Даччынае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства па капітальным будаўніцтве «УКС Пружанскага раёна» выконвае функцыі заказчыка, забудоўшчыка, аказвае інжынерныя паслугі ў галіне будаўніцтва аб’ектаў 1-4 класаў складанасці.
За гэтым азначэннем хаваецца велізарная і карпатлівая работа калектыву арганізацыі, які выступае ў якасці сапраўднага будаўнічага штаба з вырашэннем розных арганізацыйных пытанняў. Словам, задачай прадпрыемства з’яўляецца аказанне цэлага комплексу паслуг, пачынаючы ад пошуку фінансавання і заканчваючы праектаваннем. Каб будаўнічыя арганізацыі, якія бяруцца за падрад, дасканала ведалі свой фронт работы і разумелі, што па заканчэнні будуць узнагароджаны.
Як зазначае дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Мацявін, такі аб’ём работ выконвае усяго дзевяць чалавек.

— У нашы абавязкі, акрамя пералічанага, уваходзяць таксама кантроль якасці будаўніцтва, увод завершанага аб’екта ў эксплуатацыю, складанне справаздачнасці і многае іншае,— расказвае Аляксандр Анатольевіч.— І ў зоне адказнасці УКС Пружанскага раёна — будаўніцтва жылля і аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры, узвядзенне сацыяльна-культурных збудаванняў і вытворчых будынкаў.
Сярод найбольш значных аб’ектаў мінулага і першай паловы бягучага гадоў пералічу шматкватэрныя дамы па вуліцах Майскай і 8 Сакавіка ў райцэнтры, стварэнне інжынерна-транспартных камунікацый у гэтым новым мікрараёне, водазабор у г.Пружаны, а таксама рэстаўрацыя палацавага комплексу ў г.п.Ружаны.
У бліжэйшым будучым працягнем працаваць у мікрараёне вул. Майскай і 8 Сакавіка, раёне індывідуальнай забудовы «Паўночна-заходні» і на шэрагу іншых значных для раёна аб’ектах.
Трэба дадаць, што на дзейнасць арганізацыі ўвогуле не ўплывае змена сезонаў. Узімку, калі будаўнічы бум спадае, для нас пачынаюцца самыя гарачыя дзянькі, бо неабходна дасканала падрыхтавацца да чарговага сезона будаўнічых работ. Але з надыходам цяпла спраў не меншае, неабходна рыхтаваць будучыя будаўнічыя плацдармы.

— Мяркуючы па назве, упраўленне абмяжоўваецца толькі землямі Пружаншчыны?
— Першапачаткова арганізацыя стваралася менавіта для вырашэння мясцовых задач. Аднак час ставіць іншыя ўмовы, таму паступова асвойваем «прастору» іншых раёнаў вобласці. Напрыклад, нашы паслугі запатрабаваны ў Ганцавіцкім, Баранавіцкім, Маларыцкім, Бярозаўскім і Брэсцкім раёнах.
Безумоўна, хочацца, каб на Пружаншчыне мы больш працавалі, бо з кожным новым аб’ектам наш край становіцца прыгажэй, мацуецца эканамічнае становішча і развіваецца жыццё.

— Каб справіцца з настолькі сур’ёзнымі абавязкамі, работнікі ўпраўлення павінны мець адпаведную кваліфікацыю, вопыт работы. Ці могуць гэтым пахваліцца Вашы падначаленыя?
— У спецыялістаў ёсць вышэйшая адукацыя менавіта па той спецыяльнасці, якая неабходна для выканання ўскладзеных абавязкаў. Некаторыя супрацоўнікі ўвогуле маюць за плячыма не адну навучальную ўстанову. Больш таго, каб трапіць у штат упраўлення, таксама трэба мець вопыт лінейнай работы ў будаўнічай арганізацыі. Што тычыцца прафесійнага вопыту, то пераважная большасць нашых работнікаў мае стаж 20 гадоў і больш.
Зрэшты, адзначу, што ў нашым раёне няма некваліфікаваных будаўнікоў, кожная арганізацыя вызначаецца касцяком вопытных прафесіяналаў.
З нагоды Дня будаўніка віншую работнікаў упраўлення, калег з будаўнічых арганізацый раёна, а таксама ветэранаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, са святам. Зычу міра, дабра і шчасця. А таксама больш работы, якой пружанскія будаўнікі ніколі не баяліся.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік