Мінулы год для кожнага жыхара раёна быў, зразумела, розным. Камусьці ён запомніўся яркімі падзеямі, перамогамі, камусьці — сустрэчамі, хтосьці, магчыма, ажыццявіў мару ці стаў хаця б на крок бліжэй да яе. Запомніўся гэты год і карэспандэнтам «Раённых будняў».
Пагадзіцеся, што раённая газета, па сутнасці, — сучасны від летапісу. Пра самыя значныя навіны, поспехі і здарэнні мы расказваем як на яе старонках, так і на budni.by, у сацыяльных сетках і каналах у месенджарах. Надышоў час падвесці своеасаблівыя вынікі і расказаць пра тое, чым больш за ўсё цікавіліся наведвальнікі сайта і нашых груп у сацсетках ў 2022-м.
У мінулым годзе наведвальнікамі сайта budni.by сталі звыш за 85 тыс. чалавек. Больш за 80% аўдыторыі праглядае сайт са смартфона, а некаторыя карыстальнікі — увогуле з тэлевізара. І прагляды зафіксаваны не толькі з Беларусі і Расіі — гэтыя краіны займаюць першае і другое месцы. На трэцім — ЗША, чацвёртым — Ірландыя, пятым — Польшча. Заходзілі ў 2022-м на сайт нават жыхары Чылі, Гватэмалы, Экватарыяльнай Гвінеі — і гэта далёка не поўны спіс.
Самымі праглядаемымі па-ранейшаму з’яўляюцца старонкі з раскладам руху аўтобусаў і цягнікоў. Нагадаем, што знайсці іх можна, калі выбраць пункт «Расписание» ў блоку рубрык сайта. Што да журналісцкіх тэкстаў, то 2 тыс. праглядаў набраў матэрыял пра работніц Пружанскага малочнага камбіната, прымеркаваны да Міжнароднага дня жанчын, і віншаванне ў вершаванай форме.
Сярод матэрыялаў пра людзей таксама ёсць лідары: каля 1700 разоў праглядалі навіну пра ўдзел Сяргея Васілюка ў праграме «Привет, Андрей!», каля 1600 разоў — інтэрв’ю з загадчыцай аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі імя М. Засіма Аксанай Журык.
Самым папулярным матэрыялам на сельскагаспадарчую тэму стала паведамленне пра намалот першай тысячы тон у ААТ «Жураўлінае» і віншаванне з гэтай падзеяй працаўнікоў гаспадаркі (1600 праглядаў).
Сярод гістарычных матэрыялаў найбольшую цікавасць выклікаў нарыс да 80-годдзя знішчэння фашыстамі вёсак Мокраўскага сельсавета (1300 праглядаў).
Тытул «матэрыял года» «УКантакце» прысвойваем нарысу пра акушэра-гінеколага Ганну Севасцьянчук (244 лайкі). У «Аднакласніках» такім становіцца вышэйзгаданы анонс пра Сяргея Васілюка (188 «класаў»). На Facebook гэта матэрыял пра чорнаглянцаваную кераміку, які за апошнія дні года паспеў сабраць найбольшую колькасць рэакцый.
Ну, а самым папулярным відэа на YouTube-канале «Раённыя будні» стаў рэпартаж з выпускнога вечара ў гімназіі г. Пружаны (больш за 3 тыс. праглядаў).
Заставайцеся з намі і ў новым 2023-м годзе. Падпісвайцеся як на друкаваную версію «раёнкі», так і на электронныя рэсурсы, слухайце праграму «Региональные новости. Пружаны» на «Радыё Брэст» па серадах у 12.00 і будзьце ў курсе падзей свайго раёна.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла