Кантрастнымі ў плане надвор’я атрымаліся мінулыя выхадныя. Калі субота была невыносна гарачай, то нядзеля падарыла жаданую прахалоду і чаканы дождж. А што зафіксавалі спецыялісты метэаралагічнай станцыі «Пружаны»? Гэтае пытанне мы задалі яе начальніку Марыне Несцяровіч.
Скажам адразу: тэмпературных рэкордаў на гэты раз не было. У той жа час ужо ў 10 гадзін раніцы ў суботу, 13 ліпеня, паветра прагрэлася да +28, а ў 11 гадзін — да 30 градусаў цяпла.
— Звычайна тэмпературны максімум прыпадае на прамежак часу з 15 да 18 гадзін. У дадзеным жа выпадку спякота ўсталявалася рэзка, яшчэ да апоўдня, і слупок тэрмометра толькі падымаўся ўверх. Максімальная тэмпература, якую мы зафіксавалі ў суботу ў цяні, склала +34,1 градусаў па Цэльсіі. У той жа час да 34 градусаў прагрэлася паветра ў Пружанах і ў мінулы чацвер. Адначасова вельмі высокай была тэмпература на паверхні глебы: 53 градусы — у пятніцу і 45 — у суботу, — расказала Марына Мікалаеўна.
Што тычыцца разгулу стыхіі, якая напрыканцы мінулага тыдня нарабіла бяды ў сталіцы, Мінскай і Гомельскай абласцях, то, па словах начальніка метэастанцыі «Пружаны», на Брэстчыне суботні навальнічны фронт у большай ступені закрануў Пінскі і Лунінецкі раёны.
На Пружаншчыне ж вецер у 15 м/с адзначаўся 11-12 ліпеня, а за нядзелю, 14 ліпеня, выпала 12 мм ападкаў. Варта дадаць, што паніжэнне тэмпературы з 34-х градусаў у суботу да 25-ці ў нядзелю, па словах Марыны Несцяровіч, з’яўляецца даволі рэзкім.
Калі казаць пра ліпеньскія рэкорды на Пружаншчыне, то ў другім летнім месяцы 1994-га мясцовая метэастанцыя зафіксавала +36 градусаў у цяні. Спякотным, па словах Марыны Несцяровіч, было лета ў нашай мясцовасці і ў 2014-2015 гадах.
Згодна з прагнозам Белгідрамету, тэмпература паветра на бягучым тыдні ў раёне будзе больш камфортнай.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік