Ніколі раней не задумвалася пра тое, як трэба паводзіць сябе ў выпадку, калі раптам… пакусае сабака. Самой нядаўна давялося трапіць у небяспечную сітуацыю, ды, на шчасце, пашанцавала абхітрыць жывёлу. А калі б сітуацыя разгарнулася не на маю карысць? Цалкам верагодна, што той агрэсіўны сабака мог быць шалёным. Як жа засцерагчы сябе, сваіх блізкіх і хатніх гадаванцаў ад шаленства?
На пытанне адказвае ўрач-эпідэміёлаг РЦГіЭ Анастасія Браніцкая:
— Шаленства — адно з самых небяспечных вірусных інфекцыйных захворванняў, агульнае для чалавека і жывёлы, якое пашкоджвае нервовую сістэму. Заражэнне адбываецца праз сліну, прычым не толькі пры ўкусах. Сярод характэрных сімптомаў — святла- і вадабоязь, цяжкасць глытання, змяненні ў паводзінах, сутаргі.
На сённяшні дзень захворванне на 100% з’яўляецца смяротным, лекаў ад яго не існуе.
Адзіны сродак супраць шаленства — прафілактыка
- Старайцеся пазбягаць кантактаў з безнагляднымі жывёламі, абавязкова сачыце за дзецьмі на прагулцы: яны больш часта становяцца ахвярамі ўкусаў і асліненняў, пра што звычайна нават не паведамляюць дарослым.
- Не правакуйце жывёл (у тым ліку вашых асабістых) на агрэсію. Будзьце асцярожныя на прыродзе.
- Хатніх гадаванцаў вакцынуйце супраць шаленства штогод, пачынаючы з трохмесячнага ўзросту.
- Калі ахвярай пакусаў стала ваша хатняя жывёла, трэба ізаляваць яе (кантакт, калі яна акажацца заражанай бешанствам, смяротна небяспечны!) і выклікаць ветурача. На працягу 10 дзён неабходна назіраць за жывёлай. Пры праяўленні сімптомаў шаленства гадаванца давядзецца ўсыпляць. Выратаваць, на жаль, не магчыма!
А што рабіць чалавеку пры ўкусе або асліненні жывёлай?
Найперш — старанна прамыць пашкоджаны ўчастак цела вадой з мылам (не менш за 20 мінут), апрацваць ёдам краі раны, накласці павязку і як мага хутчэй звярнуцца да хірурга або ў прыёмнае аддзяленне райбальніцы. Вам будзе назначана бясплатнае прафілактычнае лячэнне антырабічнай вакцынай. Дзеля сваёй бяспекі ніколі не адмаўляйцеся ад яе! Калі праявяцца сімптомы, аказваць дапамогу будзе ўжо позна.
Дарэчы, штогод праводзіцца планавая прафілактычная вакцынацыя людзей з высокай рызыкай інфіцыравання: ветэрынарных работнікаў, паляўнічых, леснікоў — яны маюць пастаянны кантакт з жывёламі з невядомым па шаленстве статусам.
Вольга Басак