Воскресенье, 18 января 2026

Яркія фарбы талентаў дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Шырмы.

656

Мастацтва — гэта вечнасць, якая жыве ў кожным з нас…». Менавіта так можна сказаць пра навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў імя
Р. Шырмы. Сёння яны стаяць на парозе новага жыцця — юныя мастакі, віртуозныя музыкі, грацыёзныя танцоры, чые імёны назаўжды ўпісаны ў гісторыю школы. Кожны з іх унікальны, са сваёй асаблівай іскрай, што запальвала сэрцы настаўнікаў і гледачоў на працягу 5 гадоў.

Сонечныя прамяні, шчаслівыя ўсмешкі і адчуванне чароўнага свята — такім запомніўся мінулы чацвер выпускнікам дзіцячай школы мастацтваў. Традыцыйным шэсцем пад гукі школьнага духавога аркестра 50 юнакоў і дзяўчат прайшлі па вуліцах роднага горада да Палаца культуры, дзе іх чакала ўрачыстая цырымонія.

Выпускны вечар — не проста развітанне са школьнымі сценамі, гэта пачатак новага шляху, дзе кожны з іх ужо пераможца. Іх таленты, як крылы, паднялі іх над звычайнасцю, і ў гэты вечар яны зрабілі яшчэ адзін крок да мары. Кожны момант свята стаў часткай іх унікальнай гісторыі, бо мастацтва — гэта цудоўныя галасы, яркія эмоцыі і гэта — іх спадчына. Вечар таксама напоўніўся ноткамі суму, гарачымі пажаданнямі і цёплымі ўспамінамі.

— Пяць гадоў вучобы праляцелі як адно імгненне. Гэта незабыўныя выступленні, новыя сустрэчы, прафесійны рост і яркія ўражанні. Я скончыла харавое аддзяленне і далей хачу звязаць сваё жыццё толькі з музыкай, — гаворыць выпускніца Марыя Куляшова. — Буду паступаць у Брэсцкі музычны каледж ім. Р. Шырмы і хачу, каб нашы педагогі ганарыліся мной. У кожнага з нас яны ўклалі часцінку сваёй душы, навучылі тонка адчуваць музыку, за што ім вялікі дзякуй!
Віншуем выпускнікоў, іх настаўнікаў і бацькоў з гэтым важным этапам! Сёлета сцены роднай «альма-матар» з дыпломам выдатніка пакідаюць 7 выпускнікоў. Няхай шлях, які яны абралі, асвятляюць зоркі зямныя, а ў сэрцы заўсёды жыве чароўная музыка, намаляваная душой і натхненнем!


Ірына Велясевіч.
Фота аўтара