«Кожны раз, калі гадзіннік біў, з‘яўляліся жывыя карціны… У гадзіну паказваўся Майсей на гары і чарціў на скрыжалі першую запаведзь. У дзве – з’яўляўся райскі сад двух шчасліўцаў… У тры — трое цароў, якія ішлі з усходу… Нарэшце, біла дванаццаць, і з’яўляўся начны вартаўнік, і спяваў старадаўнюю песеньку: поўнач надышла, Збавіцель нарадзіўся!..»
Г.Х.Андэрсан. «Самае неверагоднае»
Як хутка бяжыць час. Вялікі казачнік напісаў сваю знакамітую казку ў далёкім 1870 годзе, а мне пашчасціла пачуць яе адгалоскі ўжо ў 2022. Дзінь-бом, дзінь-дзінь-бом… Нібы далікатным дабравестам старадаўні гадзіннік заклікае жыхароў Ружан і гасцей пасёлка на неверагодную выставу, якая ў святыя калядныя дні адкрылася ў Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу і будзе працаваць да 30 студзеня.

Спяшайцеся яе наведаць, час ідзе… Стваральнік выставы Андрэй Пятрашка — нібы жывое ўвасабленне галоўнага героя казкі. Сапраўдны «мастак, творца гадзін, чалавек яшчэ малады, сардэчны, з дзіцяча вясёлай душой» распавядае аб кожным сваім экспанаце з такой цеплынёй, што здаецца, ён на імгненне спыняе час.
Што цікава, яго любоў да старадаўніх гадзіннікаў пачалася зусім не з казкі, а з фільма «На зыходзе лета», які выйшаў на экраны ў 1979 годзе.
— Мяне, на той момант дзесяцігадовага хлапчука, уразіла гісторыя пра пажылога чалавека, які сабраў дзіўную калекцыю гадзіннкаў, але на старасць гадоў быў «выкінуты» роднымі дзецьмі на звалку гісторыі — у прытулак. Дзеці засталіся жыць у вялікай кватэры. А старога ў фінале забралі да сябе ўнук з жонкай, у іх цеснай кватэрцы хапіла месца для любві і бою дзясяткаў насценных гадзіннікаў… Я мару дажыць да старасці і перадаць сваю калекцыю ў надзейныя рукі. Няхай, калі не дзеці, то ўнукі ці праўнукі яе захаваюць і прымножаць, — кажа мужчына, у якога ёсць двое дзяцей і ўжо двое ўнукаў, на кожнага з іх ён ускладае вялікія надзеі.
Андрэй Пятрашка мясцовы, нарадзіўся ў Ружанах. Тут адбылося і яго станаўленне як аматара гісторыі і збіральніка даўніны.
— У Ружанскай школе калісьці была цудоўная настаўніца гісторыі па прозвішчы Шышкіна, яна так цікава расказвала, што нават «двоечнікі» пачыналі разважаць над гістарычнымі падзеямі. Ды і сам пасёлак з яго слаўным мінулым не можа не ўплываць на тых, каму пашчасціла тут нарадзіцца. Я тут вырас. Тут шмат год працаваў у міліцыі. Так распарадзіўся лёс: пасля заканчэння машынабудаўнічага інстытута пайшоў у зусім іншую сферу, дзе «затрымаўся» да пенсіі. Як кажуць, шчаслівыя гадзін не назіраюць, — жартуе Андрэй Іванавіч.

Дарэчы, менавіта тады, у далёкім 1994-м годзе, у яго жыцці з’явіўся першы старадаўні гадзіннік.
— Згнілы корпус і няспраўны механізм не выклікалі надзеі. Але мне як інжынеру-механіку было цікава, як гэты механізм уладкаваны і ці змагу я яго ажывіць. Не забудуся тых адчуванняў, калі я механізм запусціў. Паехаў на дзяжурства і ўсю ноч гадаў: ідуць ці ўжо спыніліся. Якое было шчасце, калі вярнуўся дадому і чую: дзінь-бом… Так я зразумеў, што змагу «выратаваць час».
З таго часу прайшло без малога тры дзясяткі гадоў, і сёння калекцыя Андрэя Пятрашкі налічвае больш за шэсцьдзесят экспанатаў. На жаль, выставачная зала цэнтра культуры змагла змясціць толькі палову з іх. Але і гэтай колькасці, прызнацца, хапае, каб ацаніць маштаб праведзеных гадзіннікавым майстрам работ.
— Па маладосці я браўся за аднаўленне ўсіх старадаўніх гадзіннікаў, якія трапляліся мне ў рукі. З гэтай мэтай асвоіў такарную справу і іншыя спецыяльнасці, неабходныя для рэстаўрацыі механізмаў. Да кагосьці звяртацца па падобныя паслугі — доўга і дорага. З часам перастаў збіраць гадзіннікі, у якіх патрабавалася замена корпуса. Цяпер стараюся, каб аўтэнтычнасць цалкам захоўвалася. Каб нават цвікі, забітыя ў 18 стагоддзі, працягвалі жыць. Менавіта ў даўніне гістарычная каштоўнасць.

Карпусы прадстаўленых на выставе гадзіннікаў зроблены з дарагіх зносаўстойлівых парод дрэва — дубу, арэху, упрыгожаны так званымі «каронамі» і «бародамі» і адзін за аднаго прыгажэй: кожная дэталь – асобны твор мастацтва. Аднак гаспадар выставы падкрэслівае, што для яго паняцце прыгажосці ў гадзінніках — даволі адноснае. Значна важней іх стыль і адпаведнасць той ці іншай гістарычнай эпосе.
— Я не магу вылучыць нейкі адзін гадзіннік па прыгажосці. У іх усё арганічна. Дарэчы, усе мае насценныя гадзіннікі — з боем, прычым унікальным. Таму стрэлкі на іх, паводле маёй задумы, і паказваюць розны час, каб наведвальнікі чулі бой па чарзе. Слухайце, што зараз пачнецца…
Казачны гук, які раздаецца ў выставачнай зале, адны параўноўваюць з цурчаннем горнага ручайка, іншыя — з царкоўным перазвонам, трэція пазнаюць арганную паліфанію… А нехта чуе гісторыю пра чалавека, які сваімі рукамі і за сваю працоўную капейку аднавіў векавую прыгажосць. Нешта дапамаглі набыць аднадумцы.
— Вось гэтыя французскія і бельгійскія камоды-секрэтэры, якія купіў для каміннага гадзінніка, прывезлі сябры. А гэты насценны гадзіннік падарыў мой даўні ружанскі сябар Пеця Філітовіч. Як даведаўся, што збіраю старадаўнія гадзіннікі, пабег дахаты: успомніў, што ў дзяцінстве бачыў такія на гарышчы. Я не верыў, а ён вярнуўся з гадзіннікам. Паўстагоддзя ляжалі на гарышчы і чакалі сваёй гадзіны, зараз вось красуюцца на выставе. Дзякуй кіраўніку цэнтра культуры і вольнага часу Аляксандру Барысевічу, які не толькі натхніў мяне на такі прыгожы выставачны праект, але і выдзяліў плошчу. Без яго нічога не атрымалася б!
Але, як аказалася, не ў кожным са сваіх знаёмых Андрэй Пятрашка знайшоў аднадумцаў.

— Некаторыя мяне і зараз не разумеюць: гавораць, маўляў, навошта табе ўсё гэта, лепш бы машыну купіў або на моры адпачыў. А я не хачу жыць толькі хлебам і відовішчамі. Я рамантык, для мяне каштоўнасць у іншым. І добра, што родныя і блізкія мяне падтрымліваюць. Я шчаслівы, калі бачу, як на выставу прыходзяць людзі і захапляюцца разам са мной. Як прыбягаюць школьнікі, а потым на наступны дзень прыводзяць сваіх бацькоў. Адзін наведвальнік нават прызнаўся, што не верыў, што ў нашым правінцыйным пасёлку можна ўбачыць такую прыгажосць. Іншы папрасіў завесці патэфон… Сядзеў, слухаў «Падмаскоўныя вечары» ў выкананні Уладзіміра Трошына і… заплакаў, прызнаўшыся, што хоча тут застацца, – распавёў захавальнік гадзіннікаў.
На пытанне, а дзе захацеў бы застацца ён сам, калі б была магчымасць павандраваць на машыне часу, Андрэй Пятрашка адказаў:
— Мусіць, у стагоддзі гэтак васемнаццатым, дзе было больш паняцця прыгажосці, гонару і справядлівасці.
Абсалютны рамантык… На жаль, ва ўсе часы тых, хто мог падзяліць радасць з іншым чалавекам, заўсёды было менш. Аб гэтым і пісаў дацкі казачнік. Але, магчыма, гадзіннікі раскрылі свайму гаспадару нейкую іншую праўду.
Выстава гадзіннікаў працуе ў Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу з 15.00 да 20.00 да 30 студзеня ўключна. Выхадныя дні — панядзелак і аўторак.
Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/934154488968