Четверг, 19 июня 2025

Якім быў год адыходзячы і якія спадзяванні на будучы, запыталіся ў жыхароў Лінова і Аранчыц

655

Час ляціць. Не верыцца, што літаральна праз тыдзень мы перагарнем старонку календара адыходзячага года і ўвойдзем у год новы. Між тым, 2020 прынёс многа праблем і турбот, хваляванняў і няўдач. Нядзіўна, што яго ўжо назвалі адным з самых цяжкіх у бягучым стагоддзі. А якім быў дваццаты для жыхароў Лінова і Аранчыц, і чаго чакаюць людзі ад года наступнага? Адказы ў нашым апытанні.

Таццяна Аляксееўна:


– Адыходзячы год быў не з лёгкіх. Ва многім гэта звязана з цяжкай хваробай, якую ён нам прынёс. Асабіста я пакуль не хварэла, але сын, які жыве ў Расіі, перанёс каранавірус у вельмі цяжкай форме, а дачка перанесла хваробу на нагах. Як бы складана ні было, трэба жыць. Самае галоўнае – гэта спакой на зямлі і хлеб на стале, а яшчэ – здароўе. Гэта разумею яшчэ і таму, што працую сацработніцай і дапамагаю старым людзям. Дарэчы, мне самой у наступным годзе споўніцца 70. Вельмі б хацелася сустрэць юбілей у спакоі і добрым настроі. Спа-дзяюся, што так і будзе.

Вера Мікалаеўна:


– Ад года 21-га чакаю паляпшэнняў. Хочацца, каб дзяржава знаходзіла магчымасць павышаць зарплаты і пенсіі. А яшчэ, каб людзі былі больш шчаслівыя. Нашы вяскоўцы вельмі працавітыя, але ад маладых даводзіцца чуць, што працоўнае месца знайсці даволі цяжка. Спадзяюся, што ў новым годзе гэтую праблему ўдасца вырашыць. Што тычыцца пытанняў, з якімі звяртаемся ў мясцовы сельвыканкам, то хацелася б, каб больш дапамагалі нам, пенсіянерам, у пакосе травы. Усім аднавяскоўцам жадаю моцнага здароўя і дабрабыту!

Валянцін Нікіфаравіч:


– Гэты год запомніцца як вельмі напружаны. Сам я — з Лінова, былы прапаршчык. Апошнім часам пачаў падводзіць зрок. Але сёлета ўрачы брэсцкай бальніцы дапамаглі вырашыць праблему: зрабілі добрую аперацыю, таму зараз чытаю без акуляраў нават самы дробны шрыфт. Жадаю ўсім, каб наступны год быў лепшы за гэты, каб людзі не хварэлі, каб у краіне быў спакой. Шчасця, здароўя і ўсяго найлепшага.

Дзмітрый Дзмітрыевіч:


– Самае галоўнае, каб людзі не хварэлі. А адыходзячы год у цэлым выдаўся для мяне нядрэнным. Падтрымліваюць пяцёра ўнукаў, адзін з іх – інжынер на мясцовай птушкафабрыцы, другі вучыцца ў Мінску, унучка працуе ў Баранавічах… Хачу, каб яны, як і ўсе людзі, былі шчаслівыя. А яшчэ – каб цэны ў магазінах не кусаліся!

Святлана Вячаславаўна:


– Якім быў год для мяне? Цяжкім і праблемным. Вельмі моцна перажывала за сябе і блізкіх. Хочацца, каб у новым годзе хвароб і нерваванняў было як мага менш. А радасці – як мага больш. Хачу, каб людзі былі дабрэйшымі, паважалі адзін аднаго і прыслухоўваліся да чужых меркаванняў, каб бачылі і знаходзілі ў кожным чалавеку нешта добрае і радаснае. Ведаеце, радасць і шчырасць — яны ўнутры чалавека, проста важна ўбачыць гэты маленькі агеньчык.
Апытанне правялі Уладзіслаў Шпарла і Сяргей Талашкевіч (фота).