Чула інфармацыю, што цяпер кожная школа павінна мець сваю форму. Няўжо бацькам давядзецца поўнасцю мяняць гардэроб сваім школьнікам? Гэта ж дорага, ды і, на маю думку, немэтазгодна. У мяне чацвёра ўнукаў, якія вучацца ў розных школах, дык малодшыя могуць нешта данасіць за старэйшымі.
Марыя Пятроўна.
Супакоім бабулю: поўнасцю мяняць «экіпіроўку» пакуль не давядзецца. Але, сапраўды, з новага навучальнага года, падрыхтоўка да якога ўжо літаральна «кіпіць», у кожнай школе з’явіцца свой адметны элемент вучнёўскага адзення. Установы адукацыі нашага раёна ўжо вызначыліся, якімі менавіта будуць гэтыя аксесуары.
Да выбару вучням і бацькам адміністрацыі школ прапаноўвалі камізэлькі, эмблемы, значкі, гальштукі або камбінацыі некалькіх элементаў. Абмяркоўвалі таксама і колеравую гаму.
У выніку нямала ўстаноў адукацыі аддало перавагу значкам: на іх адлюстраваны назвы школ і эмблемы, у асобных выпадках – яшчэ і дэвізы. Напрыклад, на значку, які будзе адрозніваць вучняў Параслянскай школы, змешчана выява разгорнутай кнігі з надпісам: «Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага».
У некаторых школах у якасці адзінага элемента формы выбралі гальштукі — таксама з эмблемай установы адукацыі. Да слова, ліноўскія школьнікі будуць насіць чырвоныя гальштукі, а вось бардовы колер стане адметным для вучняў Шаняўской СШ.
Свае непаўторныя сінія гальштукі з эмблемай навучальнай установы ёсць і ў гімназістаў, праўда, у іх гэты характэрны знак з’явіўся яшчэ некалькі гадоў таму.
Грунтоўна падышлі да вырашэння пытання ў Ружанскай школе. Ужо першага верасня ўсіх вучняў гэтай установы адукацыі можна будзе ўбачыць у аднолькавых цёмна-сініх трыкатажных камізэльках з эмблемай школы.
Як расказаў дырэктар школы Аляксандр Юрэня, гэтыя новыя элементы формы для ружанскіх вучняў па спецыяльным заказе пашылі на Ваўкавыскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Напярэдадні адтуль прыязджалі ў школу швачкі, якія здымалі меркі з кожнага дзіцяці. Да слова, адна такая камізэлька абышлася бацькам прыкладна ў 40 рублёў.
Адметныя элементы школьнай формы (сама ж яна, зразумела, павінна быць вытрымана выключна ў дзелавым стылі) будуць указваць на прыналежнасць вучня да канкрэтнай школы. Важна і тое, што новаўвядзенне паспрыяе выхаванню ў вучняў пачуццяў адзінства і гонару за сваю ўстанову адукацыі.
Нагадаем таксама, што ўвядзенне адзінай школьнай формы ўсё ж плануецца — з 2023/2024 навучальнага года. Кожная ўстанова адукацыі будзе выбіраць яе для сябе асобна.
Падрыхтавалі Вольга Вадзяновіч, Вольга Басак