Тройчы «народжаны». Менавіта так можна назваць матацыкл «Іж Планета Спорт», уладальнікам якога з’яўляецца жыхар горада Алег Мураўлёў. А ўсё з-за таго, што лёс гэтага двухколавага транспартнага сродку быў сапраўды нялёгкім.
Алегу пашанцавала стаць уладальнікам гэтага «жалезнага каня» ў далёкім 1990-м годзе, калі той толькі паступіў у продаж. Хлопец зусім нядаўна атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, у тым ліку з адкрытай катэгорыяй «А». А як без матацыкла? Ды вось бяда: кошт той мадэлі, што ён выбраў, дасягаў тысячы рублёў, а назбіраў хлопец са стыпендыі і кішэнных грошай… крыху больш за 40 рублёў. Іншага выйсця, як скарыстацца зберажэннямі бацькоў, больш не было.
— Добра, што тата і мама зразумелі маё літаральна фанатычнае жаданне, — успамінае Алег. Так ці інакш, але новенькі матацыкл «Іж Планета Спорт» займеў свайго гаспадара.
Трэба сказаць, што матацыклы гэтай мадэлі ішлі пераважна ў аранжавым колеры. Чорныя «Іжы» былі вялікай рэдкасцю, уладальнік такога транспарту сярод рокераў таго часу станавіўся лідарам. Алегу дастаўся таксама аранжавы, але хлопец знайшоў выйсце: у знаёмага ўзяў бакавыя пласціны і паліўны бак чорнага колеру. І ў выніку яго новенькі матацыкл быў зарэгістраваны ў МРЭА ДАІ такім, як і марылася юнаку.
Паўгода Алег адчуваў сябе самым шчаслівым сярод равеснікаў. Аднак прыйшоў час адпраўляцца ў армію, і хлопец быў вымушаны прадаць свайго «жалезнага каня».
— Аддаў яго ў чужыя рукі за паўцаны, а сэрца шчымела, нібыта прадказвала той лёс, што чакаў майго любімца. Два гады пастаянна яго ўспамінаў, а пасля дэмабілізацыі яшчэ год шукаў па ўсім раёне.
Аднойчы бацька падказаў Алегу, што ў адной з вёсак бачыў нешта падобнае. Як аказалася, гэта і быў яго колішні матацыкл, але тэхніка і далёка не паходзіла на таго бліскучага прыгажуна, ад якога юнак вымушана адмовіўся. За некалькі месяцаў матацыкл быў адноўлены, балазе, у той час хапала і запчастак, і майстроў, што валодалі навыкамі рамонту падобных машын.
Тым не менш, радаваўся адноўленаму сяброўству Алег Мураўлёў нядоўга. Праз некаторы час ён вырашыў зрабіць свайму хрэсніку шчодры падарунак і перадаў таму ключы ад «Іжа». І, як высветлілася, асудзіў матацыкл на чарговае выпрабаванне.
Жыццё закруціла Алега ў моцным віры, і часу на якія-небудзь захапленні практычна не заставалася. Калі больш-менш усё наладзілася, ён зноў успомніў пра сваё «юнацкае шчасце» і вырашыў даведацца пра лёс свайго першага матацыкла. Дагэтуль, дарэчы, ён паспеў набыць даволі знакамітыя мадэлі байкаў, стаць аматарам адпаведнага руху. Але ў чарговы раз сядаючы за руль двухколавага «монстра», пружанец успамінаў той самы першы «Іж».
— У 2018-м годзе ўдалося яго адшукаць. І зноў я ледзь не расплакаўся, бо тэхніка мала чым адрознівалася ад кучы металалому.
Зноў давялося заняцца аднаўленнем, вось толькі рэалізаваць задуманае стала няпроста. Алегу ўдалося знайсці некалькі «донараў», з якіх атрымаў запчасткі. Таксама пазнаёміўся з аматарамі падобных «Іжоў», каб абменьвацца вопытам аднаўлення.
Сярод новых знаёмых знайшоўся сапраўдны спецыяліст, які многаму навучыў Алега і даў нямала карысных парад. У выніку матацыкл атрымаў трэцяе нараджэнне, хаця яшчэ не зусім гатовы да выезду на трасу. Не хапае оптыкі, паваротаў, кошт якіх зараз набліжаецца да сярэдніх па Беларусі заробкаў.
Аднак Алег не сумуе, спадзеючыся, што ўсё-такі хутка зможа вярнуць свайму двухколаваму сябру першапачатковы выгляд. І мяркуе зрабіць гэта напярэдадні закрыцця мотасезона бягучага года.
— Па нашых правілах двухтактныя матацыклы не могуць узначальваць байкерскую калону, але ж мне такое права паабяцалі даць, улічваючы лёс гэтага «Іжа», — па ўсім бачна, што гэта сапраўдная ўзнагарода за тое, што давялося вытрымаць Алегу і яго тэхніцы.
Сапраўды, неаднаразова даводзілася чуць гісторыі пра тое, як хатнія гадаванцы праз гады знаходзілі сваіх гаспадароў. А тут, здаецца, нежывая машына, якая зноў і зноў вярталася да таго, з кім упершыню адчула вецер хуткасці, намотваючы коламі першую сотню кіламетраў дарогі.
А можа, не настолькі яна нежывая і мае ўласнае сэрца, здольнае біцца ва ўнісон з сэрцам свайго гаспадара?
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік