Пытанні, якія разглядаліся на чарговым пасяджэнні райвыканкама, некаму могуць падацца другаснымі, малаважнымі. Але, як сказаў у сваім уступным слове старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, няма другасных пытанняў, асабліва калі яны тычацца сацыяльнага сіроцтва, дзяцей-сірот пры жывых біялагічных бацьках.

Пытане «Аб сістэме ўзаемадзеяння дзяржаўных і грамадскіх структур па сацыяльнай падтрымцы сям’і і дзіцяці, якое аказалася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва» было агучана першым. З дакладам выступіў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Момлік.
Да абароны дзяцей падключылася дзяржава. Для гэтага былі выдадзены прававыя акты, такія як Закон Рэспублікі Беларусь ад 21 снежня 2005 года № 73-3 «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў», Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем’ях», пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2019 года № 22 «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы». Вось колькі за невялікі прамежак часу было прынята заканадаўчых актаў. Чаму так? Няўжо мы выраджаемся, што дзетак трэба абараняць ад дарослых? Неаднойчы прыйшлося задумвацца над гэтым пытаннем. Разважаючы, вывучаючы статыстыку ў іншых дзяржавах, прыйшоў да высновы, што ў кожнай краіне хапае сваіх алкаголікаў, дармаедаў, утрыманцаў розных катэгорый і марак. Проста наша дзяржава сацыяльна арыентаваная, клапоціцца не толькі аб састарэлых, але і будучым краіны, гарантуе кожнаму роўныя правы і абарону. У іншых сістэма абароны таксама працуе, але так дзіўна, што, нават, палохае. Калі дзяржорганы нешта западозрылі ў дачыненні да дзіцяці, то, не праводзячы расследавання, адразу забіраюць малых у іншыя сем’і. Ім абыякава — нанясе гэта душэўную траўму дзіцяці ці не. Аднак мяняць пол маленькім, якія яшчэ мала што ўсведамляюць, — гэта вітаецца.
Даволі доўга дзяржава міндальнічала з гора-бацькамі, але ўсяму ёсць межы. Словы, кінутыя мамай: «Забірайце, я яшчэ нараджу», — ужо не пракатваюць. Спадзявацца на бязбеднае існаванне, на так званыя дзіцячыя выплаты і пры гэтым не займацца сынамі і дачкамі, а ўсё прапіваць, не атрымаецца. Дзяцей забяруць у сацыяльны прытулак альбо ў прыёмную сям’ю, а бацькі, калі не адумаюцца, то пазбавяцца гэтага звання. Ім жа прыйдзецца працаваць, а грошы пералічваць на ўтрыманне дзяцей. І тут, мне здаецца, вельмі шмат дадзена ім правоў. Згодны, калі людзі імкнуцца выправіцца, бяруцца за розум і стараюцца ўсімі сіламі вярнуць сваіх сыноў і дачок у сям’ю. А калі не робяць спробы нават працаўладкавацца, тут падключаюцца «нянькі» ў выглядзе тых жа працадаўцаў, участковых інспектараў міліцыі, супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела па адукацыі і многія іншыя. «Гэта не мне далі 15 сутак, гэта нам далі 15 сутак», — так разважаў Федзя ў камедыі Леаніда Гайдая «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка». Выпівак трэба працаўладкаваць, адсочваць, каб працавалі, каб іх там не крыўдзілі. Многіх да месца працы падвозяць. Толькі старайся не быць даўжніком, выпраўляйся. Нягледзячы на такі клопат, гэтыя грамадзяне могуць дазволіць сабе прагульваць, маўляў, цяжка, ды і не па пану праца. Хто ж перашкаджаў у свой час набываць прафесію, кіравацца розумам, а не іншым? На гэта яны адказаваюць, маўляў, не кожнаму быць прафесарам… Аднойчы спытаў у даяркі, чаму ж п’е, прагульвае, не займаецца выхаваннем дзяцей? Яе адказ мяне ўразіў: «Мала грошай плацяць, таму і п’ю». Як вам? На другое пытанне: «Ці не спрабавала выконваць свае абавязкі лепей, бо многія з брыгады намнога больш зарабляюць, стараюцца, каб каровы былі дагледжанымі, каб малако даіць сортам экстра, каб прывесы былі ў групе жывёл?» — адказу не атрымаў. Алкагалізм невылечны. Не хачу гэтую з’яву хваробай называць. Кожны сам сабе гаспадар, кожны каваль свайго шчасця. Як добра сказаў герой твора Міхаіла Булгакава «Сабачае сэрца» прафесар Праабражэнскі: «Разруха не ў клазетах, а ў галавах». Трапна падмечана.
Пытанне, вынесенае на разгляд райвыканкама, было разгледжана. Даволі трапныя рэмаркі па ім даваў Міхаіл Грышкевіч. Развагі, прыведзеныя вышэй, у большасці ад Міхаіла Міхайлавіча. З імі нельга не пагадзіцца. Было прынята адпаведнае рашэнне, згодна якому дадзены даручэнні ўсім, пачынаючы ад кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, на якіх працуюць асобы, абавязаныя пакрываць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, да аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, нават рэдакцыі газеты «Раённыя будні» і «Пружаны ТВ». І гэта ўсё правільна. Магчыма, толькі разам зможам паўплываць на гора-бацькоў, якія толькі ўсміхаюцца, п’юць горкую, і ім абыякава, хто там што прымае. Ці не так?
На пасяджэнні было разгледжана яшчэ адно пытанне, якое тычыцца раённага турызму і патрабуе асобай увагі. З думкамі наконт гэтага падзелімся з вамі ў нумары газеты за суботу, 23 лістапада.
Віктар Ільюшчанка
