Што лепш за ўсё выкарыстоўваць, калі гаворка ідзе пра дзіцячую безнагляднасць? Зараз гэтая тэма гучыць даволі востра, паколькі сучасныя падлеткі становяцца дарослымі значна раней, чым здаецца іх бацькам. Ды і магчымасцяў чэрпаць любую інфармацыю, у тым ліку адмоўную, сёння нямала. Хаця…
Для моладзі створана мноства пляцовак, дзе яны могуць праявіць сябе, раскрыцца, самасцвердзіцца і ў далейшым стаць проста добрымі людзьмі.
Сур’ёзную занепакоенасць дзяржаўных органаў і грамадства ў цэлым выклікае рост колькасці сем’яў і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пагаршэнне фізічнага і псіхічнага здароўя непаўналетніх, сацыяльнае сіроцтва, безнагляднасць, і як вынік — падлеткавая злачыннасць.

Адразу хочацца спытаць: а дзе тыя, хто іх гадаваў і выхоўваў? Калі бацькі ёсць і дзіця расце ў сям’і, тады пытанні толькі да іх. Ну не могуць такія дзеці адносіцца да катэгорыі безнаглядных. Значыць, нешта было ўпушчана мамай і татам, прычым не адзін-два разы, а на працягу многіх гадоў. Толькі за студзень-верасень 2024 года на тэрыторыі раёна з удзелам непаўналетніх зарэгістравана 8 злачынстваў. Здаецца, чаго не хапае? Але, гледзячы на бацькоў, іх пастаянную «занятасць», пытанне застаецца адкрытым.
Даведачна: Па стане на 01.10.2024 г. у сацыяльна небяспечным становішчы ў Пружанскім раёне знаходзяцца 289 дзяцей са 122 сем’яў, адабрана па рашэнні камісіі па справах непаўналетніх 9 дзяцей у 10 бацькоў, знаход-зіцца на ўліку маючых патрэбу ў дзяржаўнай абароне 5 непаўналетніх з 4 сем’яў. Індывідуальная прафілактычная работа праводзіцца ў адносінах да 32 падлеткаў.
Нягледзячы на важкую работу, якая праводзіцца з непаўналетнімі, лічбы не суцяшальныя. Як толькі падлетак пачынае адчуваць сваю непатрэбнасць дома, у школе, вучылішчы, то адразу шукае, як гэты вакуум запоўніць. Тут жа з’яўляюцца сябры па няшчасці, прыдумваюцца новыя формы баўлення часу і, як правіла, яны носяць супрацьпраўны характар. Гэта не гаворыць пра тое, што прафілактычныя меры ўздзеяння трэба адмяніць. Наадварот, разам з інспекцыяй па справах непаўналетніх, з сацыяльна-педагагічным цэнтрам, іншымі структурамі неабходна як мага больш задзейнічаць падлеткаў у розных мерапрыемствах, даваць ім магчымасць быць патрэбнымі і значнымі для іншых, каб яны не адчувалі сябе ізгоямі, нягледзячы на ўласныя недахопы.
Ідэальнымі ўсе быць не могуць, а тым, хто па розных прычынах аказаўся ў сацыяльна небяспечным становішчы, безумоўна, патрэбна дапамога. Але застаюцца пытанні да той жа сям’і, у якой не былі створаны ўмовы для нармальнага развіцця дзіцяці. Нават маючы бацькоў побач, можна назаўжды страціць з імі сувязь, а потым — і з нормамі маралі грамадства. У першую чаргу трэба задумацца бацькам і самім стаць на шлях ісціны, пакуль ёсць магчымасць нешта выправіць.
Камісія па справах непаўналетніх робіць усё неабходнае, каб сітуацыя змянілася. Але адзін у полі не воін, і падтрымка бацькоў проста неабходная. Важнейшы напрамак работы камісіі — супрацоўніцтва з установамі адукацыі, культуры і спорту, аховы здароўя, сацыяльнымі службамі і праваахоўнымі органамі. Гэта дае магчымасць больш эфектыўна выяўляць і вырашаць праблемы, звязаныя з непаўналетнімі.
Даведачна: Штогод у раёне з мэтай арганізацыі вольнага часу і здароўезберагальнага адпачынку дзяцей і падлеткаў у свабодны ад вучобы час прыняты дадатковыя меры па павышэнні ўзроўню іх бяспекі, недапушчэння ўчынення злачынстваў і правапарушэнняў. КСН на пастаяннай аснове праводзіць прафілактычныя акцыі «Клопат» і «Карысныя канікулы».
У верасні 2024 года на тэрыторыі раёна праведзены комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы, у рамках якіх арганізаваны відэастрымы з установамі адукацыі закрытага тыпу, сустрэчы з прадстаўнікамі папраўчых устаноў, а таксама асобамі, асуджанымі за ўчыненне злачынства. Вельмі важна, каб падлеткі з першых вуснаў даведаліся пра тое, чаго рабіць не трэба і як потым доўга даводзіцца за гэта расплачвацца. Такое кантактнае ўздзеянне на непаўналетніх у далейшым станоўча ўплывае на іх паводзіны і прыняцце важных рашэнняў.
Мы не раз адзначалі, што вялікае ўздзеянне на дзяцей аказваюць сацыяльныя сеткі. Таму размяшчэнне прафілактычнага матэрыялу ў бацькоўскіх і любімых падлеткамі чатах таксама аказвае ўплыў на іх светапогляд. А яшчэ сёлета праведзена мноства сустрэч і кансультацый з бацькамі, накіраваных на паляпшэнне сямейнага становішча і прадухіленне росту канфліктаў. Штотыдзень па чацвяргах КСН праводзіць акцыю «Сям’я без насілля», у рамках якой арганізавана наведванне сем’яў, якія маюць унутраныя канфлікты, а таксама сем’яў іншых катэгорый уліку.

Трэба падкрэсліць, што з непаўналетнімі таксама праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа праз арганізацыю летняй працоўнай занятасці: вучні працавалі ў студэнцкіх атрадах, працоўных брыгадах, працаўладкоўваліся на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца тэматычныя гутаркі, гульні, віртуальныя і вочныя экскурсіі на прадпрыемствы горада, краіны ў цэлым.
Даведачна: За 9 месяцаў 2024 года было працаўладкавана ў вольны ад вучобы час 406 непаўналетніх, у тым ліку 30, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і 25 прызнаных ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Як бачым, супрацьдзеянню безнагляднасці і, як вынік, падлеткавай злачыннасці ў раёне надаецца вялікая ўвага. Хочацца выказаць падзяку тым людзям, якія ў сілу сваёй прафесіі кожны дзень сутыкаюцца з цяжкасцямі падлеткаў і ўсімі сіламі дапамагаюць ім знайсці сваё месца пад сонцам. Застаецца справа за малым — не забываць бацькам пра свой удзел у лёсе дзяцей, праводзіць з імі як мага больш часу, быць добрым прыкладам, падтрымкай і апорай. Тады і лічбы статыстыкі будуць значна ніжэйшыя або ўвогуле знікнуць.
Дык што ж патрэбна, каб дзіця вырасла годным чалавекам — пуга ці пернік, ці проста ўважлівае добрае стаўленне? Кожны вырашае сам, галоўнае, каб вынік быў станоўчым.
Ірына Велясевіч
Фота Кацярыны Масік