Воскресенье, 8 декабря 2024

Якія вітаміны патрэбны цяжарнай жанчыне? Расказвае акушэр-гінеколаг Галіна Пекач

723

— Раскажыце, калі ласка, якія вітаміны і мікраэлементы неабходна прымаць жанчыне падчас цяжарнасці. Ці заўсёды іх прыём абгрунтаваны?

Ірына.

На пытанне нашай падпісчыцы адказвае акушэр-гінеколаг санаторыя «Ружанскі» і Пружанскай ЦРБ Галіна Пекач.

— Цяжарнасць — гэта асаблівы час, калі неабходна думаць не толькі пра сябе, але і пра будучае дзіцятка, — кажа Галіна Юр’еўна. — Для нармальнага развіцця маленькага арганізма важным з’яўляецца адэкватнае спажыванне макра- і мікраэлементаў. Калі ў цэлым вы прытрымліваецеся рэкамендацый па здаровым харчаванні, то падчас цяжарнасці асаблівых змен у свой прывычны рацыён уносіць не трэба.

Якія вітаміны і мікраэлементы неабходна прымаць абавязкова падчас цяжарнасці незалежна ад якасці харчавання?

  1. Фоліевая кіслата

Іграе важную ролю ў развіцці органаў і сістэм эмбрыёна, асабліва — нервовай.

Рэкамендаваная дазіроўка — 400-800 мкг. Лепш выбіраць лекавы прэпарат, а не БАД.

Важна пачаць прымаць фоліевую кіслату загадзя — за 1-3 месяцы да меркаванага зачацця і на працягу першых 12 тыдняў цяжарнасці.

2. Ёд

Гэта субстрат для выпрацоўкі гармонаў шчытападобнай залозы, якія важныя для нармальнага росту і развіцця плода, у прыватнасці галаўнога мозгу, будучага інтэлекту дзіцяці.

Улічваючы паступленне ёду ў арганізм з ёдаванай соллю, морапрадуктамі, можна ў выглядзе дабаўкі прымаць «Ёдамарын» — 200-250 мкг. Выключэнне складаюць жанчыны з цірэатаксікозам (гэта паталагічны стан, пры якім у арганізме павялічваецца ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы). Прымаць ёд трэба на працягу ўсёй цяжарнасці і перыяду груднога выкормлівання.

Што можна прымаць дадаткова?

  1. Вітамін Д

Забяспечвае аптымальны ўзровень фосфару і кальцыю ў арганізме, удзельнічае ў функцыянаванні імуннай сістэмы.

Рэкамендаваная прафілактычная доза падчас цяжарнасці — да 2000 МЕ, лячэбная доза — да 4000 МЕ. Для карэкціравання дозы вітаміна Д лепш праверыць утрыманне яго ў арганізме. Зноў жа: выбірайце лекавы прэпарат, не БАД.

2. Амега-3 як крыніца поліненасычаных тлустых кіслот (EPA, DHEA)

Яны важныя для развіцця структур галаўнога мозгу ў плода і сятчаткі вока. Агульная доза амега-3 поліненасычаных тлустых кіслот — ад 500 мг да 1200 мг. Сутачную норму ў амега-3 кіслотах можна папоўніць, ужываючы 1-2 порцыі рыбы (фарэль, сёмга, скумбрыя) у тыдзень.

3. Кальцый

Важны для развіцця касцей будучага дзіцяці. Прэпараты кальцыю складана засвойваюцца падчас цяжарнасці, могуць нават выклікаць болі ў страўніку.

Сутачная доза кальцыю — 1000-1200 мг у дзень. Калі вы любіце малочныя прадукты і ўжываеце іх у дастатковай колькасці, прымаць прэпараты кальцыю вам не трэба! Да ведама: шклянка ёгурту змяшчае 400 мг кальцыю, 200 г тварагу — 240 мг кальцыю.

4. Магній

Іграе важную ролю ў абмене рэчываў, актывуе ферменты, пры яго недахопе назіраецца недахоп кальцыю.

Нязначны эфект магній аказвае пры лячэнні сутаргаў ніжніх канечнасцяў у цяжарных.

Дадатковы прыём магнію дапушчальны толькі ў выпадках галадання і нізкай вагі жанчыны.

5. Жалеза

Жалеза — важны складнік бялку гемаглабіну, які звязвае кісларод і прыносіць яго ва ўсе органы і сістэмы ў целе жанчыны, а таксама важны для росту і развіцця плода.

Жалеза трэба прымаць пры выяўленым яго дэфіцыце на падставе лабараторнай ацэнкі крыві. Пажадана вызначыць загадзя ўтоены дэфіцыт жалеза (узровень ферытыну). Гемаглабін як паказчык анеміі зніжаецца ў апошнюю чаргу.

Па міжнародных рэкамендацыях усім цяжарным раяць прымаць дабаўкі з жалезам у выглядзе лекавых прэпаратаў у аб’ёме 30 мг у суткі.

  1. Іншыя вітаміны і мікраэлементы: С, А, Е, група В…

У дастатковай колькасці ўтрымліваюцца ў прадуктах харчавання (асабліва ў летні час). Таму звычайна няма патрэбы прымаць іх дадаткова!

Сачыце за сваім здароўем, харчуйцеся правільна. Лёгкай вам цяжарнасці!

Падрыхтавала Вольга Басак