Нядаўна я ездзіла ў в. Ясень і недалёка ад шашы, недзе паміж Мыльніскам і Акольнікам, убачыла помнік, на якім змагла выразна прачытаць словы «Ахвярам фашызму». Мне здаецца, з‘явіўся ён не так даўно. Цікава, хто і з якой нагоды яго ўстанавіў. Можа, рэдакцыя ведае?
Соф‘я.
Жыхар вёскі Ясень былы ляснічы Фёдар Саевіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар добрага дзясятка кніг. І ўсе яны – пра Белавежскую пушчу: не толькі яе звяроў і раслін, прыродныя багацці, але і жыццё людзей, традыцыі, нарэшце, гісторыю пушчанскіх вёсак. У адной са сваіх кніг Фёдар Канстанцінавіч узгадаў падзеі Вялікай Айчыннай вайны, калі на востраве сярод ляснога балота хаваліся ад фашыстаў яўрэі з Шарашэва. 30 чалавек, як расказвалі мясцовыя старажылы, былі расстраляны акупантамі падчас чарговай «зачысткі» мясцовасці ў 1942 годзе.
Прапанову аўтара ўвекавечыць памяць ахвяраў фашызму падтрымала кіраўніцтва Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». І ў 2014 годзе паблізу ад месца расстрэлу быў устаноўлены памятны знак. Дапамогу ў яго стварэнні і ўстаноўцы аказаў саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб‘яднанняў.
На граніце высечаны тэкст на трох мовах – беларускай, англійскай і іўрыце: «Ахвярам фашызму. У гэтай мясцовасці ў 1942 годзе былі па-зверску расстраляны 30 яўрэяў вёскі Шарашэва» (на жаль, у дажджлівае надвор‘е камень цямнее і прачытаць літары складана). Зверху – выява мяноры, рытуальнага сямісвечніка, распаўсюджаная эмблема яўрэйскай нацыянальнасці.