Суббота, 14 декабря 2024

Якія рэгіёны больш за ўсё выклікаюць апасенне і што даручыў Лукашэнка. Дэталі прэзідэнцкага селектара

24

Правядзенне селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі — гэта перш за ўсё магчымасць узварухнуць вертыкаль і засяродзіць увагу на найбольш праблемных пытаннях. На праведзеным пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі мерапрыемстве было даложана аб выяўленых негатыўных фактах не толькі на цяперашні момант, але і ў цэлым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Якая вобласць больш за ўсё выклікае насцярожанасць?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

«Два рэгіёны, таварыш Прэзідэнт. Гэта Віцебшчына і Гомельшчына. На сённяшні дзень па шэрагу пазіцый выклікаюць у нас насцярожанасць. І па гатоўнасці па правядзенні работ, звязаных з уборкай ураджаю, і тое, што датычыцца (утрымання і забеспячэння захаванасці. — Заўвага БЕЛТА) буйной рагатай жывёлы. Тут у нас ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі, — сказаў генеральны пракурор. — Калі ў іншых рэгіёнах ёсць пэўныя станоўчыя тэндэнцыі, то на Віцебшчыне, на жаль, тэндэнцыю з падзяжом буйной рагатай жывёлы змяніць дагэтуль не ўдалося».

Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што да тэмы падяжу БРЖ яшчэ вернуцца на семінары, які плануецца правесці ў бліжэйшы час.

Ён адрасаваў прынцыповае пытанне адказнаму за Гомельскую вобласць кіраўніку спраў Прэзідэнта Юрыю Назараву: «Вы з Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама. — Заўвага БЕЛТА) узяліся за Гомельскую вобласць і клятвенна мяне запэўнівалі, што там будзе парадак і пра Гомельскую вобласць у негатыўным рэчышчы гаварыць не будзем. Я так разумею, вы там не бываеце?»

У адказ Юрый Назараў запэўніў, што сітуацыя стабілізавалася, у тым ліку па падзяжы жывёлы, хоць і няма значных поспехаў. «Мы літаральна нядаўна праводзілі там сумесную нараду з удзелам генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў на базе аднаго з раёнаў. Сказаць, што там крытычная сітуацыя, цяпер ужо нельга»,- адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу звярнуў увагу на яшчэ адно прынцыповае пытанне — своечасовасць выплаты заработнай платы. Хоць па вялікім рахунку сур’ёзных праблем тут няма, але нават адзінкавыя факты недапушчальны.

«Мне дакладваюць, што вы наогул спецыялістам там зарплату не плаціце. Я проста не помню гэту гаспадарку. Непасрэдна адтуль людзі дакладваюць, што там не плацяць зарплату. Як вы хочаце ўборкай займацца, калі вы людзям не плаціце зарплату!? — абазначыў праблемнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Трэба зняць з усіх артыкулаў грошы і заплаціць людзям за работу. Я не гавару, што вы павінны ў гаспадарцы, дзе сёння збіраюць 9 або 10 цэнтнераў збожжа з гектара, нешта плаціць там надзвычайнае. Што вырасцілі, тое няхай прададуць і жывуць за гэта. Яны ж цудоўна разумеюць: калі няма прадукцыі — няма грошай. Якая зарплата? Але там, дзе людзі працуюць і зарабілі, трэба заплаціць. Аблвыканкамы, райвыканкамы павінны ўвесь свой фонд накіраваць туды, калі не хапае грошай».

Юрый Назараў у сувязі з гэтым агучыў прапанову выдзеленыя на розных узроўнях грошы «не размазваць тонкім слоем», а максімальна канцэнтраваць у тых гаспадарках, дзе можна атрымаць хуткую аддачу.

Генеральны пракурор у сваім дакладзе ўказаў і на іншыя недахопы. Хоць негатоўнасць камбайнаў, паводле даных праверак, складала ў сярэднім 2,5 працэнта, па некаторых раёнах праблема мае больш сур’ёзны характар.

Прыпіскі, пытанні да захаванасці ўраджаю, прастоі і нясвоечасовы рамонт тэхнікі, ігнараванне норм пажарнай бяспекі, кадравыя пытанні — гэтыя і іншыя праблемныя аспекты агучваліся як генеральным пракурорам, так і старшынёй КДК Васілём Герасімавым.

Напрыклад, кіраўнік КДК звярнуў увагу на шматлікія факты, калі механізатары і іх памочнікі, якіх прыцягваюць з пабочных арганізацый, не прыбывалі да месца работы ў сельгасарганізацыях.

«А там ведаюць, хто не прыбыў? Спісы людзей, адкуль мы павінны іх узяць у сельгаспрадпрыемствы, яны ведаюць?» — спытаў Прэзідэнт.

«Безумоўна», — пацвердзіў Васіль Герасімаў.

«Дык вы разбярыцеся. Разбярыцеся разам з урадам, хто не выдзеліў гэтых людзей, чаму яны не прыбылі. Гэта ж галоўнае. Што за выканальніцкая дысцыпліна? Сёння мы ўсе гатовы ваяваць на мірным фронце, а людзі адмаўляюцца», — запатрабаваў беларускі лідар.

БЕЛТА