Вторник, 18 февраля 2025

Ямы ды выбоіны каля магазіна ў Хараве: ці вырашыцца пытанне

258

Пытанні рамонту дарог, добраўпарадкавання тэрыторый у месцах грамадскага карыстання на старонках «раёнкі» ўздымаліся не раз. Але як толькі ўзнікае чарговая праблема, з якой звычайныя грамадзяне не спраўляюцца, падключаюцца журналісты.

Праблема з разраду «доўгатэрміновых» узнікла на тэрыторыі каля крамы «Родны кут» у аг. Харава, прычым не дзесьці там на задворках, а на цэнтральнай вул. Леніна. Ямы і выбоіны ні прайсці ні праехаць, а калі дажджы пачынаюцца, дык і зусім да крамы не падабрацца.

Дзіўная справа, калі ў Год якасці такая няўвага да сельскіх жыхароў. Гэтыя пытанні павінны вырашаць мясцовыя ўлады. Па каментарый сітуацыі мы звярнуліся да старшыні Хараўскога сельвыканкама Алены Пстыга.

— На днях мне ўдалося пагаварыць са старшынёй праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Дзмітрыем Карпеем, каб сумесна вырашыць гэтую праблему. Усё ж такі крамы раёна знаходзяцца ў іх ведамстве, а тэрыторыя вакол — твар арганізацыі, і ён павінен быць прыгожым. Я разумею, што тэрыторыя адносіцца да земляў агульнага карыстання, а значыць, не належыць нікому. Любая крама — месца прыцягнення ўсіх жыхароў без выключэння, але гледзячы на гэтыя нязручнасці, і заходзіць туды не хочацца. Мы ж наводзім парадак на сваім участку не толькі за плотам, але і навокал, — падкрэсліла Алена Рыгораўна.

Літаральна на наступны дзень пасля нашай размовы з Аленай Рыгораўнай на «злашчаснае» месца прыехалі прадстаўнікі райспажыўтаварыства, і, як высветлілася, усё вырашальна.

Кіраўніцтва арганізацыі паабяцала ў найбліжэйшы час звярнуцца ў ДРБУ-140, каб правесці грэйдзіраванне з далейшай падсыпкай. Бо вельмі хочацца, каб на вуліцы Леніна ў невялікім аграгарадку, ідучы ў краму, жыхары не мясілі гразь, а з добрым настроем рабілі свае пакупкі. У вялікіх гарадах імем правадыра рэвалюцыі названы плошчы і праспекты, і там нават парушынку нідзе не ўбачыш, не тое, што ямкі. А што ў вёсцы, хіба іншыя людзі?

Ульяна Рысь

Фота аўтара