Штогод у разгар кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць акцёры і паэты, пісьменнікі і мастакі, музыканты, работнікі музеяў і выставачных залаў, бібліятэкары, кіраўнікі творчых калектываў. Напярэдадні свята мы зазірнулі ў Ліноўскі Дом культуры, каб бліжэй пазнаёміцца з людзьмі мастацтва і хоць на імгненне дакрануцца да высокага, добрага, светлага…
Ліноўскі сельскі Дом культуры пачаў сваю дзейнасць у 1947 годзе ў асобным будынку па вуліцы Вакзальнай. У 1991-м пераехаў у новы вялікі і прасторны будынак на вуліцы Паркавай, дзе знаходзіцца і зараз.
У Ліноўскім сельскім Доме культуры дзейнічаюць творчыя калектывы рознай жанравай накіраванасці: народны фальклорны гурт «Бабіна лета», народны струнны ансамбль «АRCHI», клуб аматараў вакальна-эстрадных спеваў «Мара», клуб аматараў песні «Сузор’е», клуб аматараў гумару «Свая гульня», танцавальны калектыў «Нічога лішняга», гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Валошкі».
— Кожны напрамак па-свойму прывабны, і ў мясцовых жыхароў ёсць выдатная магчымасць выбраць занятак па інтарэсах. Сёння на заняткі да нас прыходзяць людзі ад малога да вялікага, і мы з задавальненнем прымаем усіх жадаючых. Напрыклад, у гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Валошкі» займаюцца дзеці 7-10 гадоў, лепяць з пластыліну, робяць вырабы з паперы, асвоілі новую тэхніку — роспіс па шкле. А самы дарослы калектыў — гэта народны фальклорны гурт «Бабіна лета», якому сёлета споўнілася 35 гадоў з дня заснавання, удзельнікам якога больш за 70. Работа ўсіх накірункаў пастаўлена на належным узроўні, аб чым сведчаць перамогі на розных конкурсах і фестывалях. Нас запрашаюць на гарадскія, раённыя, абласныя мерапрыемствы, мы з задавальненнем прадстаўляем нашы калектывы і дзелімся вопытам з іншымі, — гаворыць загадчыца Ліноўскага сельскага Дома культуры Марына Вяржбіцкая.

Чым сёння займаецца знакаміты калектыў «Бабіна лета», да чаго рыхтуецца і якія будуе планы, пра гэта і іншае мы пагаварылі з кіраўніком фальклорнай групы Кацярынай Ідрысавай.
— Я прыйшла ў групу амаль пяць гадоў таму, паколькі народны жанр мне блізкі па духу. Усё жыццё я працавала рэгентам Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Аранчыцы, потым прапанавалі стаць кіраўніком «Бабінага лета» па сумяшчальніцтве, і я пагадзілася. Мая мама спявала ў царкоўным хоры 65 гадоў, я заўсёды была побач, і маім духоўным настаўнікам заўсёды была песня. Пасля заканчэння Мінскага духоўнага вучылішча пайшла па маміным шляху і не памылілася. Праца з людзьмі «залатога ўзросту» дае сілы і жаданне рухацца далей. Гледзячы на іх гумар, запал, хочацца рабіць яшчэ больш і яшчэ лепш, — падкрэслівае Кацярына Іванаўна.
Калектыў вядомы не толькі ў Пружанскім раёне, але і па ўсёй Беларусі. Перамогі, гран-пры, дыпломы 1 ступені ў розных конкурсах і фестывалях, такіх як абласное свята фальклорнага мастацтва «З крыніцаў спрадвечных», рэгіянальнае свята-конкурс вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле», гавораць самі за сябе. Разнастайны рэпертуар, глыбокае разуменне песеннага матэрыялу, адпаведныя касцюмы надаюць калектыву асаблівую прывабнасць. Удзельнікі гурта папулярызуюць не толькі народную песню, але і аўтэнтычны фальклор, каляндарна-абрадавыя традыцыі.
Першым кіраўніком калектыву на працягу 30 гадоў была Таццяна Піліпаўна Пушко, якой зусім хутка споўніцца 90 гадоў. Усю сваю адданасць і любоў да народнай песні яна перадала Кацярыне Іванаўне, якая з гонарам працягвае яе вялікую справу. Цяпер у групе насычаны рэпетыцыйны перыяд, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да навагодняга цыкла абрадавых мерапрыемстваў, а таксама пацвярджэнне звання «народны».

У будынку Дома культуры знаходзіцца «Ліноўская дзіцячая школа мастацтваў», якой сёлета споўнілася 33 гады. Каля вытокаў заснавання школы стаяў Аляксандр Васільевіч Пракопчык, які і зараз узначальвае адукацыйную ўстанову і з’яўляецца нязменным кіраўніком ансамбля гарманістаў «Ліноўскія музыкі». Любоў да музыкі ў будучага музыканта праявілася з ранняга дзяцінства, калі на сямігоддзе мама падарыла гармонік, — з тых часоў Аляксандр з ім не расставаўся. Шарашоўскую музычную школу скончыў па класе баяна, паколькі граць на гармоніку тады не вучылі, затым з адзнакай Брэсцкае музычнае вучылішча. Пасля службы ў арміі на Далёкім Усходзе вярнуўся ў родны раён і ўсё жыццё прысвяціў любімай справе.
Цяпер у школе мастацтваў працуе 10 педагогаў, навучанне вядзецца па 7 спецыяльнасцях: фартэпіяна, баян, акардэон, домра, труба, флейта, харэаграфія. Усяго займаюцца 93 навучэнцы — гэта самы высокі паказчык за апошнія гады. У цяперашні час дзейнічае 8 творчых калектываў: дзіцячы духавы аркестр, ансамбль трубачоў, вакальны ансамбль «Ліновачка», ансамбль гарманістаў «Ліноўскія музыкі», ансамбль дамрыстаў «Трэба ж», інструментальны ансамбль «Радужные нотки» і ансамбль «Завіруха».
— Дзякуючы намаганням педагогаў і таленту нашых дзетак у 2024 годзе творчыя калектывы і асобныя выканаўцы 8 разоў станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі абласных і рэгіянальных фестываляў-конкурсаў, 13 разоў на рэспубліканскіх і столькі ж разоў на міжнародных фестывалях-конкурсах , такіх як «Папараць-кветка» (г. Мінск), міжнародны шматжанравы «Міленіум» (г. Брэст), міжнародны фестываль мастацтваў «Новыя вяршыні» (г. Мінск), міжнародны конкурс выканальніцкіх відаў мастацтваў «Сябры-2024» (г. Мінск), — з гонарам кажа Аляксандр Васільевіч.

Пачынаючы з першага выпуску, які адбыўся ў 1996 годзе, 340 выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб дадатковай адукацыі. 23 выпускнікі абралі мастацтва сваёй прафесіяй і працягнулі навучанне ў вышэйшых навучальных установах. Трое выпускнікоў у розныя гады працавалі настаўнікамі ў роднай школе. Чацвёрты год працягвае працаваць настаўнікам па класе харэаграфіі былая выпускніца школы Шчарбанёва Наталля Барысаўна. Гэта вельмі прыемна, калі былыя вучні вяртаюцца ў родную альма-матэр.
Педагогі і навучэнцы школы вядуць актыўную канцэртную дзейнасць. У школе створана добразычлівая творчая атмасфера, у якой кожны вучань, незалежна ад ступені адоранасці, можа раскрыць свой патэнцыял. Тут рады кожнаму жадаючаму, педагогі гатовы ўкласці ў іх развіццё ўсё сваё майстэрства і любоў.

Пры Доме культуры таксама адкрыты філіял раённай цэнтральнай бібліятэкі «Ліноўская сельская бібліятэка». Як расказала загадчыца Алена Антончык, іх філіял карыстаецца попытам у мясцовых жыхароў, паколькі штомесяц кніжны фонд папаўняецца цікавымі навінкамі розных жанраў. Бібліятэкары імкнуцца ўлічваць пажаданні ўсіх чытачоў і заказваюць кнігі на любы ўзрост і густ.
Каля двух гадоў таму ў сістэму прыйшла працаваць Марына Жалнярчук, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая зараз увесь свой педагагічны вопыт укладвае ў новую справу.
— Штомесяц мы рыхтуем тэматычныя выставы, падбіраем цікавую літаратуру, каб чытачы звярнулі ўвагу і зацікавіліся вызначанай тэмай. Таксама праводзім мерапрыемствы як для дарослых, так і для дзяцей. Для малых — у выглядзе гульнявых праграм, а для старшакласнікаў — інтэлектуальныя віктарыны. Канешне, нам дапамагаюць творчыя калектывы нашага Дома культуры. Мы працуем у адной звязцы, пішам сцэнарый, рыхтуем конкурсныя заданні, а мясцовыя артысты ўжо ўносяць іскрынку, ажыўляюць нашы праекты, тым самым прывабліваюць чытачоў і далучаюць да высокага мастацтва. Для людзей «залатога ўзросту» па іх просьбах праводзім вечарыны праваслаўнай накіраванасці. Яны з задавальненнем прыходзяць паслухаць песні ў выкананні айца Аляксандра, настаяцеля Крыжаўзвіжанскай царквы в. Аранчыцы і яго вакальнай групы «Благавест», — распавядае Марына Сяргееўна.
Ліноўскі Дом культуры — гэта спалучэнне духоўнасці, маральнасці, музычнай тэорыі і практыкі, дзе кожны знаходзіць занятак па інтарэсах і сваім жаданні. Яго дзверы адчынены для кожнага, хто жадае праявіць сябе, адкрыць новыя грані і магчымасці свайго таленту. За дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Пружанскага раёна Ліноўскі сельскі Дом культуры быў занесены на Дошку гонару.
Дарагія сябры, паважаныя людзі мастацтва! Шчыра віншуем вас з прафесійным святам. Жадаем здароўя, невычэрпнай энергіі, прыгажосці і гармоніі. Вы ствараеце для нас маляўнічы свет эмоцый і пачуццяў. Жадаем з кожным днём адкрываць перад слухачамі і гледачамі карціну рамантыкі і чараўніцтва. Жадаем вам новых ідэй, дасягненняў намечаных планаў і зараду бадзёрасці для іх выканання. Няхай муза заўсёды будзе побач з вамі вернай спадарожніцай і сапраўдным сябрам!
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік