Вторник, 21 января 2025

Якасць і тэмпы рэстаўрацыі палаца роду Сапегаў у Ружанах ацанілі ўдзельнікі выязной калегіі Міністэрства культуры

702

Маршрут выязной калегіі Міністэрства культуры па пытаннях захавання, уліку і ўвядзення ў гаспадарчы і турыстычны зварот аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны пралягаў праз Пружанскі раён.

Удзельнікі калегіі, у рабоце якой таксама прыняў удзел і старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, пабывалі 28 кастрычніка ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў. Тут адбылося знаёмства з гэтым унікальным гісторыка-культурным аб’ектам, ходам рэстаўрацыйных і аднаўленчых работ.

Спачатку гасцей урачыста сустракалі шляхціц і шляхцянка, якія нібыта сышлі са старонак гістарычных кніг. Яны віталі ўсіх і запрасілі прайсці далей. За параднымі варотамі нас чакалі Леў і Дарота Сапегі. Пасля ўрачыстай прамовы і ўручэння традыцыйнага каравая, які прыняў намеснік Міністра культуры Сяргей Саракач, запрасілі прайсці да частак палаца, дзе ў дадзены момант адбываецца рэстаўрацыя. З яе ходам прысутных азнаёмілі навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных работ Уладзімір Казакоў, дырэктар ДКУП ПКБ «УКБ Пружанскага раёна» Аляксандр Мацявін, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Затым адбылася экскурсія па музеі палаца.

Пасля гэтага Сяргей Саракач пракаментаваў работу калегіі:

— Удзельнікі калегіі на працягу двух дзён наведваюць помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Інспектуем выкананне графікаў будаўнічых і аднаўленчых работ, на якія выдзелены сродкі па дзяржпраграме, а таксама з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Што тычыцца Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў, то зараз тут на ўсходнім корпусе і на аркадзе выконваюцца работы, якія фінансуюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту. Для ўзнаўлення часткі аркады выдзелены сродкі з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў аб’ёме каля 990 тысяч рублёў. Асваенне фінансаў праходзіць згодна з графікам. Плануем да канца гэтага года завяршыць усе работы, забяспечыць эксплуатацыю дадзенай чаргі будаўніцтва.

Калі казаць пра перспектыву, то зараз распрацавана і прайшла экспертызу праектная дакументацыя па другой аркадзе і галоўным корпусе, якія плануецца закансерваваць. Гэта спыніць разбурэнне гістарычнага будынка, забяспечыць яго прыцягненне ў турыстычны абарот, павысіць цікавасць да яго турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа.

— Сяргей Аляксандравіч, перспектыва ўсяму гэтаму ёсць?

— Безумоўна, ёсць. З году ў год колькасць наведвальнікаў музея расце і стане яшчэ большай, калі мы скончым усе работы. Плануецца ў будучым выйсці на акупнасць, што забяспечыць пакрыццё выдаткаў бюджэту за кошт пазабюджэтнай дзейнасці.

Расказаў Сяргей Саракач і аб работах на іншых гістарычных аб’ектах нашай вобласці, аб прыцягненні інвестыцый у рэстаўрацыйныя работы.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/949644176520