Вторник, 23 июля 2024

Яшчэ адна ўдзельніца Прэзідэнцкай Галоўнай ёлкі краіны-2023 Анастасія Папко падзялілася ўражаннямі

503

Сям’я Нежавец з Пружан, думаецца, не мае патрэбы ў прадстаўленні. Называць яе звычайнай неяк няёмка, хаця самі Лірына і Аляксандр, бацькі-выхавальнікі, не дзеляць дзетак на сваіх і чужых. Кожнага, а зараз іх 15, стараюцца выхоўваюць у атмасферы любові, пяшчоты, павагі да іншых. У доме сямейнага тыпу на вул. Р. Шырмы ў Пружанах таксама вельмі любяць сустракаць гасцей. Многа іх у навагодні і калядны час. І, канечне, прыходзяць яны з падарункамі. Адным з такіх падарункаў для Анастасіі Папко, якая выхоўваецца ў сям’і, стала паездка на Галоўную ёлку краіны.

Сёння Насця (на здымку — справа) — вучаніца 7 «Б» класа СШ № 4 г. Пружаны, і, па словах дзяўчынкі, паездка на Прэзідэнцкую ёлку для яе была ўжо трэцяй, але штораз запрашэнню ў Мінск радуецца нібыта ўпершыню. Яно і нядзіўна: гэта не проста ўвага ад Прэзідэнта, але і ацэнка значнасці для дзіцяці і выдатная матывацыя. Не толькі для саміх запрошаных, але і для іх сяброў і аднакласнікаў таксама. Усё таму, што шанец трапіць на ёлку ёсць у кожнага дзіцяці краіны.

Анастасія Папко падзялілася з карэспандэнтам сваімі ўражаннямі:

— Вельмі рада была зноў пабываць на такім грандыёзным мерапрыемстве. Запомнілася літаральна ўсё, прычым у дэталях. Вялікае захапленне выклікала цыркавое прадстаўленне. Вельмі ўдзячна за смачныя абеды і вячэры поварам, якія з любоўю гатавалі для нас. Цікава было стаць удзельнікамі аглядавай экскурсіі па Мінску, вячэрняй гульнявой праграмы, якую правялі ў першы дзень нашай паездкі. Словам, сумаваць не было калі!

Але ж больш за ўсё ўражанняў пакінула, канечне, сама Галоўная ёлка краіны і зварот Прэзідэнта да нас. А ён падкрэсліў, што ў зале сабраліся самыя лепшыя дзеці Беларусі. Гэта прыемна і ганарова. Вельмі ўдзячна нашаму Кіраўніку дзяржавы за запрашэнне і падарункі. Я ў поўным захапленні ад паездкі! Вялікі дзякуй за запрашэнне і магчымасць зноў акунуцца ў сапраўдную казку.

Лірына Юр’еўна таксама падзялілася сваімі эмоцыямі ад такога падарунка для дачкі. Па словах мамы, ёй вельмі прыемна, што Насця зноў становіцца ўдзельніцай мерапрыемства такога маштабу.

— І кожны год дзіця вяртаецца з палаючымі вачыма і захапленнем. Гэта зараз эмоцыі крыху сціхлі, але калі толькі прыехала, Насця была вельмі ўзрушанай. Ведаеце, для нашай сям’і і для маіх дзетак вельмі важна — пачуць ад Кіраўніка дзяржавы, што яны — лепшыя.

Ужо само запрашэнне на Галоўную ёлку краіны — гэта не проста паштоўка, гэта сапраўдны сувенір, які, думаю, Насця абавязкова будзе захоўваць як памяць пра такую падзею. Як рукзак, будзільнік, як захоўвае іншыя сувеніры, а кожны раз яны ўнікальныя. Дзякуй, што пра нашых дзетак памятаюць, дзякуй за шматлікія падарункі ў рамках акцыі «Нашы дзеці» ўсім арганізацыям і грамадскім аб’яднанням, якія завіталі да нас. Паверце, гэта заўсёды вялікае свята для малых і вялікае шчасце для бацькоў — бачыць шчаслівымі іх.

Дарэчы, Лірына і Аляксандр не проста прыёмныя бацькі, але яшчэ і блогеры. У мамы — 33 тыс., у таты — 10 тыс. падпісчыкаў. Публікацыя ў нашым Instagram-акаўнце @budni.by, у якой мы расказалі пра адно з навагодніх віншаванняў Нежаўцоў, зробленая ў сааўтарстве з іх акаўнтамі @mama__lira і @aleksandrnezhevets, набрала 5300 лайкаў. Гэта абсалютны рэкорд для «раёнкі» і пацвярджэнне нераўнадушнасці жыхароў раёна да сям’і. Напрыканцы мінулага года вялікі матэрыял пра сям’ю выйшаў у нашых калег па «Сельской газете». А літаральна на мінулым тыдні на тэлеканале «Беларусь 1» у праекце «Адзін дзень» карэспандэнты паказалі, з чаго складаецца побыт сям’і, а самі бацькі і дзеці расказалі, ці проста гэта — быць такой вялікай сям’ёй. Глядзіце відэа на YouTube-канале «Беларусь 1», а ўсёй сям’і ў новым годзе жадаем моцнага здароўя, любові, цярпення, шчасця і добрага настрою!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік