыняў удзел міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.
У з’ездзе прынялі ўдзел прадстаўнікі медыцынскай галіны і нашага раёна — галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Юрый Юзько і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Шэйка.
Першым на парадку дня з’езда стаяла пытанне аб падвядзенні вынікаў працы БПРАЗ з лютага 2020 года па снежань 2024-га. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла падкрэсліў, што мінулыя пяць гадоў і для краіны, і для галіновага прафсаюза былі інтэнсіўныя з пункту гледжання работы ў калектывах, і атрымалі высокую адзнаку.
Па выніках 2024 года лепшыя работнікі сферы былі адзначаны ганаровымі граматамі і нагруднымі знакамі. Адну з высокіх узнагарод «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» за шматгадовую плённую працу, прафесійнае майстэрства і высокія асабістыя дасягненні ў галіне аховы здароўя з рук міністра атрымаў галоўны ўрач раённай бальніцы Юрый Юзько.
У сваю чаргу Юрый Віктаравіч у адрас міністра выказаў словы падзякі за такую высокую ацэнку, дадзеную яго прафесійнай дзейнасці, а таксама падкрэсліў, што адзін у полі не воін і гэта ўзнагарода ўсяго калектыву ЦРБ. А яшчэ добры падмурак і выдатны стымул, каб імкнуцца наперад, працаваць з вялікай аддачай, каб медыцына ў раёне стала яшчэ больш якаснай і даступнай.
Ірына Велясевіч. Фота з архіва ЦРБ