Сувязь паміж населенымі пунктамі, паміж роднымі людзьмі і партнёрамі па бізнесе. Магчымасць атрымаць хуткую ўрачэбную дапамогу, набыць паўсядзённыя тавары ў аўталаўцы або знайсці ў паштовай скрынцы свежую газету. Адзінства інтарэсаў, спраў, жаданняў і памкненняў падтрымліваюць дарогі мясцовага значэння.
На Пружаншчыне больш за дзве тысячы кіламетраў дарог, па якіх штодня ездзяць сотні аўтамабіляў. Гэта тэхніка мае розныя вагавыя характарыстыкі, нярэдка на дарожнае палатно аказваецца даволі сур’ёзная нагрузка. Дарожным арганізацыям раёна штогод хапае клопатаў па аднаўленні пакрыцця, паралельна яны вядуць будаўніцтва новых дарог, бягучыя рамонты з пераводам з катэгорыі гравійных у асфальтаваныя. Для ДРБУ-140 бягучы год у гэтым плане таксама не стаў выключэннем.
Як расказвае начальнік дарожнага ўпраўлення А.В.Субота, з пачатку гэтага года быў закончаны рамонт чатырох з паловай кіламетраў дарогі Ружаны-Лыскава, у выніку ўся траса, што звязвае аграгарадок з пасёлкам, «апранулася» ў асфальт. Капітальна адрамантавана гравійнае палатно пад’езду да вайсковай часці каля вёскі Ласасін, таксама там быў пераабсталяваны мост са шлюзам-рэгулятарам. Зараз заканчваецца аднаўленне амаль двух кіламетраў пад’езду да в.Аранчыцы, дзе адрамантавана асфальтавае пакрыццё, якое выклікала нямала нараканняў з боку тых, хто дабіраўся на працу на птушкафабрыку або наведваў месцы пахавання сваякоў на мясцовых могілках. Фінальныя работы вядуцца і на кальцавой развязцы гарадскіх вуліц Леніна, Шашэйнай і 8 Сакавіка.
Аднак 2021 год яшчэ не закончаны і, па словах Аляксандра Васільевіча, дарожнікам ДРБУ-140 хапае работы на бліжэйшыя месяцы. У планах рамонт цвёрдага пакрыцця дарогі да в.Ражковічы і пад’езду да аг.Кабылаўка, аднаўленне гравійнага палатна на іншых накірунках.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік